Вікторыя Азаранка: пераможнае вяртанне

Драматычнае, але пераможнае вяртанне ў вялікі тэніс здзейсніла некалькі хвілінаў таму легендарная беларуская спартоўка, алімпійская чэмпіёнка, пераможца 20 турніраў WTA, уладальніца двух Вялікіх Шлемаў Вікторыя Азаранка.

rtr4xw3v_azarenka.jpg

Фота: Reuters via TUT.BY


Наша суайчынніца ўпершыню пасля нараджэння сына выйшла на корт у Малёрцы і атрымала складаную, але вельмі заслужаную перамогу над суперніцай з Японіі.
Віка не ўдзельнічала ў вялікіх спаборніцтвах больш за год. Але пасля нараджэння Лео Аляксандра вельмі хутка, літаральна праз пару месяцаў, ужо зноў выйшла на корт, пачала актыўныя трэніроўкі. Першапачаткова Азаранка планавала аднавіць сваю спартовую практыку ў ліпені, падчас падрыхтоўкі да Адкрытага чэмпіянату ЗША. Але самаадчуванне на корце былой першай ракеткі свету дазволіла змяніць планы і вярнуцца ў вялікі тэніс ўжо цяпер.
Першы матч пасля вяртання склаўся вельмі драматычна, але і стаўся надта цікавым. Балазе гульня зацягнулася ажно на два дні з прычыны таго, што на малярканскім корце ўвечары аўторка было ўжо цемнавата, і рэферы матчу вырашыў спыніць гульню і працягнуць яе наступным днём. Варта адзначыць, што 67-я ракетка рэйтынгу WTA Рына Адзакі мела перавагу і пачынала гульню ў сераду са сваёй падачы на сэт і матч. Напярэдадні Віка Азаранка ўпэўнена ўзяла першы сэт — 6:3, але потым у другім саступіла настойлівай суперніцы — 4:6.
Трэці сэт складваўся для нашай суайчынніцы спачатку няўдала. Вікторыя, як, відаць, падумалі некаторыя, сама не верыла, што зможа атрымаць перамогу над японкай. Віка стаступала па ходзе сэту 1:4. Але потым уключыла фарсаж, і да таго, як матч быў спынены з-за цемры, амаль зраўняла лік, хоць і не да канца дастала суперніцу. На перапынак да наступнага дня Адзакі мела перавагу ў ліку 5:4.
Шчыра кажучы, цяжка было падумаць, што Віка выцягне гульню. Але Азаранка не была б Азаранкай, каб было інакш. Брэйкпойнт – потым свая падача, потым гейм за япокай, 6:6. І вось тайбрэйк – гэта тэнісная латарэя, як яго называюць адмыслоўцы. Ад пачатку не ўсё добра ішло ў Вікі. Некалькі памылак, і японка наперадзе - 3:1. А потым Віка ўзяла сябе ў рукі і давяла гульню да перамогі – 6:3, 4:6, 7:6 (9:7).
Пасля словаў рэферы «гейм, сэт і матч Азаранка» Віка, відаць, сама не верыла ў сваю перамогу. Але яе каманда вельмі радавалася. Так што атрымалася пераможнае вяртанне Вікторыі ў вялікі спорт. Азаранка, якая да гэтага з прычыны дэкрэтнага адпачынку страціла ўсе пункты ў рэйтынгу, зноў пачала іх набіраць . Тым больш што ў турнірах на Малёрцы яна ніколі не выступала. У чацвер наша тэнісная прыма зноў выйдзе на корт. Будзем чакаць ад яе чарнговай перамогі. А пакуль што з вяртаннем, Віка!