Ім Быкаў не патрэбны

Прагартаў сёння старонкі афіцыйных сайтаў, зазірнуў у дзяржаўныя друкаваныя выданні. Нідзе аніводнага слова (мо, я штосьці прапусціў) пра тое, што сёння Народзіны аднаго з самых слынных Беларусаў — Народнага пісьменніка Васіля Быкава, якога многія называюць сумленнем беларускага народа і гэтым маюць рацыю. Васіль Уладзіміравіч ніколі не імкнуўся да дзяржаўных, афіцыйных прызнанняў ці ўзнагарод. У тым была ягоная сутнасць як Чалавека і як Творцы.

У Беларусі няма ніводнага самрэчнага помініка (калі не лічыць наўзмагілле на Усходніх могілках) гэтаму цудоўнаму пісьменніку ад Бога.

Апошнім часам узняўся скандал вакол трэцяга (!!!) помніка Аляксандра Пушкіна ў Магілёве, “падоранага” абласному цэнтру нейкай сумнеўнай расійскай арганізацыяй. Прычым, сэнс і змест гэтага праімперскага “твору мастацтва” (агаваруся, што супраць самога Пушкіна не маю нічога супраць — вялікі паэт застаецца вялікім паэтам) быў накіраваны на тое, каб “даць адпор” усім “клеветнікам Россіі”. Нават нашы чыноўнікі на самым кансерватыўным мясцовым узроўні “дашурупілі”, што ў сённяшніх знешнепалітычных варунках нават нейкія творы геніяў з шавіністычным адценнем нельга змяшчаць на пастаментах. Але гаворка не пра гэта.

Тры помнікі ў адным горадзе няхай і выбітнаму, але замежнаму паэту. І ніводнага па ўсёй Беларусі насамрэч сапраўднага знака прызнання таго, хто праз сваё вялікае слова, праз творы, якія раскрылі сутнасць самай страшэннай вайны ў гісторыі чалавецтва, праславіў Беларусь, яе культуру на ўвесь свет. Гэта нармальна?

Наша кіраўніцтва раздае налева-направа медалі і ордэны Францішка Скарыны тым, хто мае вельмі ўскоснае дачыненне да беларускай культуры і гісторыі альбо ўвогуле да гэтага “ні сном, ні духам”. Затое сапрадўныя беларускія творцы не маюць магчымасці выдавацца ў сябе на радзіме. Як гэта вельмі часта было і з Быкавым. Колькі здароўя і нерваў каштавала яму ў свой час публікацыя (прычым, з вымушанымі купюрамі) геніяльнай аповесці “Мёртвым не баліць”. Пра гэта вельмі цудоўна напісаў мой калега Сяргей Шапран, які вельмі шмат высілкаў прыклаў да даследвання і збору творчае спадчыны Васіля Уладзіміравіча.    

Помню 19 чэрвеня 2003 году. Мая вельмі добрая сяброўка Алена Лукашэвіч — журналістка, жонка Віталя Тараса, таксама вядомага беларускага журналіста (валадарства яму Нябёснае), тады распавяла, што чарговым разам з’ездзіла да Быкава ў Бараўляны. На вялікі жаль, сказала Алена, гэта, відаць, апошні Дзень народзінаў Быкава. Гэта быў адказ на маё пытанне, ці будзем адзначаць ягоны юбілей у наступным годзе. Але тады не верылася, што вочы Васіля Ўладзіміравіча назаўжды закрыюцца літаральна праз тры дні. Прычым роўна на гадавіну нападу гітлераўскіх фашыстаў на нашу краіну.

Помню і дзень пахаванняў, калі да Дома літаратара на вуліцы Фрунзэ ішлі тысячы людзей з кветкамі, вянкамі, карзінкамі, з бел-чырвона-белымі сцягамі. Амаль ва ўсіх на вачах былі слёзы. Людзі разумелі, якую невымерную страту панесла Беларусь.

Усяго тры дні — ад Дня нараджэння да адыходу да Бога. Гэта вельмі сімвалічна, калі разглядаць гэта дачынна Васіля Быкава.

Сёння нам яго вельмі не хапае. Не хапае яго меркавання наконт таго, што ж адбываецца цяпер з Беларуссю, са Светам, з усімі намі. Беларускі Прарок, без сумневу, мог бы шмат чаго параіць і сённяшнім апазіцыянерам, і ўладам. Бо сам Быкаў — гэта Розум. Шчыры, праўдзівы, адказны. Геніяльны. І гэтага Розуму сёння не хапае ўсім нам. Гэта вельмі моцна адчуваецца праз 12 год пасля Яго сыходу. Сапраўдная Беларусь ніяк не можа ачуняць ад пачуцця асірацеласці.