Свята і пяшчота «Палаца»

Сотні сяброў і проста прыхільнікаў слыннага беларускага фолк-рок-мадэрн гурта «Палац» сабраліся ўвечары 4 красавіка ў сталічным клубе «Друзья», каб адзначыць юбілей калектыву і ягонага лідара Алега Хаменкі. «Палацу» споўнілася 25 гадоў, а ягонаму франтмэну і завадатару — 50. Вельмі прыгожыя даты!

Фота: Еўрарадыё

Фота: Еўрарадыё

На канцэрт прыйшлі людзі розных пакаленняў, многія разам з сем’ямі. Яшчэ да пачатку імпрэзы госці разважалі пра тое, што «Палац» стаўся ўжо легендай беларускае музыкі. Насамрэч, яны першыя на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя стварылі новы стыль, спалучыўшы фальклор і сучаснае гучанне. Да «Палацу» гэтага ў нашай краіне не рабіў практычна ніхто.
І вось загучалі першыя акорды. Публіка адразу «рынулася ў атмасферу». Адначасовае гучанне акардыёна Змітра Карабача і трубы (а потым і іншых духавых інструментаў) Юрася Белякова, электрагітары аднаго з найвыбітных айчынных музыкаў Сяргея Трухановіча і акустычнае гітары Алега Хаменкі з дадаткам «электронікі» проста заваражылі. Ну, а пра голас і манеру выканання лідара «Палаца» ў спалучэнні з цудоўнымі бэк-вакаламі іншых музыкаў можна не казаць, бо словамі перадаць гэта немагчыма.
Алег Хаменка пастаянна размаўляў з залай, жартаваў, узгадваў цікавыя гісторыі, вербальна абыгрываў амаль кожную песню. І гэта было вельмі шчыра і весела. Публіка адказвала музыкам узаемнасцю, актыўна падпяваючы ды танчачы. Прысутныя пачулі амаль усе хіты, якія калектыў выпусціў за 25 гадоў, у тым ліку «Русалкі», «У лузе на бродзе», «Канюшня», некалькі калядных песень, пад якія людзі рознага веку пачалі вадзіць карагоды наўпрост перад сцэнаю, што яшчэ больш заводзіла саміх выканаўцаў. Да дрыжыкаў у душы давяла прысутных  адна з найлепшых кампазіцыяў «Палацу» за ўсю гісторыю яго існавання «Кола грукатала». «Гэта самы сапраўдны, якасны рок-н-рол», — у захапленні адзначыў у вуха аўтару гэтых радкоў вядомы беларускі музычны крытык і журналіст Зміцер Падбярэзскі.
Павіншаваць сяброў прыйшлі музыкі яшчэ аднаго выбітнага беларускага калектыву — таксама гурт-ветэран «Крама». Ігар Варашкевіч і кампанія з задавальненнем выканалі разам з «палацаўцамі» адну з любімых кампазіцыяў юбіляра Алега Хаменкі «Выпі са мной да дна». «Мы вельмі блізкія сябры, ды і дзяліць нам няма чаго, бо вось Сяргей Трухановіч адначасова і «Крама», і «Палац», — засмяяўся са сцэны Алег Хаменка.
Дарэчы, апроч кветак, нейкая аматарка «Палацу», ужо саліднага веку, прыпаднесла лідару гурту пляшку «Шампанскага». Алег Хаменка тут жа загадаў яе адкаркаваць, і ў вялікім піўным (адпаведнага памеру посуду для «шампаню» пад рукамі не аказалася) куфалі пасля глытка самога музыкі ігрысты напой адправіўся “па руках” гасцей у залі. Так што шмат хто прыгубіў “шампаню” і такім чынам далучыўся да Алегавага юбілея нават фізічна.
Песні і танцы доўжыліся дзве гадзіны. Энергетыка проста зашкальвала. Калі імпрэза скончылася, людзі не хацелі разыходзіцца і  толькі выказвалі пажаданні, каб такія гурты, як «Палац», выступалі як мага часцей, а не толькі па сваіх юбілеях.
«Новы Час» віншуе «Палац» і Алега Хаменку з найпрыгожымі датамі ў іх жыцці!