Адсутнасць нечаканасцяў

Палата прадстаўнікоў, як і чакалася, прызначыла дату працэдуры пад назовам “прэзідэнцкія выбары” на 11 кастрычніка. Гледзячы па ўсім, гэта будзе самая нецікавая электаральная кампанія за ўвесь час найноўшай беларускай гісторыі.

Не сакрэт, што дату правядзення чарговага мерапрыемства, іменаванага выбарамі, вызначае не Цэнтрвыбаркам і не штучна створаны ў 1996 годзе пасля сумнеўнага лістапдаўскага плебісцыту нацыянальны сход. Вось і гэтым разам спачатку пастаўленая на пасаду Аляксандрам Лукашэнкам бяззменная, як і ён, кіраўнічка Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына агучвала дату 15 лістапада. А потым, з нейкага пераляку, з’явілася 11 кастрычніка. Ну, не сама ж слынная “баршчаварка” прыдумала перанос даты самай галоўнай кампаніі пяцігодкі на месяц раней.

Насамрэч, дата тут грае не самую галоўную ролю. Хаця для ўлады і  магчыма. Сітуацыя ў эканоміцы пагаршаецца такімі тэмпамі, што ў драздоўскіх небажыхароў не тое што кожны месяц, кожны тыдзень на рахунку. Хто яго ведае, што можа быць у галовах выбарцаў у кастрычніку, і тым больш у лістападзе, калі дабрабыт будзе пагаршацца і пагаршацца, а эканоміка і надалей каціцца долу. Але гэта толькі страхі ўладатрымцаў. Верагодна, абгрунтаваныя.

Але, падаецца, гэта ніяк не зязана са страхамі, датычнымі магчымай дзейнасці апазіцыі на будучых выбарах. Старт кампаніі дадзены, але што будуць рабіць вітрынныя апаненты ўлады, дагэтуль невядома. Тое, як паводзілі сябе апазіцыянеры ў плане падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, не ўкладаецца ні ў якія разумныя палітычныя рамкі.

Некалькі гадоў мусолілі пытанне “адзінага кандыдата”, ды так і не вымусалілі. Раз’яднанне апазіцыі такое, якога, бадай, не было за ўвесь час існавання лукашэнкавай Беларусі. І зараз усе патугі, каб стварыць хоць нейкі выгляд апаніравання дзейнай уладзе і яе правадыру, поспеху мець не будуць, тут да бабулі не хадзі.

Удзел апазіцыі ў выбарах, хутчэй за ўсё, будзе нагадваць батлейку. Улада ў асобе Ярмошынай зарэгіструе таго, хто будзе падавацца ёй больш бяспечным (а хто, пардон, для яе зараз з’яўляецца небяспечным???). Тым больш што спарынг-партнёр-гарлапан ёсць, і апрабаваны ён ужо ў часе некалькіх прэзідэнцкіх кампаніяў. Сур’ёзнага ж апанента ад апазіцыі гэтым разам не праглядваецца.   

Улада не бачыць сур’ёзных сапернікаў з лагера так званай “пятай калоны”, як кліча сваіх апанентаў Лукашэнка (хоць і не заўважае, што сапраўдная “пятая калона” — прарасійская, якая здасць яго ў любы момант, — ходзіць з ім побач па ўладных калідорах). На думку эксперта Аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Валерыя Карбалевіча, самым галоўным ворагам і бядою Лукашэнкі сёння з’яўляецца эканоміка. А вось тут ні ён, ні ягоныя памагатыя-чыноўнікі рады даць не могуць. Законы эканомікі не падпарадкоўваюцца дэкрэтам, указам ці рыку галоўнага чыноўніка. А калі ў электарата завурчыць у страўніку, ніякія заклікі патрываць і пацярпець могуць не адыграць той ролі, якую яны гралі апошнія дваццаць з гакам гадоў.

Хоць досвед апошняга часу паказвае, што беларусы могуць вытрываць усё, нават трохразовую дэвальвацыю, і нават не пікнуць. Такі вось народ. Але хто яго ведае, як тое будзе далей.

Тым не менш, больш за ўсё сведчыць пра тое, што цяперашняя электаральная кампанія будзе самай сумнай. Бо нават самі апазіцыянеры не ставаяць перад сабою задачу перамагчы ў мерапрыемстве пад назовам выбары. І змяніць прагназавана сярмяжны сюжэт, хутчэй за ўсё, могуць толькі нейкія ну зусім нечаканыя ўнутрнаныя ці знешнія падзеі. Але наўрад ці.

З упэўненасцю можна казаць, што сцэнар 2010 года не паўторыцца. Улада застаецца той жа, але апазіцыя змянілася. Не ў лепшы бок. Ды і электарат таксама, асабліва на тле таго, што адбываецца ва Украіне. Так што працэдура пераабрання Лукашэнкі ператвараецца ў прымітыўную банальнасць з вядомым загадзя вынікам.