Улада паказала свой твар

Тое, што адбывалася ў Мінску ўвечары 15 сакавіка пасля заканчэння афіцыйна дазволенай акцыі, не ўпісваецца ні ў якія рамкі. Здаравенныя мужыкі ў цывільным хапалі маладых людзей, у тым ліку і дзяўчат, збівалі і зневажалі на вачах у абураных грамадзян.

darmaedi__1_of_1__logo_1.jpg


Улада працяглы час пускала пыл у вочы як тутэйшай, так і міжнароднай супольнасці. Ад вясны 2015 года прынамсі ў сталіцы амаль беспакарана праходзілі вулічныя акцыі апазіцыі, якія мелі выключна мірны характар. І склалася ўражанне, што рэжым, хоць і не ад добрага жыцця, пачаў мяняцца. Як памыляліся тыя, хто так лічыў!

Тое, што адбываецца апошнімі тыднямі ў Беларусі, сведчыць, што кіраўніцтва краіны проста па сваёй прыродзе не можа мяняцца.

Але, спадарства, “дэмакратыя” скончылася, а апанентам, “пятай калоне” хопіць шпацыраваць па вуліцах. Яшчэ большае раздражненне ў правадыра выклікалі не столькі заклікі ўдзельнікаў вулічных пратэстаў адмяніць бязглузды і шкодны дэкрэт, колькі патрабаванні адстаўкі. Такога ў цяперашнім нервовым стане бяззменны афіцыйны лідар стрымаць не мог.

На ўсю краіну трансляваліся заклікі Лукашэнкі да спецслужбаў аб “выкалупванні разынак” з пратэстных “булак”. І спецслужбы адрэагавалі імгненна. Асабліва “ваяры” міністра ўнутраных спраў, якога Аляксандр Фядута вельмі трапна назваў “наркамам унутраных справаў”. Вельмі трапна! Спачатку Шуневіч з’яўляецца на публіцы побач з кіраўніком дзяржавы ў форме афіцэра НКВД (ад згаданай абрэвіятуры дагэтуль трасе многія тысячы людзей, якія ці наўпрост самі, ці іх сваякі пацярпелі ад гэтай установы падчас сталінкіх рэпрэсіяў), а потым ягоныя падначаленыя пачынаюць дзейнічаць так, што хапае жах. І абурэнне.

Спыняюць тралейбус, урываюцца і пачынаюць хапаць маладзёнаў, выкручваюць рукі, цягнуць па зямлі ў мікрааўтобусы, пры гэтым абражаюць і збіваюць, што добра відаць на відэаздымках, якія неабыякавыя людзі распаўсюдзілі ў інтэрнэце. Заўважце, што ўсё гэтае прававое і маральнае бязмежжа адбывалася ў ДЗЕНЬ КАНСТЫТУЦЫІ, якая гарантуе грамадзянам Беларусі права на свабоду сходаў, мітынгаў, дэманстрацыяў, на свабоду слова, збору і распаўсюду інфармацыі.         

На наступны дзень пасля акцыяў, па краіне пракацілася хваля судоў над затрманымі, і не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах, дзе народ выйшаў на вуліцы. Асноўныя выракі — адміністрацыйныя арышты на максімальныя тэрміны — ад 12 да 15 сутак, з тым разлікам, каб арыштанты не змаглі выйсці на вулічныя акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка.

Лукашэнка выказваецца за адзінства і захаванне Еўрапейскага Саюза, рассыпаецца ў кампліментах да заходніх дзеячоў і структураў. Адначасова ва ўнутранай палітыцы ўжо амаль адбыўся разварот на 180 градусаў. Дзясяткі арыштаваных і асуджаных па адміністрацыйных справах (такога не было амаль два гады), жорсткае выкарыстанне фізічнай сілы, шматлікія аўтазакі ды вадамёты ў дварах і на вуліцах, арышты лідараў апазіцыі, у тым ліку і прэвентыўныя, — ці тая гэта атмасфера для паляпшэння стасункаў з Захадам і магчымасці атрымання крэдытаў, каб канчаткова не абрынуцца ў экананамічную прорву і дэфолт? Зусім не. Толькі ці разумее гэта правадыр?

І яшчэ пытанне наўздагон. А ці бачыць “цывілізаваны Захад” тое, што апошнім часам адбываецца ў Беларусі? Ці так званая мінская перамоўная пляцоўка па вырашэнні расійска-ўкраінскага крызісу з “вёдрамі кавы” і бутэрбродамі ад Лукашэнкі засціла вочы еўрапейскім палітыкам, які ўсё яшчэ разважаюць пра нейікя каштоўнасці? Дзясяткі мірных людзей за кратамі, пад велізарнымі штрафамі, а “адтуль” — ніякай уцямнай рэакцыі, хіба што з боку праваабарончых арганізацыяў.

Няперадзе Дзень Волі 25 сакавіка. Цяпер ужо вельмі цяжка прадказаць, чым можа скончыцца гэтая акцыя дэмакратычных сілаў. Можна толькі маліцца, каб улады не паўтарылі 19 снежня 2010 года.