10 гадоў пасля

Гэтыя ўгодкі БНР былі для мяне асаблівымі. Роўна дзесяць гадоў таму мяне першы раз узялі на шэсце. Тады я была яшчэ зусім малым дзяўчом у беленькай шубцы з чырвоным шалікам. Я памятаю тое незабыўнае пачуццё эйфарыі, той настрой, тую атмасферу, калі хацелася нешта рабіць, дзейнічаць. Тады я ўпершыню адчула нейкі дух грамады, стала часткай нечага значнага... У гэтым годзе я ішла да Акадэміі навук, як на працу. Ужо не было тых эмоцый, тых спадзяванняў, таго натхнення. Для мяне застаўся нязменнным толькі чырвоны шалік. Я паглядзела навокал і зразумела, як усё змянілася за гэтыя дзесяць гадоў.

Сапраўды, змяніліся людзі, якія прыходзяць на шэсце. Раней гэта былі тыя, каго завуць інтэлегенцыяй, людзі даволі сталыя, якія верылі ў новую будучыню, якія верылі ў беларускую ідэю. Сёння іх мала, бо яны расчараваліся, расчараваліся хутчэй не ў ідэі, а ў здольнасці нашых лідэраў рэалізаваць яе. У гэтым годзе ў натоўпе я амаль што не бачыла сваіх выкладчыкаў, не бачыла многіх добрых сяброў, якія засталіся дома, бо больш не вераць. Замест іх прыйшлі маладыя, зусім яшчэ маладыя людзі, якія за сваё жыццё ўжо паспелі ўбачыць “аўтазак знутры і намерзнуцца не на адным шэсці. Я ім сапраўды зайздрошчу, бо яны яшчэ не расчараваліся, яны яшчэ маюць у вачах тое натхненне, якое было ў мяне дзесяць гадоў таму. Але гэта не тыя, за кім пойдзе народ, не тыя, хто зможа яго павесці.

Яшчэ па дарозе да Акадэміі навук, я заўважыла шматлікія аўтобусы і “аўтазакі ў дварах, якіх раней не было. Прыгадала тыя часы, калі на дэманстрантаў выпускалі мінскую міліцыю. Зараз нават цяжка ўявіць нейкую акцыю без АМАПу ці людзей у каляровых бярэціках. Мне падаецца, што з кожным разам “барацьбітоў за парадак становіцца ўсё больш і больш. Людзі адпрацоўваюць свае грошы і адпрацоўваюць часам вельмі старанна. Таму сёння на акцыях больш б’юць, ледзь не калечаць. А раней жанчыны галасілі, калі некага хацелі затрымаць, і грамада адбівала людзей ад міліцыі. Раней усе былі часткай адзінага цэлага, якое ўяўляла сілу, зараз кожны асобна.

Многае змянілася за дзесяць гадоў... Самым цікавым новаўвядзеннем для мяне сталі людзі ў цывільным. Яны нібыта такія непрыкметныя, могуць стаяць нават з бел-чырвона-белай стужкай. А вось твар, такі цікавы, па-дзіцячаму непрасветлены, выдае. Ці то раней я іх не заўважала, ці то іх так многа не было, не ведаю. Сёння цяжка часам сказаць, каго ў натоўпе больш апазіцыянераў ці прадстаўнікоў адпаведных органаў. Проста бывае цікава назіраць за людзьмі, за іх рэакцыяй, паводзінамі. Але неяк непрыемна адчуваць на сабе чужы позірк.

Самае крыўднае, што змянілася з тых часоў, гэта месца правядзення і колькасць людзей. Такое адчуванне, што з кожным годам іх становіцца ўсё менш і менш. Многія ідуць на шэсце толькі па інэрцыі, бо вераць у нацыянальную ідэю і не ведаюць, як яшчэ яе выразіць. Неяк дзіўна атрымоўваецца.

Мы згубілі нешта важнае за гэтыя дзесяць гадоў. Мы страцілі тое, што наc аб’ядноўвала, што давала сілы, што рабіла нас моцнымі. Як гэта вярнуць, не ведаю.

Зараз прыгадала сябе дзесяць гадоў таму... Такую радасную, поўную надзей і мар. Я зразумела, самае важнае, што і сёння нехта прыйшоў такі ж акрылены на плошчу. Калі яшчэ ёсць такія людзі, значыць, жыве наша ідэя, жыве наш рух, жыве Беларусь.