Аляксандра Слуцкая: «Я ведаю, што хутка змагу абняць маму»

«Калі мама выйдзе на волю, я прывязу яе дахаты. Сяду на падлогу каля яе, абдыму за ногі, і буду так сядзець доўга-доўга. І нікуды не адпушчу. Нават, калі яна захоча кудысьці пайсці, я буду моцна трымаць яе. Як у дзяцінстве», — кажа Аляксандра Слуцкая, дачка кіраўніцы «Прэс-клуба» Юліі Слуцкай.

aljaksandra_sluckaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas13_logo.jpg

Мы сустрэліся з Сашай паміж яе паездкамі ў СІЗА, да адвакатаў, зборам перадач, паходамі на пошту і яшчэ безліччу розных спраў, якія цяпер сталі для яе амаль руцінай. Усе яе высілкі скіраваныя на тое, каб зрабіць усё магчымае для мамы і брата, якія ўжо больш за два месяцы знаходзяцца ў СІЗА №1.
— Майго мінулага жыцця больш няма, майго жыцця больш няма… — Саша не жаліцца, яна проста спрабуе пераказаць тое, што зараз з ёй адбываецца. — Мы нібыта памяняліся з мамай месцамі. Цяпер я — мама для яе. Гэта вельмі дзіўнае адчуванне. Так сталася, што я вырашаю, што мама будзе есці, ува што апранацца, што чытаць, нават чым будзе мыць галаву і чысціць зубы. Я сустракаюся з яе сябрамі… Трэба сказаць, што мне гэта падабаецца, мне так лягчэй. Значна горш на выхадных, калі няма ўсіх гэтых спраў і калі не прыходзіць пошта.

izobrazenie_viber_2021_03_01_16_07_01.jpg

Паўсядзённыя справы не даюць мне засмучацца. Я цэлымі днямі нечым занятая. То сустракаюся з адвакатам, то выбіраю рэчы для мамы, то абдумваю, што ёй сабраць на перадачу. Пры любым выпадку праходжу каля Валадаркі, каб хоць так быць бліжэй да мамы. Для мяне гэта своеасаблівая тэрапія.
А яшчэ я ёй пішу. Пішу кожны дзень. Апісваю ўсё, што адбываецца. Пытаюся маміных парад. Мы з мамай дамовіліся, што а 10-й вечара будзем у думках размаўляць. І цяпер кожны вечар размаўляем. У думках яна прыходзіць да мяне ў госці, я прыходжу да яе. Мы разам гуляем. Абмяркоўваем прачытанае. Я, дарэчы, адмыслова пытаюся ў мамы ў лістах, што яна зараз чытае, каб чытаць тое ж і мець магчымасць гэта абмяркоўваць. Так што я кожны вечар разам з мамай, мы перашэптваемся, пляткарым, дзелімся сакрэтамі, як і раней, нібыта няма паміж намі кратаў…
Мама нарадзіла мяне ў 19 гадоў. Я заўсёды хвалілася сваёй маладой мамай. І мы ўвесь час былі з ёй сяброўкамі. Але, разам з тым, мама для мяне — аўтарытэт, я хацела вырасці і быць падобнай да яе. Спадзяюся, што хоць у нечым я сапраўды падобная да мамы. Самым страшным у дзяцінстве было ўбачыць у маміных вачах расчараванне. Яна ніколі не сварылася, ніколі не наракала.

З мамай — найлепшыя сяброўкі

З мамай — найлепшыя сяброўкі

У мяне вельмі шмат самых цёплых успамінаў з дзяцінства. У самыя цяжкія часы (а маё дзяцінства прыйшлося на 90-я) мама старалася зрабіць так, каб у нас было ўсё. Я памятаю мой ружовы штроксавы камбінезон, які мама сама мне пашыла. Мама, якая дагэтуль нават не ўяўляла, як гэта зрабіць. А яна пашыла, і я памятаю, як ён мне падабаўся. Памятаю, як на апошнія грошы мы паехалі адпачываць у Балгарыю — і мама рабіла ўсё, каб мы запомнілі гэты адпачынак.

З мамай і братам Пятром

З мамай і братам Пятром

Памятаю, як, калі мне было каля 4 гадоў, мы гулялі ў парку і знайшлі параненае ваверчаня. Мы яго забралі дахаты, выхадзілі і выкармілі…

toe_samae_vyratavanae_vaverczanja_novy_czas.jpg

Тое самае выратаванае ваверчаня
У мяне самая лепшая мама ў свеце. І мама ведае, што я яе вельмі люблю. А я ведаю, што хутка змагу яе абняць. Яе і майго Пецю, самага лепшага брата. Я цяпер сню шмат каляровых сноў, такіх яркіх і дзіўных. У іх мы разам, пасля яе вызвалення, у розных месцах, у нейкім не вельмі добрым савецкім санаторыі, яшчэ недзе. Але мы разам. І я чую, як мама чхае. Ведаеце, у маёй мамы проста фірмовае чханне. Яна ніколі не чхае адзін раз, заўсёды не менш за тры. І вось у сне я чую: чых-чых-чых-чых-чых. Пяць разоў! І раптам бачу нашы сцягі… Вось такія сны.

aljaksandra_sluckaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas1_logo.jpg


Вы ж ведаеце, што маму затрымалі, калі мы вярталіся з адпачынку ў Егіпце. Мы былі там разам з маімі дзецьмі Арсенем і Алісай. На дзіва, я змагла як ніколі пабыць побач з мамай, дзеці збольшага нам не перашкаджалі, займаліся сабой самі. Мы шмат гулялі, размаўлялі, я, як у дзяцінстве, залазіла пад коўдру да мамы. Нагаварыліся пра ўсё-ўсё. Я вельмі падзарадзілася гэтым адпачынкам. Спадзяюся, і мама таксама.

aljaksandra_sluckaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas3_logo.jpg

Дарэчы, у Егіпце мы забыліся зайку, якога калісьці Алісе падарыла мама. Аліса вельмі перажывала. Такіх у нас няма, мама прывезла яго з замежжа. Я напісала пра гэта ў сацсетках. І, на дзіва, праз нейкі час нам прывезлі такога ж зайку. Але самае дзіўнае, што на наступны дзень прыйшоў ліст ад мамы, у якім яна напісала для Алісы казку пра Зайку, які згубіўся, але праз усе выпрабаванні зноў вярнуўся да сваёй гаспадыні.

aljaksandra_sluckaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas12_logo.jpg


Так і мама мая хутка да мяне вернецца. І брацік мой. Я гэта дакладна ведаю. Але пакуль гэта не здарылася, я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць. А яшчэ я не разбіраю ялінку. Яны вернуцца — і мы ўсе разам адзначым Новы год.

aljaksandra_sluckaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas10_logo.jpg


Я, канешне, перажываю за яе здароўе. Але яна ў мяне моцная, з жалезным стрыжнем унутры. А яшчэ вельмі таленавітая, добрая, адданая, найлепшы ў свеце чалавек.

aljaksandra_sluckaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas6_logo.jpg

Мама пісала, што ёй вельмі не хапае позірку ў далечыню, птушыных спеваў, сонца, гукаў і пахаў. А ў мяне зараз яе шалік, я прытуляю яго да твару і дыхаю-дыхаю, у яго мамін водар. У мяне засталася маміна касметыка, яе парфума (гэта было ў маёй валізцы ў аэрапорце). І зараз я імі карыстаюся, каб падыхаць маміным водарам. Канешне ж, я сумую, але я ведаю, што ўсё будзе добра.
Я спадзявалася, што маме зменяць меру стрымання. Гэтага не здарылася, але гэта не значыць што цяпер я буду ў роспачы. Не, гэта толькі надало мне новага імпульсу. І тое, што цяпер адбываецца, — вельмі цяжкі, але такі важны і, на жаль, неабходны этап да нечага новага і прыгожага. Штуршок, каб падняцца наверх. Я дакладна ведаю. Таму зараз сціскаем зубы і змагаемся. І дакладна ведаем, што наперадзе — вялікае шчасце.

aljaksandra_sluckaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas2_logo.jpg

Я ведаю, што мама амаль не атрымлівае лістоў, хоць сотні людзей ёй пішуць. А яшчэ больш людзей змагаюцца за яе і за ўсіх, хто сёння за кратамі. Проста зараз рэкі здаюцца непераадольнымі, а горы непраходнымі. Але гэта толькі здаецца. У дзяцінстве мама мне расказвала прыпавесць пра дзвюх жабак, якія трапілі ў збанок са смятанкай. Сітуацыя здавалася бязвыхаднай, і адна перастала боўтацца і патанула. А другая ўзбіла масла і выскачыла. Мама навучыла мяне быць другой жабкай.

aljaksandra_sluckaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas11_logo.jpg


У мяне з мамай заўсёды была вельмі моцная ментальная сувязь, а цяпер мне наогул здаецца, што мы з ёй адно цэлае. І зараз мне хочацца ёй сказаць: «Калі ласка, не падай духам! Калі я буду гэта ведаць — я ўсё змагу. Вельмі-вельмі цябе люблю і ганаруся тым, што я твая дачка. Ганаруся да мурашоў па целе. Мы разам, мы побач. За намі праўда. А ў праўды такая аграмадная сіла, што яна ўсё зможа перамагчы».
* * * Я размаўляла з Сашай і спрабавала ўявіць, як адчувала б сябе на яе месцы мая дачка. Што б дасылала я ў лістах свайму ўнуку. Магчыма, таксама казкі і малюнкі. Сёння за кратамі сотні і сотні мам і татаў, жонак і мужоў, бабуль і дзядуляў, сыноў, дачок, унукаў. Тых, хто меў гонар выйсці на абарону вольнай і незалежнай Беларусі. Лепшых людзей нашай краіны. Мы пакуль на волі, а таму павінны цяпер зрабіць усё, каб яны як мага хутчэй змаглі ўбачыць сваіх родных.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева і з асабістага архіва Аляксандры Слуцкай