Пры чым тут Таццяна?

Некалькі дзён таму ў «Народнай волі» Анатоль Сідарэвіч паздзекваўся з захаванай ў Беларусі савецкай традыцыі адзначаць заімшэлыя фальшывыя даты. Сапраўды, якое дачыненне да беларускай арміі мае 23 лютага? 25  студзеня беларусы мелі магчымасць глядзець саладжавыя рэпартажы БТ пра быццам бы дзень беларускага студэнцтва – Таццянін дзень.



da4f21d00b1992e0b25f463b722dcc6a.gif

Некалькі дзён таму ў «Народнай волі» Анатоль Сідарэвіч паздзекваўся з захаванай ў Беларусі савецкай традыцыі адзначаць заімшэлыя фальшывыя даты. Сапраўды, якое дачыненне да беларускай арміі мае 23 лютага? 25  студзеня беларусы мелі магчымасць глядзець саладжавыя рэпартажы БТ пра быццам бы дзень беларускага студэнцтва – Таццянін дзень.
Пачаць варта з віншавання ўсіх нашых знаёмых Таццян з днём анёла. Праўда, паколькі Беларусь жыве па новам календары ўжо з канца 16 стагоддзя, нялішне будзе нагадаць, што Таццянін дзень – 12, а не 25 студзеня. 25 студзеня ён прыпадае па старым юльянскім календары, і ў Расіі, дзе ў некаторых злічэннях часу дагэтуль яшчэ не наступіў Рэнесанс, а працягваецца Сярэднявечча, Таццянін дзень лічаць па-старому.
Дзень студэнта звязваюць з заснаваннем у 1755 г. 23 студзеня (да нашых дзён юльянскі каляндар спазніўся яшчэ на двое сутак, і Таццянін дзень пераехаў на 25-е) указам царыцы Елізаветы першай расійскай ВНУ – універсітэта ў Маскве. Пры чым тут Беларусь, ВКЛ ці Рэч Паспалітая? Што, нашыя студэнты спрэс вучацца ў Маскве? Першы беларускі ўніверсітэт паўстаў значна раней, 1 красавіка 1579 г., у Вільні па ўказе Стэфана Баторыя. Пра гэта «НЧ» ужо пісаў пару год таму, адзначаючы, што «сусветны дзень дурняў» 1 красавіка значна лепш падыходзіць для нацыянальнага моладзевага свята. Весяліся і валяй дурня – хто час ад часу можа зрабіць гэта лепш за студэнтаў?
Пасля падзей у Мінску 19 снежня 2010 г. увесь свет убачыў, што нарэшце нараджаецца новы беларускі народ. Малады, адукаваны, мужны. Калі на плошчы 19 сакавіка 2006 г. са студэнтаў былі ў асноўным гісторыкі ды філолагі, то зараз сітуацыя радыкальна змянілася. Выказаць сваё стаўленне да будучыні краіны выйшлі студэнты розных ВНУ, і не толькі мінскіх. А пазней выразна засведчылі сваю салідарнасць. Навошта ім чужы Таццянін дзень? Да 1 красавіка яшчэ застаўся час. Можа, 2011 г. стане першым годам, калі беларускае студэнцтва здолее годна адзначыць сваё нацыянальнае студэнцкае свята? Выразна паказаўшы, хто ёсць дурнем у гэтай краіне.