«Я веру, што мае дзеці будуць жыць у вольнай Беларусі»

Калі навукоўца-этнографа Анатоля Літвіновіча арыштавалі на 10 сутак за БЧБ-сэрцайкі на акне, яго жонка Вольга Літвіновіч аказалася адна з шасцю дзецьмі ад 2 да 14 гадоў на руках. Але дэвіз гэтай жанчыны — «Я не баюся рабіць памылкі і браць адказнасць».

Вольга Літвіновіч

Вольга Літвіновіч

Шмат што ў жыцці яна робіць не дзякуючы, а насуперак, і пракладае сваю дарогу — пакручастую, але шчаслівую. Пра тое, як ледзь не сышла ў манастыр, а потым стала шматдзетнай маці, выйшаўшы замуж за старэйшага на 30 гадоў навукоўца, пра шлях да Беларусі і літаратурную творчасць яна распавяла «Новаму Часу».
— Гэты дзень, 27 траўня, выдаўся цяжкім, бо ў маёй дачкі, якая вучыцца ў 3 класе, павінен быў адбыцца канцэрт у харэаграфічнай школе. Я планавала прысутнічаць на ім, у мужа быў выхадны дзень, і ён павінен быў забраць маленькіх з садочка, — узгадвае Вольга Літвіновіч дзень затрымання мужа.
Пра гэтую гісторыю «Новы Час» пісаў: раніцай міліцыянты забралі з дому ў Фрунзенскае РУУС Анатоля Літвіновіча разам з дочкамі 5 і 7 гадоў. Пры гэтым дзяўчынкам яны сказалі, што едуць у цырк і ў заапарк, і малеча ў РУУСе ўвесь час запытвалася: «Дык дзе ж тут цырк? Дзе заапарк?» Вольга, якая прыехала ў міліцыю, дзве гадзіны правяла там, але мужа так і не выпусцілі — пазней яго змясцілі на 10 сутак на Акрэсціна. Прычынай затрымання сталі БЧБ-сэрцайкі, якія віселі на вокнах кватэры Літвіновічаў на першым паверсе яшчэ са жніўня.
Але пакуль галава сям’і адбываў арышт, у кватэры нехта пабіў шкло. Пасля таго, як у «Новым Часе» выйшла зацемка пра здарэнне, неабыякавыя людзі адгукнуліся і дапамаглі сям'і. Літвіновічы вельмі ўдзячныя ім, і са свайго боку Вольга прапануе ахвотным бясплатныя паслугі рэпетытара: паводле адукацыі яна — выкладчыца беларускай і рускай моў, перакладчыца з польскай. Калі для кагосьці з чытачоў гэта актуальна — кантакты Вольгі ёсць у рэдакцыі.  

Віншаванне мужу з 15-годдзем шлюбу, ніжэй — радкі да Анатоля Літвіновіча на Акрэсціна.

Віншаванне мужу з 15-годдзем шлюбу, ніжэй — радкі да Анатоля Літвіновіча на Акрэсціна.

Цяпер Вольга ўзгадвае падзеі месячнай даўніны з усмешкай, а тады прызнаецца: была мабілізацыя, як на фронце. Больш за ўсё перажывала за дзяцей, якіх у Літвіновічаў шасцёра: старэйшаму, Алесю, 14 гадоў, ён скончыў восьмы клас, дачка Ганна — шосты, Юстына — трэці, Яніна-Кацярына — першы, Марыі-Надзеі 5 гадоў, і малодшай, Зосі, — 2 . У дзень затрымання мужа Вользе прыгразілі, што могуць забраць дзяцей за тое, што ў хаце беспарадак (жанчына прызнаецца: гэта яе слабое месца, яна не дае рады падтрымліваць чысціню ў кватэры, даглядаючы за малечай).
Жанчына гаворыць, што не вельмі шчыльна сачыла за навінамі, бо доступ да інтэрнэту ёсць не заўжды, дый часу ў шматдзетнай маці бракуе. Пра паслявыбарчыя рэпрэсіі яна ведала, але не думала, што арыштаваць могуць нават за сэрцайкі на вокнах, таму прынцыпова не здымала іх — бо гэта ж не сцяг!
Але цяпер Вольга жартуе: выглядае, што яна «напрарочыла» падзеі з візітам сілавікоў і разбітай шыбай у вершаванай казцы «Церамок (беларуская народная страшылка, версія 23.34)», якую напісала сёлета ў студзені. Там ёсць такія словы, калі АМАП прыйшоў да сям’і: «У шыбу бразь — і залазь!»

Тая самая «прарочая» казка-страшылка.

Тая самая «прарочая» казка-страшылка.

Вольга і Анатоль Літвіновічы пабраліся шлюбам у 2006 годзе на Дзень Волі.
Суразмоўца распавядае, што на яе светапогляд паўплываў перапіс 1989 года, калі ёй задалі пытанне пра родную мову ў сям’і.
— І мне стала сорамна, што яна не беларуская. Бо пра нацыянальнасць мы сказалі, што мы — беларусы, і ў мяне пайшоў дысананс.

volha_litvinovicz__dzijana_seradzjuk__1__logo.jpg

Першы свой верш Вольга напісала ў 1990 годзе, і хоць быў ён на рускай мове, але ў ім ужо прысутнічалі беларусізмы. Час нацыянальнага Адраджэння прыпаў на Вользіны 6, 7, 8 класы. Яна дагэтуль памятае бел-чырвона-белы сцяг на вокладцы падручніка па гісторыі і тое захапленне, якое тады выклікала гэтая сімволіка. Тады ж дзяўчына стала пісаць па-беларуску і заклаўся яе будучы жыццёвы шлях, звязаны з філалогіяй. Адвучыўшыся ў Ліцэі БДУ, Вольга аўтаматычна па добрых выніках вучобы паступіла ва ўніверсітэт, які скончыла з чырвоным дыпломам.
— І мне кажуць: вас на выпуску 75% з чырвонымі дыпломамі, а працы столькі няма. Таму вам на выбар: Докшыцы альбо Паставы. Але ў мяне тут бацькі, куды я іх кіну? Пайшла шукаць працу. Прыйшла да Анатоля Літвіновіча: «Анатоль Фёдаравіч, можа, у вас праца ёсць?» А ён кажа: «Няма працы, але заходзьце папіць гарбаты». Шукала працу — знайшла мужа, — смяецца Вольга.
Анатоль Літвіновіч не быў яе выкладчыкам, але на першым курсе яна праходзіла ў яго фальклорную практыку. У гэтай гісторыі няма палкага кахання і жарсных пачуццяў з першага погляду, а ёсць нават — магчыма, некаму гэтае слова не спадабаецца — пэўны разлік. У той час у Вольгі выявіліся праблемы з жаночым здароўем.
— Дактары сказалі: «Выбірай свой лёс — альбо табе патрэбныя дзеці, і мы будзем рабіць захады, каб яны былі, альбо не». Але каб зразумець, ці дае вынік лячэнне, трэба ж неяк правяраць. Таму мне сказалі шукаць бацьку для дзяцей. У мяне быў «тэндар», і Анатоль яго выйграў. У нас шмат кропак судакранання, блізкая грамадская пазіцыя, няма спрэчак адносна мовы і вельмі шмат агульнага. Я сказала: «Табе патрэбны нашчадак», — і ў нас у гэтым інтарэсы супалі. А потым, мне здавалася, што калі няма такіх жарсных пачуццяў, то і няма чаго баяцца, што яны згаснуць. Пэўна, я кахала ў ім Беларусь. Ён захапіў мяне як асоба, бо ён стаяў ля вытокаў БНФ, і мне стала шкада, што яго род пойдзе на спад.
Розніца ва ўзросце ў 30 гадоў Вольгу не палохала. А вось яе маці, на год маладзейшая за зяця, да сёй пары не прыняла выбар дачкі.
Яшчэ да таго, як зрабіць гэты лёсавызначальны крок, Вольга рыхтавалася сысці ў манастыр.
— Я была на мяжы і зразумела, што гэта будзе маёй памылкай, таму што матывы, якія мной кіравалі, няправільныя. Бо я бачыла сябе ў манастыры ўжо ігуменняй з кандыдацкім дыпломам. Мной кіравала не любоў да Бога, а прага ўлады. Але ў мяне цяпер свой «манастыр»: муж — ігумен, я — выканаўца абавязкаў па гаспадарцы, і пяць маленькіх манашак, — смяецца суразмоўца. — Вось ужо 15 гадоў, як пайшла ў свецкі «манастыр» і сяджу «ў затворы».
Канешне, дадае жанчына, былі перажыванні адносна таго, што дзяцей у іх з Анатолем можа не быць. Але лячэнне дало плён — і вось ужо ў Літвіновічаў шасцёра нашчадкаў.
— Я зразумела, што ў нашай сям’і дзеці самі плануюць сваё нараджэнне. А потым у мяне пайшла тэма захавання жыцця і недапушчэння ніякага гвалту ў дачыненні да тых, хто не можа сам за сябе пастаяць. Я даведалася, што ў бацькоў я магла быць не адна, але гэта быў іх свядомы выбар. Таму вырашыла, што ў маім жыцці такой праблемы не павінна быць: усё, што захоча, будзе жыць.
Але адна справа — маральны выбар, іншая — матэрыяльная рэчаіснасць. На пытанне, наколькі гэта цяжка — быць маці шасцярых дзяцей — Вольга адказвае па-філасофску:
— У дзяцінстве ў маёй маці быў такі закон, які працуе і дасюль: адсутнасць альтэрнатывы. Мне не было, з чым параўнаць. Я не бачыла багатых сем’яў, маці мяне навучыла, што багаты не той, у каго шмат грошай, а той, каму іх дастаткова. Таму я планавала бюджэт, мне хапала выплат на дзяцей. Фізічна, канешне, цяжка — таму і схільнасць да непрыбірання ў кватэры перарасла ў праблему.

volha_litvinovicz__dzijana_seradzjuk__2__logo.jpg


У сям’і быў час, калі яна стаяла на ўліку як сацыяльна небяспечная. Калі ўжо нарадзілася другая дачушка, Ганна, у Вольгі з’явілася навязлівая думка пра тое, што нейкае ненароджанае дзіця патрабуе яе малітваў — і яна малілася за гэтае невядомае дзіця нават уначы. Тады акурат утвараўся інстытут прыёмнай сям’і, і Вольга захацела сябе ў ім паспрабаваць. Аднойчы ёй патэлефанавалі: адна жанчына неўзабаве будзе нараджаць і хоча адмовіцца ад дзіцяці. Вольга вырашыла ўзяць гэтае дзіця і нават угаварыла мужа. Але ў выніку маці не пакінула на немаўля ніякіх дакументаў, нават абменнай карты. І калі да дзіцяці прыйшла доктарка, яна сказала, што не можа яго абслугоўваць без дакументаў. Гэта і стала прычынай таго, што Літвіновічаў паставілі на ўлік і прыгразілі: калі біялагічная маці не забярэ дзіця, то дзяржава забярэ і яго, і Алеся з Ганнай.

Акраэпітафія Вольгі Літвіновіч, прысвечаная ўсім ахвярам рэпрэсій у асобе Аляксандра Тарайкоўскага. Першыя літары кожнага радка ўтвараюць імя «САША».

Акраэпітафія Вольгі Літвіновіч, прысвечаная ўсім ахвярам рэпрэсій у асобе Аляксандра Тарайкоўскага. Першыя літары кожнага радка ўтвараюць імя «САША».

Зрабіўшы стаўку на сям’ю, Вольга не лічыць, што адняла ў творчасці: яна заўжды баялася, што вершы могуць стаць адзіным сродкам для існавання. Таму яна адчувае сябе гарманічна, пішучы толькі тады, калі прыходзіць натхненне, а не калі падціскаюць дэдлайны. У яе літаратурных занятках ёсць месца і дарослай лірыцы, і дзіцячым вершам. Так, адзін яе вершык, апублікаваны ў «Вясёлцы», нечакана надрукавалі ў падручніку па беларускай мове за чацвёрты клас — прычым Вольга нават не ведала пра гэта, паказалі аднакласнікі дачкі. Увогуле, дзеці штодня дораць мноства адкрыццяў бацькам і шмат чаму могуць іх навучыць.
— Калі я бачу сваіх дзяцей, я веру, што яны будуць жыць у вольнай Беларусі, і мне лёгка жыць. Бо мае дзеці не баяцца — і я вучуся не баяцца разам з імі. Трэба жыць па-дзіцячы і глядзець на сітуацыю як на квэст, які мы павінны прайсці.
Сёння, 23 чэрвеня, Вольга Літвіновіч святкуе Дзень нараджэння. Нашу з ёй размову перарваў тэлефонны званок, і на чыёсьці пытанне ў слухаўцы, які падарунак яна хацела б атрымаць, жанчына адказала: «Вольную Беларусь!» Ад усёй душы зычым Вользе ўрэшце атрымаць гэты падарунак!

Фота аўтара