ЯК СПРАВЫ? Уладзіслаў «Lesley Knife» Наважылаў: Я хачу быць тут, бачыць усё на свае вочы

Уладзіслаў «Lesley Knife» Наважылаў — фронтмен гурта-легенды беларускай метал-сцэны GODS TOWER, актыўны ўдзельнік леташніх падзей. Некалькі тыдняў таму Уладзіслава асудзілі на тры гады «хіміі» за «абразу прадстаўніка ўлады». Але не толькі абсурдны прысуд стаў нагодай, каб сустрэцца з музыкам і задаць яму нашае традыцыйнае пытанне: «Як справы?»

— Справы як у любога беларуса. Вельмі складаны стан, і нават не ведаю, якія пункты вылучыць. Як у статусах у сацсетках пішуць: «Усё складана». Вось так і ёсць.

— З большага ты вядомы як фронтмэн GODS TOWER. Калісьці гэта быў літаральна твар беларускай цяжкай музыкі, вядомы не толькі ў Беларусі, але і за межамі. Як вы гэта зрабілі?

— Калі кажуць, што «вы былі тварам», «вы былі зоркамі», мне цяжка гэта ўявіць. Для мяне планка лідара ці зоркі — гэта, напрыклад, OZZY OSBOURNE. Таму ў такіх выпадках я адказваю, што мы не зоркі і ніколі імі не былі, таму што нельга быць зоркай, калі ёсць той жа OZZY OSBOURNE, ці METALLICA, ці KISS. Дамовімся, што мы былі, мабыць, найбольш вядомыя ў свой час. Існавалі, канешне, амбіцыі стаць зоркамі, кшталту таго ж Оззі, але гэта не было мэтай. Мы проста гралі, працавалі і рухаліся наперад. Насамрэч, нас больш клапаціла не асабістая вядомасць, але тое, каб беларускі метал быў вядомым у свеце. Мабыць, так здарылася, што GODS TOWER найбольш запомнілі.

— Але ж няшмат хто можа пахваліцца тым, што гралі на адных сцэнах з Cannibal Corpse, Paradise Lost ды іншымі грандамі сусветнага металу...

— Ну так. Але цяпер хапае беларускіх каманд, якія маюць вельмі добрыя водгукі на Захадзе: VELD, Belle Morte, NEBULAE COME SWEET, ды іншыя. Беларускі метал — патэнцыйна вельмі моцная рэч. Справа толькі ў тым, што ціснуць на нас вельмі моцна, нікуды не пушчаюць. Гэта праблема не толькі металу, гэта актуальна для ўсёй беларускай рок-музыкі. Тут трэба пазначыць для сябе мэту і рухацца да яе, а ў працэсе ўжо прыходзіць нейкі смак, з’яўляюцца розныя ідэі, якія дазволяць вылучыцца. Гэта і ёсць шлях да таго, каб стаць адметным. Мы знайшлі гэты музычны шлях да самавыяўлення.


— Ці лічыш ты, што зараз цікавасць да металу значна ніжэй у параўнанні з 90-мі і пачаткам нулявых?

— Часткова згодны. З металам адбываюцца розныя рэчы. Ён стаў больш папсовым, больш даступным да людзей. Таму можна казаць, што адбылася нейкая інфляцыя метал-музыкі.

Гэта як з панкам была гісторыя. Я заўжды казаў: «Панк — гэта не пра музыку, гэта больш пра тэатр». Гэта такі перформанс, калі ты жывеш перформансам, а музыка — суправаджэнне, саўндтрэк да жыцця. Справа ў тым, што ты панк, табе ўсё надакучыла і ты пачынаеш падымаць такі своеасаблівы рокаш. Не толькі музычны, але больш сацыяльны, супраць асноваў нейкіх. Вось гэта панк. Потым панк сталі прадаваць. З’явіўся «камерцыйны» панк, то-бок, «о, гэта ж прышпільна! Іракез каляровы, іншыя прыколы», і хадзіць, нібыта ты панкоцце. А насамрэч гэта проста выгляд.

Метал, насамрэч, побач з панкам, ён таксама тэатр, але ж болей сярэднявечны. Гэта кшталту сыходу ў сябе, духоўны эскапізм, але вельмі спецыфічны. Ты сыходзіш ад сучаснай супольнасці і гэта даволі складана.
Паглядзі, метал-музыка дзе з’яўляецца? Толькі ў індустрыяльных раёнах і краінах, гэта своеасаблівае адлюстраванне наваколля. Гістарычна так атрымалася, што найлепшыя метал-банды — з індустрыяльных раёнаў. Black Sabbath — Бірмінгем з суцэльнымі заводамі, Sodom — шахцёрскі Гельзенкірхен у Рурскай вобласці Германіі. Але няма ніводнага гурта з, напрыклад, Самалі.

Метал як і панк таксама камерцыялізуецца і падаецца зараз такім прыгладжаным, галівудскім. Але сапраўдны метал і сапраўдны панк нікуды не зніклі, яны наўпрост сышлі ў своеасаблівае падполле, так званы андэграўнд, і гэта нармальная з’ява. Гэты працэс ідзе ўжо гадоў 15, і штогод з’яўляецца вельмі шмат цікавых андэграўндных гуртоў, якія граюць сапраўдны метал. Некаторыя з іх камерцыялізуюцца, зноў з’яўляюцца маладыя «андэграўнды» і гэтак далей.

Сусвет змяняецца, таксама змяняецца і мастацтва. Цяпер сапраўдны метал існуе ў андэграўндзе, а больш камерцыйны, прыстасаваны для шырокіх масаў — у топе выдач гугла. І чалавек, калі зацікавіцца, то спачатку атрымае «адаптаваную версію» метал-музыкі». Пытанне ў тым, ці спыніцца чалавек у пошуках, ці задаволены такім «фастфудам», ці будзе працягваць гэтым цікавіцца.

— А з чаго пачаўся асабіста твой «металічны» шлях?

— Я з метал-музыкай быў знаёмы дзесьці з шасцігадовага ўзросту. Штосьці слухалі браты, мне падабалася такая гучная музыка, адным з першых гуртоў былі AC/DC.

У братоў быў «бабіннік», і на адной з бабін на дзвюх дарожках на дзявятай хуткасці былі запісаны два канцэрты — Uriah Heep ды Kiss. І вось неяк браты, сыходзячы з дома, кажуць: «Ты Kiss не слухай, бо лайно. Паслухай лепей Uriah Heep, табе спадабаецца». Вяртаюцца яны, а я скачу як дурны пад Kiss, мяркуючы што гэта Uriah Heep. Пераблытаў, што зробіш... Быў яшчэ такі часопіс «Ровесник», і там убачыў артыкул пра тое, што метал гэта кепска, немагчыма слухаць, і фоты такіх брутальных дзядзькаў у жалезе! Гэта мне было каля 11-12 год.

Канчаткова на «металічны» шлях я стаў, калі паслухаў альбом «Saxon» 1984 года выдання Crusader. Гэта было эпічна! Дарэчы, у той час я чытаў кнігу Генрыха Сянкевіча «Крестоносцы», і яно так дзіўна ўсё змяшалася ў галаве. Я ў якісьці момант нават прысеў як напалоханы кот! Потым вырашыў, што ўсё — я не хачу быць ані касманаўтам, ані ваенным, ані кім там яшчэ ў савецкі час хацелі быць. Я хачу быць музыкам і стварыць сваю метал-банду. У 13 год я ўжо хадзіў па раёне ў нейкіх скрэпках, булаўках, яшчэ ў чымсьці, што сам зрабіў, і гэта была фантастыка!

— Сваякі неяк на гэта рэагавалі?

— На той час бацькі ў мяне ўжо не было, ён памёр у 1984 годзе. Старэйшыя браты разышліся хто куды, а ў маці было шмат спраў і працы. Не, канешне, яна ўсё гэта бачыла, але, напэўна, меркавала, што няхай лепей музыку слухае ды такім ходзіць, чым з нейкімі бандзюкамі будзе бегаць. Падобнае на тое, што я сам сябе гадаваў.

У той час альтэрнатывы няшмат было. Выходзіш ва двор, і там ніхто табе не ўсміхаецца і не вітае як зараз, там мог і застацца ў гэтым двары. Тады і раён на раён хадзілі, я таксама браў удзел. А што рабіць? «Хто не з намі, той супраць нас». Ратавала тое, што я разумеў, што жыву не для гэтага. Потым ішоў дадому і слухаў метал, гэта было своеасаблівае выйсце — вось, паслухаю ды палячу думкамі на Захад, у цывілізацыю, а не застануся тут, у гэтых вар’яцкіх разборках. Для мяне метал быў культурнай тэрапіяй, мабыць, шокавай, але добра ставіў мазгі на месца. Зараз такая ж справа з матацыклам. Начытаешся навін ці ўвогуле цяжка неяк, пасля каронавірусу «ашчушчэнія не тыя» — выходзіш на вуліцу, садзішся на моцык і паехаў. Першыя хвілін 10 літаральна вымушаеш сябе кудысьці ехаць, але потым яно ўсё паветрам з цябе здзімае, і ты наўпрост едзеш і адпачываеш.


— А як з юнацкага захаплення стварыўся GODS TOWER?

— У марах гурт ужо даўно быў створаны. Маляваў у сшытках канцэрты, назвы, лагатыпы. Стаяла пытанне — дзе знайсці людзей. Я не ведаў, на чым я буду граць, дакладна тады нават не ўяўляў, што буду вакалістам. Так атрымалася, што ў нас змяніліся суседзі — прыехала сям’я Уракава (Аляксандр Уракаў — сузаснавальнік, гітарыст, клавішнік і кампазітар гурта — НЧ). З ім я пазнаёміўся трохі дзіўна, не адразу там было сяброўства — спачатку мы пабіліся. Потым паразмаўлялі, высветлілася, што сусед вучыцца ў музычнай школе і грае на баяне. А ў мяне дома была гітара, на ёй граў мой сярэдні брат. Потым Уракаў распавядаў, што ён глядзеў, як той грае, і спытаўся, ці можа ён яго навучыць. Брат адмовіўся — «я сам вучыўся і ты сам вучыся.» Уракаў здабыў недзе гітару і пачаў вучыцца. Сам Саша метал тады не слухаў, больш італьянскую эстраду — Фольі, Кутуньо ды іншае Сан-Рэма, а тут я такі металіст, ды яшчэ і сястра ягоная пачала метал слухаць... Карацей, трапіў хлопец пад малаткі. У яго быў магнітафон, у мяне таксама, і мы пачалі запісваць розныя гукі — барабанілі далонямі, грымелі чымсьці, Саша на баяне метал граў як мог. У яго яшчэ піяніна дома было — таксама карысталіся... Запісвалі, слухалі і ў нейкі момант зразумелі, што гэта ўсё трэба неяк фармаваць. Менавіта тады я пачаў разумець, што хутчэй за ўсё мне трэба быць вакалістам, таму што інструменты ўсе разабралі і гралі лепш за мяне, а ў мяне глотка луджаная і гэтым трэба карыстацца.


Я пачаў раўсці нешта і спрабаваць пісаць тэксты. Мне гэта вельмі падабалася. Спачатку... Дарэчы, я браў назвы песень розных, складаў іх так ды гэтак у радок і атрымлівалася, можна гэта і спяваць. Былі спробы пісаць тэксты на рускай ды беларускай мове, але больш падабалася на англійскай, бо гэта ж было больш «фірмова»... Крыху пазней мы пачалі тусавацца з іншымі музыкамі, і высветлілася такая цікавая рэч, што мы жывём не ў Гомелі, які ў Еўропе, а ў некім прыдатку Расіі, бо рускі рок быў паўсюль. Нам гэта вельмі не падабалася: ну, які піцерскі рок-клуб, які екацерынбургскі ці маскоўскі рок-клуб? Ёсць Sepultura з Бразіліі, якая вядомая не толькі на сваёй Бразільшчыне, але сусветна. Так мы і вырашылі, што будзем рабіць свой метал на англійскай мове, правільна ці няправільна — металісты пра мову ніколі не задумваліся. Калі чытаеш тэксты, то там столькі памылак... Наогул шмат гуртоў не публікуюць тэксты сваіх песень. Назвы хапае — мне гэта заўжды падабалася. У метале вакал — гэта ў першую чаргу рытмічны інструмент, ён павінен ставіць акцэнты ў песні. Гэта ж не хард-рок. Галоўнае адрозненне хард-року і метала — гэта вакал. Калі ў хард-року вакал грае ролю нейкай трубы ці саксафону — вядзе мелодыю, то ў метале вакал больш як барабан — ён ставіць акцэнты. У мяне атрымлівалася ставіць гэтыя акцэнты на англійскай мове.

— А першыя канцэрты?

— Па даце першага канцэрту мы і адзначаем дзень нараджэння гурта. Гэта было 1 жніўня 1989 года. Мы сыгралі тры песні — 2 рок-н-рола і адну нас папрасілі нешта «рускае». Мы тады гралі песню пра нейкі «лепразорый» кагосьці з рускіх рокераў (хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе «Лепразорый» гурта «Крэматорый», якая была запісана ў 1984 годзе — НЧ). Такім чынам у гэты дзень з’явілася аснова будучага GODS TOWER, хаця тады мы неяк па-іншаму называліся. Першы канцэрт менавіта GODS TOWER адбыўся ў Магілёве ў 1992 годзе. Тады праслухалі нашае дэз-металёвае дэма: «О! Крутая банда, давайце запросім!» А мы да часу канцэрту ўжо змянілі стыль і назву (папярэдняя назва — Chemical Warfare). Чакалі Chemical Warfare з дэз-металам, а прыехалі GODS TOWER з дум-металам.

І спачатку ў арганізатараў было такое: «Што гэта за фігня?». Але мы гучалі так незвычайна, што ў народа сківіцы адпалі — усе малацілі дэз ды трэш, а тут мы са сваім дум-металам, якога ніколі ў наваколлі не было. Насамрэч, дум-метал пачаўся ў 1970-я ад тых жа Black Sabbath, гэта натуральная форма метала! Тады існавала такая тэорыя: паўэр і классік-метал пайшлі ад Deep Purple, глэм і шмат чаго яшчэ — ад Led Zeppelin, астатняе ад Black Sabbath. Дум — гэта зыходнік і хэві-метала, і спід-метала і іншых. Ён проста на нейкі час зышоў у цень, а потым трыўмфальна вярнуўся. Мы дум пачалі граць пад уплывам шведаў з Candlemass — пачулі іх, калі былі ў Мінску: тусілі з Жэням «Махмудам» Багдановічам і ён паставіў нам іх паслухаць. Ужо было разуменне, што будзем граць нешта такое фолкавае, беларускае. Мы хацелі браць усю гэтую ліцвінскую прыгажосць... Той жа ж «Полацкі Сшытак» у той час па радыё круцілі, музыка цудоўная. Такія часы былі, што не сорамна было і тэлебачанне паглядзець. Мы зразумелі, што вось тая аснова! Трэба было асэнсаваць форму, у якой гэта ўсё падаваць. А ў Candlemass была такая суразмернасць, арганізаванасць нейкая...


— Напачатку 2000-х вы абвясцілі аб спыненні дзейнасці гурта. Больш няма чаго было сказаць ці былі іншыя падставы?

— Сказаць заўжды было што, але справа яшчэ і ў тым, што гурты не могуць доўгі час існаваць без праблем. Калі браць нават вялікіх, кшталту Queen ці Deep Purple, — дык і яны разыходзіліся, і не аднойчы. Справа не ў тым, колькі існуе гурт — ёсць гурты, якія граюць па 30-40 год, а плёну няма. У нас напрыканцы дзесяцігоддзя існавання назапасілася шмат непаразуменняў і яшчэ нейкае расчараванне — ты працуеш, ёсць ідэі, цябе ўсе хваляць, а раптам лезеш у кішэню, а там нічога няма. У літаральным сэнсе нічога, і гэта вельмі балюча б’е па мазгах. Адсюль і напружанасць, і нервовасць, якія ў той час амаль заўсёды кампенсаваліся алкаголем. Мы не вытрывалі гэтай усёй вагі і напружанасці.


— Наколькі я ведаю, ты зараз не паліш і не п’еш увогуле. Рок-музыкаў, якія не п’юць і не паляць, можна пералічыць па пальцах адной рукі. Як ты прыйшоў да гэтага?

— Для мяне з самога пачатку гэта была зусім лішняе. Калі я не паліў і не піў, то нават з задавальненнем. Мне трэба было ўхапіцца за штосьці. Дзякуй Богу, у мяне ёсць сям’я, і яна для мяне буйнейшая каштоўнасць на свеце. Алкаголь — гэта такая спецыя, яна не абавязкова павінна быць у асноўнай страве. Шмат што можа гэтую спецыю замяніць, і для мяне гэтай заменай стала сям’я. Насамрэч, каб кінуць піць, мне спатрэбілася медычная даведка аб тым, што я закадаваны. У кампаніі даведку паказваеш і ўсё, да цябе ніхто не чапляецца. Я гады паўтары з гэтай даведкай хадзіў, а потым ужо ўсе ведалі, што я не п’ю. Кінуць піць і паліць гэта як казаць праўду — лёгка і прыемна, але табе патрэбны нейкі доказ для сябе і для іншых. Нейкі сімвал. І гэта таксама датычыцца любых пераменаў, нават самых глабальных.

У маім любімым Saxon таксама ніхто не п’е, я пра гэта адразу не ведаў. Была гісторыя — калі яны каталіся з канцэртамі разам з Motorhead, то Леммі хадзіў і бухцеў, што з імі нецікава, бо яны не п’юць.


— Апошні зборнік «Mirrors and Echoes» убачыў свет некалькі месяцаў таму. GODS TOWER вяртаецца?

— У нас ёсць вялікія праблемы з лагістыкай — я і гітарыст у Мінску, бубнач у Санкт-Пецярбургу, астатнія ў Гомелі. Мы так і не навучыліся рэпетаваць на адлегласці. У гэтым сэнсе мы вельмі олдскульныя — калі няма прамога кантакту, то нічога не атрымліваецца. Ну і, вядома, усе працуюць, ва ўсіх сем’і, асабістыя праблемы... Так што звычайная рэпетыцыя, не кажучы пра канцэрт ці запіс альбому, патрабуе сур’ёзных часовых і грашовых затрат. Мы можам, канешне, кінуць працу і запісаць альбом, але ён будзе апошнім у нашым жыцці, бо потым мы наўпрост ляжам ды памром з голаду. Матэрыялу шмат. Мы планавалі сабрацца і зрабіць яго, але атрымаўся кавід, які працягваецца дагэтуль. Ды і ў краіне вельмі неспрыяльнае становішча. Прагназаваць зараз нешта — вельмі няўдзячная справа.

— Вернемся да сённяшняга часу. Ты браў удзел у дваравых канцэртах, атрымліваў содні, некалькі месяцаў таму яшчэ і «крыміналка» звалілася на галаву. Па прысуду ты атрымаў тры гады «хіміі». Калі ты пачуў гэты прысуд, што ты адчуў і што адчуваеш зараз? Пра эміграцыю не думаў?

— Гэта як з закрыццём карпункту «Еўрарадыё» — усе чакалі, але было нечакана. Так і я. Я чакаў нешта падобнае, але калі сам сутыкнуўся, то пабачыў як усё абсурдна і абыякава. Мяне вельмі зачапіў увесь гэты непрафесіяналізм і дэградацыя. Кожны дзень з кожнай навіной я разумею, што адбываецца нешта, што не мае прыкладаў. Такога не было ніколі. Гэта дакладна халодная грамадзянская вайна. Вельмі балюча і дзіўна, што знаходзіцца шмат людзей, якія трымаюць бок цемры і зла. Я даўно знаходжуся ў стане не тое што разгубленасці, тут можна смела выкарыстоўваць нецэнзурную лексіку. Цяжка каментаваць, але я для сябе вырашыў, што гэты прысуд як нейкі знак якасці. Далі — значыць нешта ты яшчэ з сябе ўяўляеш, чагосьці каштуеш.

З’ехаць, канешне, думаў, бо трэба ратаваць дзяцей. Але пакуль ёсць магчымасць, я буду заставацца тут. Ведаю і разумею, што будзе горш і горш, але да апошняга моманту я хачу быць тут, бачыць усё на свае вочы.


— Што ты зробіш першым чынам, калі ўсё гэта скончыцца?

— Калі сонца ўзыдзе?

— Так.

— Я расплачуся ад шчасця. А потым я напішу хлопцам, што час сабрацца, зладзіць канцэрт і запісаць альбом. Калі я буду адчуваць, што на мяне нічога не цісне, што я магу свабодна хадзіць, то займуся творчасцю. Буду займацца з такім задавальненнем, як ніколі дагэтуль.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: