Амаральнасць бескантрольнай сілы

Чым бліжэй акцыя 25 сакавіка на Дзень Волі, тым больш актывізуюцца розныя сілавыя структуры ў сваёй дзейнасці па прадухіленні выражэння незадаволенасці палітыкай дзяржавы тымі грамадзянамі, якія збіраюцца ў суботу і нядзелю выйсці на вуліцы.

малюнак з pixabay.com

малюнак з pixabay.com


Больш за тыдзень па ўсёй Беларусі ідуць затрыманні і арышты актывістаў дэмакратычных сілаў.
Варта звярнуць увагу, што акцыі «сілавікоў», як трапна заўважыла заснавальніца і былая старшыня, а цяпер сябра Праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, вызначаюцца выкарыстаннем неапраўданага гвалту і нагадваюць «бандыцкі напад чорнашапачнікаў».
Нагадаем, што амаль першыя шакуючыя падзеі адбыліся ў Мінску па завяршэнні дазволенага (!) уладамі мерапрыемства — «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка, акурат у Дзень Канстытуцыі, калі па завяршэнні мірнай дэманстрацыі невядомыя (?) у цывільным спынілі тралейбус 37-га маршрута і з выкарыстаннем сілы, збіваючы і абражаючы, затрымалі маладых людзей (як хлопцаў, так і дзяўчат), якія там ехалі, цягнучы іх па асфальце ў транспартныя сродкі без апазнавальных знакаў. І, як высветлілася пазней, гэта быў толькі пачатак масавага гвалту.  
Апошнія звесткі нагадваюць паведамленні з нейкага фронту. Актывістаў дэмакратычнага руху, і не толькі, хапаюць па ўсёй Беларусі ледзь не кожную гадзіну. Ізноўку з выкарыстаннем такога гвалту, як быццам праваахоўныя органы хапаюць лідараў злачыннага свету альбо тэрарыстаў. Складваецца ўражанне, што за паўтары гады так званай «адлігі» і «лібералізацыі» ў некаторых служакаў-сілавікоў так засвярбелі кулакі, што яны толькі і чакалі сігналу, каб даць ім «размяцца».
Што змусіла гэтым служакам хапаць і збіваць у кроў былога намесніка старшыні Руху «За свабоду» палітолага і перакладчыка, вельмі інтэлігентнага чалавека Алеся Лагвінца, якога ў чацвер затрымалі ў сталічным мікрараёне «Малінаўка» разам з 22-гадовым сынам Антонам, калі тыя выходзілі са свайго дома па вуліцы Касманаўтаў? Стала вядома, што пазней Лагвінца адвезлі ў сталічны шпіталь №9, бо збіты актывіст пасля гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да яго пакутуе на болі ў галаве і руцэ.
Якія такія злачынствы здзейсніў лідар грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, якога «ўзялі» адразу пасля таго, як той адвёў малую дачку ў дзіцячы садок? Каго забіў, абрабаваў ці згвалціў палітык Вячаслаў Сіўчык, якога вырвалі з жалобнага аўтобуса, у якім Сіўчык накіроўваўся на пахаванні дзядзькі? І гэта далёка не ўсе прыклады.
Што гэта за такія жарсці развязала ўлада напярэдадні Дня Волі? Чаму ў краіну зноў вярнуўся сілавікоўскі гвалт і рэпрэсіі? Відаць, улада сапраўды вельмі напалохалася мінулых акцыяў супраць «антыдармаедскага дэкрэта» Лукашэнкі, якія пракаціліся па ўсёй краіне. А ў «вечнага прэзідэнта» здалі нервы. Магчыма, з падачы некаторых дзеячоў спецслужбаў у бяззменнага кіраўніка дзяржавы склалася ўражанне, што краіне і яму асабіста нешта пагражае «знутры» «ягонай Беларусі». Зноў мроіцца правадыру нейкая «пятая калона», таму і сядзяць на «сутках» амаль усе лідары апазіцыі.    
Апошнія амаль штодзённыя нарады з усімі запар чноўнікамі ды сілавікамі і выступы Лукашэнкі падчас ягоных паездак па краіне сведчаць пра тое, што вярхоўная ўлада вярнулася да той палітыкі, якую яна праводзіла і раней, да 2015 года. Гэтая ўлада не гатовая да сапраўдных ператварэнняў, яна толькі праз сціснутыя зубы да пары — да часу цярпела «разгул дэмакратыі», таму 25 сакавіка 2017 года абсалютна магчыма вяртанне да сцэнару вечара 19 снежня года 2010, калі гэтак жа гвалтоўна хапалі людзей (прычым не толькі ўдзельнікаў) пасля мірнай акцыі па завяршэнні прэзідэнцкіх выбараў.
Тым часам ствараецца ўражанне, што ў заходніх чыноўнікаў і палітыкаў нібы з’явілася павязка на вачах — апроч дзясяткаў праваабарончых арганізацыяў на апошнія падзеі ў Сінявокай практычна ніхто не адрэагаваў. Наадварот, у Мінск цугам едуць высокія заходнія службовыя асобы і банкіры, і ніводзін не адмяніў свой візіт на знак пратэсту супраць гвалту, які чыніцца ў Беларусі да апанентаў дзейнай улады апошнія тыдні. Таму аднаму Богу вядома, чым можа скончыцца акцыя 25 сакавіка, прынамсі, у беларускай сталіцы.