Я буду верыць у карму

На падзеі 19 снежня я кожны дзень чую самыя розныя рэакцыі, усе сеткі проста бурляць каментарамі і спрэчкамі. Мяне насцярожвае нейкі надта спрошчаны падзел на «свой-чужы і бачанне ўсяго толькі ў адным колеры.

Пачну з таго, што адкажу многім сваім сябрам і нават зусім не сябрам. Я вельмі задаволеная, што нарэшце за ўсе гады хоць нехта павёў людзей да ЦВК, што было ледзь не самым лагічным за ўсю кампанію. Мне вельмі прыкра, што кандыдаты не зняліся з выбараў ці не дамовіліся аб адзіным кандыдаце. Вельмі ганаруся ўсімі тымі, хто прыйшоў на Плошчу, нават тады, калі не было за каго змагацца і амаль не было надзеі.
Я лічу, што ў шматлікіх ахвярах той нядзелі так ці інакш вінныя ўсе. Дэканы, што зганялі студэнтаў на датэрміновае галасаванне і ўсяляк прагіналіся перад рэжымам. Сябры выбарчых камісій, якія ведалі пра фальсіфікацыі і рабілі сваю чорную справу. А там было шмат настаўнікаў, неяк не хочацца, каб маіх дзяцей вучылі такія людзі. Кожны асобны міліцыянт у шэрагу, які нібыта выконвае загад, але які можа ад яго адмовіцца і стаць хоць на момант чалавекам. Кожны абыякавы чалавек, які не цікавіцца палітычнымі падзеямі. Узнікае пытанне, як ён жыве ў такой краіне? Мне падаецца, што ў гэты снежань не цікавіцца палітыкай было проста немагчыма.
Скажу адразу, што меркаванне кшталту таго, што беларусы атрымалі тое, што заслугоўваюць, мяне здзіўляюць і раздражняюць. Я ўпэўненая, што я сама, а таксама, як мінімум, мае блізкія заслугоўваюць лепшага. Таму не пагаджуся і маю права абурацца на такія заявы. З іншага боку, калі вы лічыце сябе годнымі такога існавання, то калі ласка, светлай вам будучыні ў краіне дактатуры.
Кожны мае права на сваю ўласную думку, але, чамусьці, многія барацьбіты з рэжымам, якія заўсёды крычалі пра свабоду слова, гэтую самую свабоду і абмяжоўваюць ужо зараз. Уся інтэрнэт-прастора падзялілася на два лагеры: чорны і белы. Да першага адносяцца ўсе, хто так ці інакш, хоць адным словам, канструктыўна ці не, але крытыкуе падзеі на Плошчы і ўсё, што з імі звязана. Пачалася нават манія выдаляць адзін аднаго з сяброў у сацыяльных сетках.
З аднаго боку, гэта ўсё лагічна і часткова можна зразумець. Зараз настаў той момант, калі “істэрычны рэжым неабходна яшчэ больш раздражняць толькі з’яднанасцю, ледзь не поўнай маналітнасцю. Аднак, мне падаецца, што такой гульнёй у абмежаванне правоў можна загуляцца, як гэта ўжо неаднойчы рабілі. Таму я вельмі моцна задумалася над тым, што адбываецца і які гэта мае кошт.
Але я хачу быць і буду крыху ідэалісткай. Хачу верыць, што на іншы бок пяройдзе не адзін міліцыянт, што з намі будзе ўсё больш пенсіянераў, што мы будзем салідарнымі і годнымі людзьмі, з чыстым сумленнем. А пакуль я буду верыць у карму і ў тое, што людзям аднойчы ўсё вернецца, і ў двайным памеры. Тым, хто зрабіў нешта годнае і карыснае, — у выглядзе плёну, тым, хто хлусіць і прыносіць боль іншым, — у выглядзе пакут і пакарання. Аднойчы так і будзе.