Васіль Быкаў: Трэба жыць і змагацца

Гэтыя гутаркі з Васiлём Быкавым адбыліся ў траўнi–чэрвенi 1995 года. Яны былi найперш абумоўленыя часам, які перажывала Беларусь: рэферэндум аб мове, інтэграцыі з Расіяй і змене нацыянальнай сімволікі. Але гэтыя гутаркі, прысвечаныя лёсу Беларусi ды верагоднасцi выжывання беларускай нацыi i культуры, і сёння найактуальныя, — і яскрава сведчаць аб тым, што думкі і словы вялікіх людзей не спазняюцца і не знікаюць, бо існуюць і ў сваім часе, і па-над ім…



«Нацыяналізм як неабходная перадумова дэмакратыі»

— Падзеi, што адбываюцца цяпер у Беларусi, прадказвалiся даўно. Гучала нямала папярэджанняў у бок дэмакратычных сiлаў аб рэальнай магчымасцi наступу сiл камунiстычнага рэваншу. Ды, аднак жа, сцвердзiўся самы кепскi з усiх магчымых варыянтаў — горшага i нельга было чакаць. Сёння шмат закiдаў на адрас «цынiчнага прэзiдэнта», «расейскiх спецслужбаў» i да т.п… Вашыя прэтэнзii да дэмакратычнага руху ў сувязi з паразай нацыянальных сiлаў?


— Прэтэнзii, так бы мовiць, класiчныя, — тыя, што, бадай, спрадвеку прынята адрасаваць дэмакратам: чаму не аб’ядналiся? Але, мабыць, таксама спрадвеку дэмакратыя слухае такiя папрокi, але не толькi не аб’ядноўваецца, а няспынна раз’ядноўваецца. Заўджы i ўсюды. Мабыць, такая ўжо прырода, метафiзiка гэтае плынi. У процiвагу яе антыподам, якiя таксама заўсёды i ўсюды, — але аб’ядноўваюцца, зрастаюцца, ператвараюцца ў адно. Як цяпер чырвоныя з карычневымi. Пяцьдзясят гадоў таму яны з крывёю бiлiся на палёх Еўропы, а цяпер скрозь хаўрусуюцца, утвараючы новы, дзiвосны палiтычны арганiзм, яшчэ больш цынiчны, чым камунiсты i фашысты паасобку.

Нашыя палiтыканы ад тутэйшай палiтыкi нiкога не абдурылi, як Вы кажаце. Iхнiя «дурыкi» былi вiдаць з самага пачатку. Яны проста вырвалi ўладу... Але новыя — больш цынiчныя, нахрапiстыя, яны рашуча выкарысталi сiлу, у тым лiку i тую, што ходзiць у бронекамiзэльках i чорных масках. Яны i не думалi нiчога рабiць, апроч бязмежнага ўмацавання бязмежнай улады. I тое зразумела: хто мае ўладу, той мае сiлу, а хто мае сiлу, таму непатрэбна нiякая праўда.

— Даруйце, але ж цi не ведае гэты народ, што такое камунiзм i якiя выгады «найлепшага ў свеце грамадства»? Ведае цудоўна. Ды, аднак жа, выбiрае «ранейшых». У чым сакрэт такога парадоксу?

— Што да выбараў, дык я лiчу, што выбары ў нас несвабодныя. Выбары сфальсiфiкаваныя ад пачатку да канца… Рэч у фальсiфiкацыi. Выбарчыя камiсii зрабiлi пэўныя намаганнi, самыя розныя — якiя, мы нiколi не даведаемся, таму што гэта абсалютна закрытая для публiкi i журналiстаў справа. Яны робяць гэтую «хiмiю» ў падполлi.... Таму што яны ведаюць, на чыiм баку сiла i каму трэба служыць. Нiхто не будзе выкрыты. Нiхто не будзе абвiнавачаны ў фальсiфiкацыi… Мясцовыя «вертыкальныя дыктатары» дзеля гэтага стварылi з дапамогай спецслужбаў выбарчыя камiсii са сваiх людзей. I таму адтуль нiчога не выйдзе. А назiральнiкi, на якiх былi спадзяваннi, назiралi проста выбары, сам працэс галасавання. А вось што адбывалася пасля выбараў — гэтага не ведае нiхто. I нiколi гэта не будзе вядома. Нiякiх дакументаў нiкому не дадуць, а калi дадуць, дык яны будуць сфальсiфiкаваныя, таму што дзе гарантыя таго, што выбарчыя камiсii не мелi запасу свабодных бюлетэняў, якiмi яны маглi распарадзiцца як заўгодна: замянiць, падмянiць, выкрэслiць пэўныя прозвi­шчы?
Таму я лiчу, што дэмакратычных i свабодных выбараў у нас не было, — як у мiнулым, так i цяпер. I калi б уладамi была пастаўлена задача дасягнуць 99,99% «за» па тым цi iншым пытаннi цi канды­датуры, — гэта было б зроблена. Рабiць гэта выдатна навучылiся за гады савецкай улады. Тут цэлая наву­ка...

— …Быццам i не было гадоў галоснасцi, выкрыцця ГУЛАГу, антычалавечых «сакрэтаў» сацыялiстычнай гаспадаркi. А народ, бы тыя рабы, што палюбiлi свайго гаспадара, зноў выбiрае «баронаў» i «старшыняў». Гэта што — псiхiчная паталогiя, калапс палiтычнай волi? Калi не, то што гэта за народ такi — з такiм стаўленнем да палiтыкi i палiтыкаў, а галоўнае — да самога сябе?

— …Некалi я ўсё не мог зразумець, па якiх антрапалагiчных прыкметах людзi вылучаюцца ў наменклатуру. Вiдаць, з вялiкiм сэнсам гэта робiцца. Яны, як правiла, людзi мажныя, як у армii — што нi генерал, дык метр у плячах i фiзiяномiя нi ў якi аб’ектыў не лезе. Так i тут. Усе яны абавязкова маюць вельмi зваблiвы начальнiцкi антураж — якога-небудзь худзенькага, мiзэрненькага там не бывае, ён туды не можа прайсцi. I займаюць пэўныя пасады. Паглядзiце, хто ў нас цяпер гаспадар на вёсцы? Ды гэтыя, чырвоныя князi i бароны. I як iх не будуць выбiраць? Iх заўсёды будуць выбiраць, бо яны сiла, яны ўлада...

Вядома, чалавеку ўласцiва рабiцца разумным пасля паразы, бо «каждый мнит себя героем, видя бой издалека». Рэч не ў памылках БНФ. Фронт зрабiў болей, чым можна было наогул зрабiць у гэтых умовах. Прынамсi, нiводная палiтычная партыя не зрабiла болей. I калi на выбарах перавага аказалася на баку камунiстаў, дык, мабыць, таму, што кампартыя карыстаецца ўласным, раней напрацаваным капiталам, у той час як Фронт пачынаў барацьбу без анiякага капiталу — нi маральнага, нi матэрыяльнага, ствараючы ўсё ў працэсе замаруджанага, супярэчлiвага, труднага Адраджэння. У нас нямала партый, якiх нiяк не абвiнавацiш у тых пралiках, што цяпер прыпiсваюцца БНФ. Яны нi на чым не зацыклiвалiся, не радыкалiзавалi сваю палiтыку, ужо нiяк не цьвялiлi рускамоўнае грамадства. Але хiба тыя партыi перамаглi? Яны таксама пацярпелi паразу…

Мабыць, сучасная дэмакратыя (у тым лiку i нацыянальная) не надзелена адэкватнымi сродкамi барацьбы з таталiтарнымi, камунафашыстоўскiмi сiламi. Мабыць, гэтыя дзве рознаскiраваныя плынi iснуюць у розных палiтыка-маральных сферах, i калi дэмакратыя змушана карыстацца толькi дэмакратычнымi метадамi (карыстацца iншымi яна не можа, каб не страцiць сваёй дэмакратычнасцi), дык iхнiя супернiкi заўсёды вольныя ў выбары сродкаў — ад раз’юшанай хлуслiвай прапаганды да тайных хiтрасцяў спецслужбаў, АМОНаў i спецназаў у чорных наморднiках. Яны не зважаюць на судовую ўладу, якую самi прызначаюць, на СМI, якiмi аператыўна камандуюць. Iх не рэгламентуе нiякая мараль — нi хрысцiянская, якая нiколi iх не абыходзiла, нi нават скасабочаная камунiстычная этыка, ад якой яны адраклiся ў жнiўнi 1991 года.

Калi мець на ўвазе выбары i рэферэндум, дык на iх вынiк наўрад цi паўплывалi якiя-небудзь памылкi цi недахопы. Не варта таксама наракаць на несвядомасць «дурнога народа», якi гэтак неразумна прагаласаваў. Хiба ў таталiтарным грамадстве пры аўтарытарнай дыктатуры, якая таропка сфармавалася напярэдаднi выбараў, магчымае нейкае палiтычнае спаборнiцтва, справядлiвыя дэмакратычныя выбары? Iх не было 70 гадоў, адкуль жа iм узяцца цяпер? Найперш для народа гэта нязвыкла i нават пакутна — выбiраць на ўласны розум, калi заўсёды гэта рабiлi iншыя, нiбыта разумнейшыя. Зноў жа: хiба выбарчыя рэжысёры, «высокiя спецыялiсты сваёй справы», забылiся на нядаўнюю навуку арганiзацыi мас дзеля «адзiнадушнага адабрэння i падтрымкi»? Сам прэзiдэнт напярэдаднi выбараў прагаварыўся ў прамым тэлеэфiры, што «все равно обманут». Не ўдакладнiўшы, аднак, на чыю карысць «обманут». Але цяпер усё стала зразумела — хто ашукаў, каго i дзеля чаго.

Васіль Быкаў, фота Сяргея Шапрана

Васіль Быкаў, фота Сяргея Шапрана

Так, цяпер можна пачуць разважаннi пра недастатковасць, непапулярнасць нацыянальнай iдэi беларускага Адраджэння. Але, здаецца, з-пад увагi выпускаецца той факт, што адбывалася не толькi Адраджэнне — iшла жорсткая барацьба з камунiстычным таталiтарызмам, i нацыяналiзм, як пiсаў знакамiты фiлосаф Фрэнсіс Фукуяма, быў «неабходнай умовай узнiкнення дэмакратыi». Там, дзе нацыяналь­ная iдэя не сфармавалася, не адбылося i дэмакратызацыi. I наадварот, дзе яна перамагла — перамаглi i рэформы, тыя грамадствы не без цяжкасцяў, але ўсё ж рушылi ў кiрунку сусветнай эканомiкi. Урэшце рушым туды i мы, i таксама абапiраючыся на ўласны нацыяналiзм i дэмакратызацыю: законы сусветнага эканамiчнага развiцця змусяць нас да таго. Толькi наш гiстарычны час стане змарнаваны. I мы зноў апынемся ззаду за ўсiмi. I бяднейшыя за ўсiх...


Народ і палітыка


— Вы як пiсьменнiк даволi хутка набылi папулярнасць i мелi магчымасць бачыць, як ставяцца да пiсьменнiкаў за мяжой i ў нас. Цi не было ў Вас шкадавання, што Вы — пiсьменнiк вось гэтага наро­да?

— Юрась, я скажу, што для мяне даўно ўжо з’яўля­ецца праблемай само iснаванне «народа»... Асаблiва цяпер я пачынаю думаць, што пакуль мы шчыравалi «дзеля народа», клялiся iмем народа — у нас яго ўкралi.
Засталася нейкая нацыянальная элiта, а нацы­янальнай, народнай асновы — не стала. Не стала народа. Я гэта гавару баючыся, як нейкае святатацтва, як у ранейшыя часы гаварылi пра д’ябла i Бога. Але сапраўды, калi мы гаворым «народ, беларускi народ», — то гэта ўвогуле абстракцыя, гэта — па iнерцыi. Калi ж канкрэтней паспрабаваць сабе ўявiць: а дзе ён, гэты народ, дзе яго часткi цi хоць бы нейкая значная частка? Раней гэта было проста: iснавала сялянства, яно было моўнай, культурнай, генетычнай, этнаграфiчнай i г.д. асновай нацыi. Цяпер сялянства няма. Дзе цяпер сялянства? Дажываючыя пенсiянеры-калгаснiкi ў вёсках цi элiтныя спецыялiсты ў сельскай гаспадарцы (аграномы, заатэхнiкi i iнш.) — хiба яны могуць уважацца за аснову нацыi? Я вельмi ў гэтым сумняваюся... Дык вось калi культурная элiта развi­вала культуру — для «беларускага народа», — знік сам народ. Горад, урбанiзаванае насельнiцтва га­радоў, — баюся, гэта ўжо не беларускi народ; яно з Беларуссю нiчога агульнага не мае, апроч, хiба што, тэрыторыi пражывання. Менск — горад «беларускi» толькi таму, што ён знаходзiцца на тэрыторыi Бела­русi, а ў астатнiм — якая яго адрознасць, скажам, ад Смаленска, Цвяры, Масквы? Чым ён ад iх адрознiва­ецца?..

— Бадай аб’явамi ў метро...

— Вот iменна — аб’явамi ў метро... I раптам з’явiлiся бел-чырвона-белы сцяг i «Пагоня», якія тут жа былi скасаваны — «па волi народа»...

Ідэя Адраджэння — iдэя, канечне, правiльная, высакародная, ва ўсiх адносiнах цудоўная, — трапiла не на тую глебу. Вот у чым справа. Можа быць, яна трапiла зарана...

У гэткiх абставiнах, асаблiва ў палiтычных аб­ставiнах апошняга часу, — адзiнае, што, можа быць, застаецца для дзеячоў культуры, — гэта кансерваваць тое, што ёсць — у галiне культуры, нацыянальнай iдэалогii. Таму што калi i надалей справа пойдзе гэтак жа, то будуць зроблены захады дзеля таго, каб матэрыяльна панiшчыць тое, што напрацавана за гэты час: забяруць з бiблiятэк, пахаваюць у «спецхраны» выданнi Ластоўскага, нацыянал-дэмакратаў, незалеж­ную гiстарыяграфiю, пэўныя творы мастацкай лiтара­туры. А ў дадатак будзе разгорнута шалёная кампанiя па дыскрэдытацыi — спярша iдэй, затым канкрэтных твораў, а пасля — iх аўтараў. Калi жывых яшчэ можна пасадзiць, то ў нябожчыкаў будуць знаходзiць нейкi кампрамат i таксама бэсцiць, для таго, каб скасаваць iх прыцягальны iмiдж. Гэта будзе зроблена, таму што камуна-фашызм абавязкова пакарыстаецца такiмi метадамi. Iнакш чым жа ён будзе карыстацца? Праўда — не iх рэлiгiя. Iх рэлiгiя — бязмежная хлусня. Чым яна бязмежней, тым лепш. Для нашых кiраўнiкоў гэта вельмi здатны i плённы прыём...


— За апошнiя дзесяць гадоў «галос­насцi» столькi напiсана пра рэпрэсii, ГУЛАГ, што дзiву даешся, як грамадства — «самае чытэль­нае» — не баiцца паўтору таго, што было пры савец­кай уладзе, — вынiкi апошнiх выбараў сведчаць пра тое... Чаму ж людзi нiчога не баяцца?

— Яны нiчога не баяцца, таму што грамадства па-ранейшаму застаецца неiнфармаваным. Як вядома, на пачатку перабудовы гучала шмат патрабаванняў (з боку расейскiх дэмакратаў), каб кампартыя пакаялася ў злачынствах, адмовiлася ад свайго злачыннага мiну­лага. Гэтага не было зроблена. Усе хрушчоўскiя вы­кры­ваннi сталiнiзму былi частковымi, бо пералiчва­лiся толькi iмёны рэпрэсаваных маршалаў i кiраўнi­коў, а пра народ — маўчалi. Таму ў масавай свядомасцi рэпрэсii так i засталiся рэпрэсiямi кiраўнiцтва супраць кiраўнiцтва, а не ўлады супраць народа...

Колькi Алесь Адамовiч заклiкаў «дадумваць да канца»! А ў нас гэта нiяк не дадумана. Канцы i пачаткi нашай бяды дзесьцi ў Кастрычнiцкай рэвалюцыi, а можа, i яшчэ раней... I прычына нашай галоты не ў «разбурэннi сувязей памiж прадпрыемствамi», а ў тым, што ў 1917 годзе адбылася жахлiвая рэвалюцыя, i Расея, разам з нацыянальнымi ўскрайкамi, улучна з Беларуссю, пайшла не ў тым кiрунку. Мы пайшлi абсалютна ў тупiковую галiну i ўперлiся ўрэшце ў тупiк. I цяпер як вярнуцца назад? Гiстарычны час гэта выключае. Як зноў збочыць у агульнае русла зямной цывiлiзацыi — не ведае нiхто... Вот таму гэта ўсё мы i перажываем. I павiнны перажыць.

У гэтым сэнсе самае жахлiвае — разбурэнне найбольш агуль­нага, боскага прынцыпу прыватнай уласнасцi. З яго ўсё пачынаецца. Калi прыватную ўласнасць панi­шчылi, панiшчылася ўсё... Бо чалавек ад жывёлы адрознiваецца тым, што здольны нечым валодаць i распараджацца. Нават леў, сабака «мецяць» сваю тэрыторыю, свае ўладаннi... Прырода толькi тады дасць нейкi плён, калi яна будзе камусьцi належыць. А ў нас праца людзей i ўласнасць не толькi абязду­шаны, але i незаконным чынам прысвоены, можна сказаць, антылюдзьмi, нечалавекамi. Пры сацыялiзме ўласнасцю народа распараджалася Палiтбюро, купка людзей. З гэтага пачалiся ўсе няшча­сцi...

…Правiльна гаворыць ужо згаданы Фрэнсіс Фукуяма, гэты апошнi «адвакат нацыяна­лiзму», як яго называюць на Захадзе: само паняцце нацыяналiзму заключае ў сабе вельмi шмат, ад самага высакароднага да самага ганебнага. I трэба канкрэтна меркаваць пра кожны канкрэтны нацыяналiзм. Фукуяма кажа пра нацыяналiзм рэспублiк былога СССР як абавязковую перадумову крушэння таталi­тарызму. Гэта значыць, што толькi нацыяналiзм можа эфек­тыўна змагацца з расейскiм камунiстычным рэжымам. Далей ён пiша, што нацыяналiзм i заходнi лiбералiзм могуць выдатна ўжывацца, дапаўняючы i ажыўляючы адзiн аднаго. А ў нашай масавай свядомасцi нацыя­налiзм — гэта страшна, iм палохаюць. Прычым не толькi камунiсты, але i некаторыя дэмакраты, iм мроiцца Югаславiя, Каўказ, Сярэдняя Азiя, i яны гэта адпрэчваюць. У тым лiку i расейскiя дэмакраты. Вот чаму рускiя не могуць зразумець украiнцаў...

— А Украiна тым часам будуе сваю дзяржаўнасць i нават Амерыка ёй у тым дапамагае...

— Вот iменна. I Беларусь жа магла б здабыць такую падтрымку, тым больш што стратэгiчна Беларусь, можа быць, важней за Украiну, i насельнiцтва ў нас меней, таму падтрымаць нас было б лягчэй... Аднак Беларусь робiць такi вось выбар — рукамi яе палi­тычнага кiраўнiцтва. Шчаслiвейшыя прыбалты, яны выйшлi з-пад ног Расеi, засталiся збоку, пры моры. А мы — на парозе Расеi, i пагэтаму шчасця нам тут не будзе, як не стала яго колiсь Вялiкаму Княству Лiтоўскаму: усё па той жа прычыне — што апынулася «памiж». Натуральна, у тых умовах, каб уратавацца, «Лiтва» i адцiснулася ўбок, да Балтыйскага мора, i там захавалася...

— ...Што такое Лукашэнка? Мясцовы, так бы мовiць, феномен, цi — з’ява больш маштабная, сiстэмная?

 — Гэта не мясцовы феномен. Можна нават сказаць, што ў гэтым сэнсе Лукашэнка мудры як змей. Ён прадбачыў i прадбачыць тое, пра што дэмакраты яшчэ толькi пачынаюць здагадвацца. Найперш, натуральна, ён думае пра ўладу. А ўладу ён можа захаваць толькi ў тым выпадку, калi тут не адбудзецца сацыяльны выбух. Таму што змесцi яго ўладу зможа толькi сацыяльны выбух вялiзнай сiлы. Гэта можа адбыцца ва ўмовах, калi народ будзе даведзены да крайняй мяжы выжывання, калi ўжо не будзе чаго есцi. Таму, каб гэтага не здарылася, яму як мага хутчэй трэба iнтэгравацца ў вялiкую iмперыю i тым забяспечыць гарантыю, алiбi на будучае. Бо што б тады нi здарылася, Лукашэнка не будзе вiнаваты. Калi нават i здарыцца самае горшае, то ўвесь гнеў будзе скiраваны на Маскву, Масква будзе вiнавата, бо яна будзе кiраваць. Заўсёды ж можна сказаць, што яна не дала нам нафты, грошай i да т.п. Ён, такiм чынам, будзе нi пры чым. Але, апроч усяго, ён яшчэ выдатна разумее, чым скончыцца цяперашняе эканамiчнае развiццё Расеi. Ён ведае, што яна рана цi позна вер­нецца ў свой ранейшы стан iмперскай эканомiкi — крайне змiлiтарызаванай, i ў такiм выпадку бела­руская эканомiка выдатна зойме сваё ранейшае месца. Ён будзе дзялiць поспехi цi няўдачы гэтай iмперскай эканомiкi, але ён не будзе вiноўнiкам няўдач. А ў выпадку ўдач — наадварот, усё возьме на сябе...

— ...I пры такiм стане рэчаў непазбежнымi будуць рэпрэсii супраць тых, хто думае iнакш, хто нязгодны з такой палiтыкай?

— А гэта само сабой. Гэта найперш. На гэта ёсць вельмi разумныя памагатыя з лiку iнтэлiгенцыi, якiя давядуць, што Народны фронт звязаны з ЦРУ, а ўсе нязгодныя з новай палiтыкай — шпiёны-шкоднiкi, гестапаўцы, здраднiкi, калабаранты перыяду мiнулай вайны i да т.п., — вопыт багаты. На гэта ёсць вялiзная армiя навукоўцаў у Акадэмii навук, у гуманiтарных iнстытутах, якiя затаiлiся i толькi чакаюць адпаведнага моманту. Яны ўжо даўно з фальсiфiкацыяй не працавалi. Усё iх жыццё звязана з гiстарычным фальсiфiкатам, iнкрымiнаваннем. А тут раптам такi перапынак вялiкi, iншыя людзi прыйшлi. Будуць фальсiфiкаваць гiсторыю i ўсё iншае з вялiкiм iмпэтам. Будуць здымаць фiльмы накшталт Азаронкавага (Маецца на ўвазе антыфронтаўскi i антыбеларускi дакументальны фiльм Юрыя Азаронка, бацькі цяперашняга тэлепрапагандыста Грыгорыя Азаронка, «Ненависть: дети лжи», які некалькi разоў трансляваўся па тэлебачаннi напярэдаднi рэферэндума i выбараў у парламент 14 траўня 1995 г. – Рэд.), — з даволi вольным мантажом, але з вельмi пэўнай iдэяй. I гэтак далей...

У працоўным кабінеце

У працоўным кабінеце

— ...I шэрагi спадароў азаронкаў, савiцкiх i KO будуць актыўна папаўняцца... Дарэчы, што, на Ваш погляд, прымушае некаторых мастакоў, пэўных апазiцыянераў у савецкiя часы, так апантана змагацца з усiм беларускiм, з беларушчынай як з’явай?

— Адкажу безадносна да гэтых людзей i да каго-небудзь яшчэ. Каб зразумець нашае грамадства, трэба заўсёды мець на ўвазе адну рэч, якую звычайна выпускаюць з-пад увагi. Як быццам згаварылiся ўсе i нiхто пра яе нiчога нiдзе не кажа i не пiша. I, вiдаць, не будуць гаварыць i пiсаць. Уся справа ў заангажаванасцi не толькi камунiстычнай iдэалогiяй, але яшчэ i КДБ. КДБ пранiк ва ўсе слаi нашага грамадства, i трэба мець на ўвазе, што людзi, заангажаваныя iм, у лепшым выпадку выключаны з грамадскага жыцця; яны, так бы мовiць, палiтычна назаўсёды кастрыраваны, а ў горшым выпадку — заангажаваныя так, што хады назад няма, бо ўсялякая дэмакратыя для iх — пагiбель, таму што дэмакратыя на сваiх сцягах заўсёды нясе люстрацыю. Раней яны нiбыта дазвалялi сабе некаторую фронду, апазiцыйнасць, а цяпер, калi падступiлi перамены i паўстала вельмi моцная пагроза, яны канчаткова скiнулi з сябе ўсе маскi i пачалi змагацца за сваю скуру. У гэтым уся прычына. I тое датычыць не толькi iнтэлектуалаў, тое — паўсюдная з’ява, бо спецслужбы пранiклi паўсюль. I таму яны кiруюць цяпер.

Прыналежнасць да спецслужбаў не проста нейкi занятак, хобi — гэта ў рэшце рэшт накладвае на чалавека пэўны адбiтак i выпрацоўвае яго жыццёвую псiхалогiю. Цяпер прынята лiчыць, што тыя людзi, завербаваныя КДБ, — стукачы, якiя некага выдавалi. Ды зусiм не. Так, калi трэба было, яны тое рабiлi, але яны рабiлi гэта як члены якога-небудзь масонскага ордэну, выключаныя з грамадскага жыцця i далу­чаныя да iншай, таемнай супольнасцi. Пры гэтым такiмi людзьмi спецслужбы могуць кiраваць як заўгодна, у якiм хочаш напрамку: на выбарах, у палiтычнай барацьбе i iнш. А калi хто-небудзь заўпарцiцца, дык ёсць метады, як iх уцiхамiрыць, — абвесцяць, напрыклад, «блакiтнымi» i да т.п.

Пераважаюць, асаблiва сярод iнтэлiгенцыi, такiя вось людзi. Яны вызначаюць. I чаму з Савiцкiм такое здарылася? Я, канечне, нiчога не сцвярджаю, але iнакш нельга растлумачыць метамарфозы некаторых людзей. Дапусцiм, я таксама маю пэўныя густы ў мастацтве. I, папраўдзе сказаць, авангард, абстракцыянiзм мне таксама не падабаюцца. Але гэта не значыць, што я буду змагацца з iмi, я ж не пракурор... Можа, iншым такое падабаецца, а творы гэтыя значныя i нават вялiкiя i маюць права на iснаванне. Але калi пачынаецца жахлiвая барацьба ў нацыянальных межах, то тут, канечне, ужо не эстэтычныя схiльнасцi дыктуюць, тут дыктуе тайная палiцыя.

Прычым такое магчыма толькi ў таталiтарнай дзяржаве, якая была раней i якая цяпер так iнтэнсiўна аднаўляецца. У дэмакратычным грамадстве такое немагчыма. Мы ж ведаем сiлу гэтых органаў: яны маглi забяспечыць не толькi кватэру, працу, прапiску, але i правесцi па ўсёй кар’ернай лiнii, пачынаючы ад студэнта i заканчваючы акадэмiкам. I калi знакамiты фiзiк поруч з Савiцкiм выступае па тэлебачаннi з абаронай «прынцыпаў», то гэта дыктуецца не фiзiкай, а iнтарэсамi той жа тайнай палiцыi...

— Вашая парада ў такiх неспрыяльных варунках маладым патрыётам, хто не жадае прымаць «новай» палiтыкi i, расчараваны лёсам, не ведае, што рабiць далей?

— Суняць сваё расчараванне i працаваць. Працаваць дзеля падвышэння нацыянальнай самасвядомасцi. Толькi гэта.

У нас жа гiне культура. Як заўсёды ў такiх умовах, узрастае роля дыяспары... Культурныя пласты напрацоўваюцца на працягу доўгага часу, высiлкамi многiх пакаленняў, а руйнуюцца — iмгненна, нашмат хутчэй. Патрыёты мовы, дзеячы ТБМ выступалi за тое, каб адраджаць мову павольна, каб — «не перагнуць палку», каб — «да канца стагодзя». I гэта ўвогуле правiльна. Але вынi­шчацца яна будзе за лiчаныя гады, калi не месяцы. Таму што адразу абвальна пяройдуць кiраў­нiцтва, элiта, горад ужо перайшоў, засталося яшчэ авалодаць расейскай мовай вёсцы, дзе яшчэ нейкiя рудыменты беларускасцi захавалiся... I ўсё...

Таму не трэба роспачы. Трэба закансерваваць тое, што ў нас ёсць, што напрацавала нацыя ў галiне культуры i лiтаратуры, мастацтве, i ў элiтных слаях будзе адбывацца, прынамсi, я так думаю, марудная рэанiмацыя, падтрымка нацыянальнага жыцця. Як гэта было ў мiнулым. Хоць у мiнулым усё-такi лепшыя былi ўмовы, таму што тады ашчаднiкам мовы i нацыянальнай культуры — не свядомасцi, а культуры — было сялянства, якое iх выпрацоўвала i кансервавала. Яно па сацыяльных прычынах не магло далучыцца да чагосьцi iншага, да iншай мовы i культуры. А цяпер тэлебачанне далучыць каго хочаш, хоць самога д’ябла. I таму будзе даволi складана. Але, тым не менш, я ўсё-такi думаю, што нацыянальная культура i жыццё будуць прадаўжацца, хоць у некалькi аслабленым стане.

Я, канечне, песiмiст. Але я песiмiст у адносiнах да пакалення майго веку, у адносiнах да сябе асабiста; я ведаю, што мне нацыянальнага росквiту не дачакацца, я не пабачу, гэта будзе недзе пасля, але гэта будзе. Будзе шчасце, i будзе дзяржаўнасць, i будзе ўсё, таму што ў той форме, у якой мы iснавалi як народ i якая нам наканавана цяперашнім кiраўнiцтвам, — у такой форме шчасця не будзе. Будзе зноў няшчасце.

I людзi зноў будуць шукаць, зноў будуць кiдацца ў пэўным накiрунку. А пэўны накiрунак для нас — мы не першапраходцы ў гэтым сэнсе — паказваюць нашыя суседзi, паказвае Еўропа, i мы ў рэшце рэшт пойдзем туды. Канечне, пры ўмове, што ядзерны Апакалiпсiс не спынiць усё гэта. А сёння гэта зноў становiцца вельмi магчыма...

Попел расчаравання, дыямент надзеі: «Рарытэт будзе вельмі каштоўны»


— На палiтыку спадзяваннi традыцыйныя. Але мы забываемся, што жывем напрыканцы юдэяхрысцiянскай эры, у г.зв. «цывiлiзацыi смерцi» (вызначэнне Яна Паўла II), i што нашае маленькае Адраджэнне, можа быць, асуджана на марнасць якраз з прычыны марнасцi самога свету. Цытуючы Вашыя словы 1989 г. — «у жыццi заўжды важнае значэнне мае вернасць абранай мэце, але, як гэта нярэдка здараецца ў гiсторыi, iсцiннай мэты можна i не дасягнуць нават пры жыццi некалькiх пакаленняў, хада гiсторыi зусiм не адэкватная меры чалавечага жыцця». Можа быць, увесь гэты адраджэнскi iмпэт — у палiтычнай, маральнай ды мiстычнай сферах — апрыёрна быў асуджаны на марнасць i няўдачу?

— У гiстарычным аспекце воля да Адраджэння можа стацца важнейшай за само Адраджэнне, за яго непасрэдныя наступствы. Прынамсi, для беларусаў. Як вядома, нашае грамадства хворае, занядбанае, скутае апатыяй, даўно гатовае паставiць на сабе крыж. Але калi напрыканцы XX стагодзя яно ўсё ж знаходзiць у сабе пэўныя сiлы i ўласных прарокаў, што адважваюцца заявiць пра свой нацыянальны гонар, пра новае (у каторы раз) памкненне да Бога i справядлiвасцi, якiя iншыя нацыi здабылi даўно, дык тое сведчыць, што нацыя жыве, яшчэ «не згiнэла», бо не згiнула яе нацыянальная воля.

Няхай не ўдалося на гэты раз. У iншых нацыяў, як вядома, таксама не ўсё ўдавалася з першага цi нават з пятага разу, лiлося нямала крывi, выдаткоўвалiся вулканы людской энергii. Але ўрэшце яны дамаглiся самага галоўнага — дзяржаўнай суверэннасцi, чым далi нам прыклад. Усё ж мы маем для таго ўсё неабходнае: мову, тэрыторыю, гiсторыю. Iншыя, як курды, напрыклад, не маюць нават сваёй тэрыторыi, i то не цураюцца запаветнае мары аб уласнай дзяржаўнасцi. Яны змагаюцца. I калi нам цяпер чагосьцi не хапае, дык найперш — нацыянальнай волi, дасканалай нацыянальнай свядомасцi. Але тое не даецца прэзiдэнцкiм указам, тое выхоўваецца праз стагоддзi. Або памiрае — мабыць, у той дзень, як памiрае мова. I гэта выдатна разумеюць ворагi беларушчыны, беручыся перш за ўсё вынiшчаць беларускую мову.

Наш гiстарычны час на зыходзе, хаця ён можа i расцягнуцца. На колькi — хто возьмецца вызначыць?

— Васiль Уладзiмiравiч, Вам не шкада гадоў, патрачаных на палiтыку?

— Мне? Ну, Божа мой, у палiтыцы я нiколi нi на што не разлiчваў, дый нiколi не быў палiтыкам. У рэшце рэшт, я ўсё-такi свабодны чалавек, хоць гэта мне доўгi час не ўдавалася, — пры таталiтарным рэжыме якая ж свабода? — але ўрэшце я прыдбаў нейкую свабоду, мог пiсаць, мог не пiсаць, мог пiсаць артыкулы, а мог апавяданне цi аповесць. Гэта вельмi важна, калi ёсць свабода выбару, хоць усё гэта досыць адносна...

Для мяне пэўна, што ў ХХ стагоддзi Беларусь шчасця не знойдзе, а ў наступным — не ведаю. Можа, трэба будзе i пазмагацца. Але ўрэшце — «загляне сонца i ў наша ваконца». Таму што iнакш немагчыма, калi толькi не спынiцца жыццё на зямлi. Бо калi яно будзе iснаваць, то будзе развiвацца па нейкiм Боскiм накiрунку, iнакш тады трэба адмаўляць усялякi прагрэс. Прагрэс ёсць, пэўныя гiстарычныя вiткi, хоць яны i паўтараюцца, але вядуць угору...

— Як бы Вы ацанiлi гiстарычную вартасць таго, што напрацавана нацыянальнымi сiламi за найноўшы час: гэта ўсё часовае цi мае па-надчасовую каштоўнасць?

— Тое, што напрацавалi за гэты час i нацыяналь­ныя сiлы, i нацыянальныя палiтыкi, — гэтае «апярэджанне», гэта вялiзны капiтал, маральны, палiтычны капiтал для нацыi. Можа, у гэтай галiне за 70 гадоў столькi не зроблена, колькi зроблена за апошнiя пяць гадоў. Памятаеце тое кароценькае еўрапейскае Адраджэнне, драматычнае, трагiчнае — абвяшчэнне БНР у 1918 годзе? Якiя наступствы з яго? Амаль нiякiх у соцыуме. Тым не менш, вунь як яно важнае цяпер. I чым далей аддаляецца Беларусь ад таго моманту, ад той падзеi 25 сакавiка, тым гэта, быццам дыямент, блiшчыць усё ярчэй, усё больш кошту мае, як усялякi рарытэт.


Так i сучаснае. Рарытэт будзе вельмi каштоўны. Сiмволiка ў тым лiку. Ужо нiхто не скажа: «Гэты сцяг прыдуманы». Ужо гiсторыя, мiфалогiя ствараюцца вакол бел-чырвона-белага сцяга. I ён будзе яшчэ даражэйшы...

Сённяшнiя пакаленнi, канечне, перажываюць расчараванне, але не трэба было i надта зачароўвацца. Што рабiць? Шчасце так проста не прыходзiць з Белавежскай пушчы цi хоць бы адкуль там нi было. За яго трэба змагацца. Трэба выспець нацыi да некаторых элементарных высноў. А яна ў нас яшчэ не выспела, калi спрэс выбiраюць старшыняў i прэзiдэнцкiх паслугачоў. Або, калi гэтыя выбары несвабодныя, сфальсiфiкаваныя, — чаму дазваляе фальсiфiкаваць? У iншых краiнах, цывiлiзаваных нацыях — дэмакратычных, сучасных — такое немагчыма. А ў нас магчыма. Значыць, нам яшчэ трэба жыць i змагацца. Але галоўнае — трэба змагацца...

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: