Ruste! Butor! Voyou!

Учора я ездзіла ў паліклініку рабіць рэнгенаўскі здымак. Працэдура простая і не займае шмат часу, але запомніцца, відаць, надоўга. Высветлілася, што я вінаватая ва ўсіх праблемах рэнгенлабаранткі. Здавалася, што ор пачаўся яшчэ з парогу і скончыўся толькі тады, калі я зачыніла за сабой дзверы. Ніколі раней не звяртала ўвагі, што хамства ў нашай краіне на кожным кроку. Але вось як з ім змагацца?


Раней я думала, што квінтэсэнцыя нахабнасці і негатыўнага стаўлення да чалавека ў маім універсітэце. Пасля двух гадоў добразычлівасці і павагі ў ліцэі апынуцца ў “краіне гоблінаў было неяк, па крайняй меры, дзіўна. Спачатку было незразумела, чаму гардэробшчыца не вітаецца і не дзякуе ў адказ, здавалася, гэта ж так проста. Праўда, шляхам доўгіх трэніровак недзе праз год яна голасна казала “Добрай раніцы! Няхай гэта было не вельмі шчыра, але ў мяне настрой не псаваўся. Аднак сапраўдны канфлікт з гардэробшчыцай узнік, калі я была на другім курсе і аднойчы забылася на факультэце парасон. Перад тым як яго вярнуць жанчына выказала ўсё, што думала пра мяне і маю будучыню. Тады я сапраўды пакрыўдзілася і адказала бабульцы ў яе ж манеры. Мяне здзіўляе толькі, што чалавек пенсійнага ўзросту мае магчымасць працаваць і зусім не цэніць сваю працу. Больш таго, ён не цэніць сябе.
Але гардэробшчыцы ў плане “наездаў было вельмі далёка да буфетчыцы. Мне падаецца, што гэтая энергічная жанчына сярэдняга ўзросту з перманентам колеру бардо — проста класіка савецкай эпохі. Не дай божа, калі ў цябе буйная купюра, і ў яе няма рэшты. Крыку будзе на ўвесь першы паверх. Буфет — гэта месца, дзе трэба думаць хутка, стаяць у чарзе доўга, казаць голасна і лепш не выказваць прэтэнзіі, так прасцей. Таму, калі даволі ціхую бабульку-гардэробшчыцу можна было прывучыць да добрых манер, то з “каралевай агульнапіту гэта зрабіць аказалася немагчымым.
Не меншай агрэсіўнасцю адрознівалася і прыбіральшчыца. Не дай божа, перад заняткамі надумацца зайсці ў прыбіральню. Гэта будзе эпізод з фільму па матывам Дж. Толкіена, калі Гэндальф казаў Барлагу “Ты не пройдзеш!. Сама бачыла, як сціплая жанчынка грудзямі закрывала дзверы і не пускала студэнтаў, маўляў яна там прыбіраецца і няма чаго туды хадзіць. Сапраўды чаго ж туды хадзіць?
Але на маім факультэце хамства характэрна не толькі для “сэрвісмэнаў. Не меншы досвед ў гэтай справе і ў супрацоўнікаў дэканату. На мяне, праўда, там ніколі не крычалі, але сама чула, як гэта здаралася з іншымі. Прычым галоўная прычына такога стаўлення да студэнтаў у банальным настроі. Вось прыйшоў ён за даведкай, калі ў дэканаце кава-паўза, што цягнецца яшчэ з раніцы, і ўсё, не атрымае ён даведкі, больш таго, будзе абвінавачаны ў тым, што перашкаджае дэканату працаваць. Гэта і смешна, і крыўдна, але гэта ёсць. Не менш цікавай можа быць рэакцыя лабаранткі якой-небудзь кафедры, хаця б на тое, што ты за нечым прыйшоў. Тут можа быць і простае “ідзі вон ці “зачыні дзверы, і нешта больш вытанчанае. Усё залежыць ад настрою, кваліфікацыі і досведу лабаранткі. Пра дэкана і яго намеснікаў пісаць нічога не буду, бо хачу давучыцца, а вось пра выкладчыкаў пару слоў скажу. Чамусьці тыя, хто выкладае дысцыпліны нашага профілю, заўсёды ці амаль заўсёды, добразычлівыя, вітаюцца і дапамагаюць, калі папрасіць. А вось ці віталіся з кім-небудзь шматлікія выкладчыкі інфарматыкі, не ведаю.
Мой універсітэт, канешне, не ідэальны, але па ўзроўню хамства яму далёка да устаноў аховы здароўя. Аднойчы я захварэла і першы раз пайшла ў сваю раённую паліклініку. Пасля гэтага досведу я вырашыла не хварэць. Бойка пачынаецца ўжо з рэгістратуры, дзе ты аказваецца стаіш не ў той калейцы, ці проста стаіш і раздражняеш супрацоўнікаў, ды і навошта табе медыцынская картка ў палікініцы. Пасля цябе чакае паядынак за права ўвайсці ў кабінет да доктара. Тут не прымаецца да ўвагі твой фізічны стан ці ўзрост, усе роўныя і ўсім дастанецца па галаве палкай якога-небудзь ветэрана, які кожны дзень ходзіць у паліклініку. Не менш цікава пастаяць у чарзе на здачу аналізаў. Тут, праўда, усе ціхія і нейкія самотныя. Але цікавае чакае ў лабаранткі. Калі прыходзіш здаваць кроў зімой і ў цябе, натуральна, халодныя рукі, то крык і абвінавачванні ва ўсіх праблемах чалавецтва амаль што гарантаваныя. Вось яны плюсы бясплатнай медыцыны, хамства, як кажуць палякі, “граціс.
Не менш стрэсу і пры наведванні крамы, нацыянальнай бібліятэкі, басейна і г. д. І ўсе гэтыя людзі, злосныя на сябе і на ўвесь свет, карыстаюцца грамадскім тарнспартам. Вось яно, “акмэ хамства. І праблема не ў тым, што ў аўтобусе табе сталі на нагу, праблемы ў тым, што табе кажуць.  Чуецца не “прабачце, а “чаго стала тут. Такое адчуванне, што нахаміць у грамадскім транспарце стала рытуалам для многіх людзей. У кагосьці раніцай кава, спартыўная заля, а ў кагосьці па плану перапалка.
Хто сказаў, што беларусы ціхія, памяркоўныя, спакойныя? Беларусы сталі злоснымі і агрэсіўнымі. Чаму? Не ведаю, магчыма ад таго, што не могуць дабіцца нечага ў жыцці, ад зайздрасці да паспяховага суседа, ад няма чаго рабіць ці ад цяжару рэжыму. Гэта ўжо не мае значэння. Праблема ў тым, як перамагчы такое стаўленне людзей да сябе і да акружаючых, як перамагчы савецкую спадчыну ў галіне хамства і міжасабовых стасункаў. Я пакуль не бачу нейкага варыянта, таму прыходзіцца жыць у краіне хамства і вечна сапсаванага настрою. Але пакуль з верай у будучыню.