Дзякуй, што дасюль з намі!

Тры гады таму, 12 верасня 2015-га, не стала нашага Караля. Нашага сябра, паплечніка, галоўнага рэдактара. Былі боль, адчай, невыноснасць страты. Не было роспачы і разгубленасці. Было яснае ўсведамленне — яго няма, але газета павінна жыць.

41656760_324243408329256_523384010315923456_n.jpg


«Ён умеў ствараць каманду, ён стварыў каманду, і таму газета будзе выходзіць, наколькі нас толькі хопіць», — сказаў тады ў каментары «Радыё Свабода» Сяргей Пульша.
І газета выходзіла ўсе гэтыя тры гады, без яго і разам з ім. Мы адчувалі яго прысутнасць у нашых сэрцах і нашых тэкстах. Мы ў думках раіліся з ім і адчувалі яго падтрымку. Газета была справай яго жыцця, і, спадзяемся, у нас атрымалася годна працягнуць яго справу. Дзякуй нашаму Каралю за тое, што навучыў ісці наперад, рабіць сваю справу нягледзячы на ўсе перашкоды. Дзякуй, што дасюль з намі!
На жаль, у жыцця свае законы. За гэты час нас пакінула шмат цудоўных аўтараў. Нам іх не хапае, не хапае іх і чытачам. Выдатных музычных рэцэнзій Анатоля Мяльгуя, незабыўных найкаштоўных успамінаў Арсеня Ліса, грунтоўных гістарычных нарысаў Анатоля Валахановіча, цудоўных жыццёвых замалёвак Генадзя Шэршаня, узважанай аналітыкі Юрыя Хадыкі, найцікавых мастацтвазнаўчых артыкулаў Сяргея Гваздзёва. Гэтых аўтараў ужо няма з намі, але іх тэксты, іх думкі дасюль з намі, з нашымі чытачамі. Дзякуй ім за гэта!
На шчасце, у жыцця свае законы. І сёння ў рэдакцыі шмат цудоўных новых аўтараў. Маладых і грандаў. Хтосьці з іх з’явіўся дзякуючы конкурсу для маладых журналістаў, хтосьці ўбачыў у «Новым Часе» пляцоўку для выказвання сваіх думак, пасля таго, як стаў сталым чытачом, хтосьці знайшоў для сябе каманду аднадумцаў. Мы вельмі рады, што знайшлі гэтых людзей, што яны знайшлі «Новы Час». Дзякуй, дарагія мае, што дасюль з намі!
За гэты час мы нарэшце трапілі ў дзяржаўны распаўсюд, і зараз вы, нашы шаноўныя чытачы, маеце магчымасць набыць газету ў шапіках ды аформіць падпіску. Вы дасылаеце нам лісты і дзеліцеся сваімі праблемамі. Вы выказваеце словы падтрымкі і ўдзячнасці. Вас усё больш, і мы вельмі цешымся гэтым. А як было прыемна ўбачыць вашу падтрымку падчас судовых пасяджэнняў! Мы гэта адчувалі проста фізічна, і гэта было неверагодна. Напэўна, толькі ў такія моманты пачынаеш разумець, што робіш сваю справу не дарэмна. Дзякуй вам, нашы шчырыя і адданыя чытачы, што дасюль з намі!
Мы будзем імкнуцца і далей сумленна рабіць сваю справу. І далей радаваць вас нашымі артыкуламі. І далей быць разам з вамі, як бы цяжка часам ні было.
Тры гады без Аляксея, тры гады без нашага Караля, але наш «Новы час» жыве. Гэта ён зрабіў з мяне рэдактара, гэта ён сабраў і дасюль збірае нашу каманду. Мы шмат праз што прайшлі разам: рэдкія выхады газеты і адсутнасць заробкаў, папярэджанні, штрафы, закрыццё, допыты ў КДБ. Газета была справай яго жыцця, ён вельмі яе любіў і вельмі ёй ганарыўся. А яшчэ ён вельмі любіў нас — усіх тых, хто рабіў газету, працаваў на сайце. Усіх тых, хто чакаў кожнага нумару і сачыў за ўсімі навінамі. І вельмі ўсімі намі ганарыўся.
Мы вельмі любілі яго, нашага Караля! З ім было лёгка і ўтульна, як не будзе ўжо ніколі… Дзякуй, што ён быў у жыцці кожнага з нас, дзякуй, што ён застаецца ў сэрцах кожнага з нас.
Дзякуй, што дасюль з намі. З намі ўсімі!
***
«Бацькава светлая ўсмешка, яго бязмежная цікаўнасць, любоў да жыцця і адданасць сваёй справе зачароўвалі тых, хто трапляў у ягоную арбіту», — узгадваюць дзеці Аляксея Караля. Іншыя ўспаміны пра Аляксея Сцяпанавіча чытайцетут.