Палітвязню Мікіту Емяльянаву прыйшоў «мех лістоў»

Паплечнікі анархіста Мікіты Емяльянава атрымалі ад яго ліст пасля доўгага перапынку.

99395743_1153450995006493_7981511195590918144_o_1.jpg


Емяльянаў паведамляе, што яму, згодна з новым заканадаўствам, пералічылі турэмны тэрмін. Ён мусіў выйсці на волю 20 кастрычніка 2023 года. А па новым разліку дата вызвалення — 2 жніўня 2023-га.

У турме Мікіта прышчапіўся ад каронавіруса кітайскай вакцынай Vero Cell — летам атрымаў дзве дозы.

Емяльянава 42 дні трымалі ў ШІЗА, з якой нагоды — ён не напісаў. Вядома, што адміністрацыя турмы склала на палітвязня шэсць рапартаў за парушэнне правілаў унутранага распарадку. Пакуль сядзеў у карцары, лістоў, па словах супрацоўнікаў адміністрацыі турмы, прыйшло яму «з мех бульбы», чытаць ён будзе іх два тыдні.

Лісты ўручалі часткова, бо не ўсе яны яшчэ былі правераныя цэнзурай.

У лісце Емяльянаў скардзіцца, што па выхадзе з карцару нават на пяты дзень яшчэ не зусім добра  пачуваецца.

Нагадаем, 12 лютага 2020 года суд Савецкага раёна Мінска асудзіў 19-гадовых анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на сем гадоў пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Іх асудзілі за дзве акцыі: Мікіта Емяльянаў кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Мінгарсуда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам. А пазней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Іван Комар у гэты момант быў у суседнім скверы.

Свой учынак анархісты патлумачылі тым, што яны выступаюць супраць пераследу палітычных зняволеных.

27 сакавіка Мінскі гарадскі суд змяніў прысуд суда Савецкага раёна: Емяльянаву – 4 гады пазбаўлення волі, Комару — 3 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі.