Экспертку Таццяну Кузіну вінавацяць у змове з мэтай захопу ўлады

Мінскі гарадскі суд адхіліў скаргу на меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай для Таццяны Кузінай, эксперткі і выкладчыцы ЕГУ. Падчас пасяджэння стала вядома, у чым яе абвінавачваюць.

a1d06c91_bf0d_42fa_bbf7_173fcc1adff2_w1023_r1_s.jpg


Таццяну Кузіну затрымалі ў мінскім аэрапорце 29 чэрвеня і змясцілі ў СІЗА на Валадарскага. Але дагэтуль абвінавачанні ёй не агучвалі, піша «Радыё Свабода».

Паводле звестак з інфармацыйнай дошкі ў Мінскім гарадскім судзе, размешчаных 14 ліпеня, Таццяну Кузіну вінавацяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Гэта ч.1 арт. 357 — пра змову альбо дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады і ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы»). Максімальнае пакаранне пры такіх абвінавачаннях — да 12 гадоў зняволення.

Адвакат Таццяны Кузінай знаходзіцца пад падпіскай аб невыразгалошванні.

Таццяна Кузіна не скардзіцца на здароўе і пачуваецца нармальна. На «Валадарцы» для яе прымаюць перадачы, але лістоў ад Таццяны яшчэ не было, з ёй толькі бачыўся абаронца

У 2015 годзе Таццяна Кузіна разам з іншымі калегамі заснавала Школу маладых менеджараў і публічнага адміністраваньня «SYMPA», у якой навучаліся больш за 250 грамадскіх актывістаў, журналістаў, бізнесменаў і дзяржаўных службоўцаў.

Адно з апошніх даследаванняў, над якім працавала Таццяна Кузіна, — «Канцэпцыя рэформы дзяржаўнага кіравання».