Дружба народаў

Акупацыя 1941-44 гадоў - чорная старонка ў гісторыі Беларусі. Пасля вайны, дзякуючы савецкай прапагандзе, усе злачынствы, што здзяйсняліся на акупаванай тэрыторыі, па дэфолце прыпісваліся немцам. Але мае гутаркі з бабулямі ды дзядулямі выявілі: немцы былі “натто культурні (дзед Ігнат) і “сядзелі  на бальшаку ў штабе (бабуля Зоя), выступаючы, калі можна так выславіцца, мэнэджэрамі знішчэння. Насамрэч у Беларусі падчас акупацыі віраваў цэлы кацёл нацыяў. Я вырашыла сабраць тут згадкі сваіх продкаў - пазітыўныя ці негатыўныя - пра розныя нацыі ў вялікай айчыннай вайне, як яны іх пабачылі.



825f9cd5f0390bc77c1fed3c94885c87.jpg

Акупацыя 1941-44 гадоў - чорная старонка ў гісторыі Беларусі. Пасля вайны, дзякуючы савецкай прапагандзе, усе злачынствы, што здзяйсняліся на акупаванай тэрыторыі, па дэфолце прыпісваліся немцам. Але мае гутаркі з бабулямі ды дзядулямі выявілі: немцы былі “натто культурні (дзед Ігнат) і “сядзелі  на бальшаку ў штабе (бабуля Зоя), выступаючы, калі можна так выславіцца, мэнэджэрамі знішчэння. Насамрэч у Беларусі падчас акупацыі віраваў цэлы кацёл нацыяў. Я вырашыла сабраць тут згадкі сваіх продкаў - пазітыўныя ці негатыўныя - пра розныя нацыі ў вялікай айчыннай вайне, як яны іх пабачылі.


Бабуля Зоя Іванаўна (нар. 1927 г. ў вёсцы Казьяні на Пастаўшчыне)
Грузіны
Савецкія салдаты грузінскай нацыянальнасьці квартаравалі ў доме маёй бабулі ў зіму 1939-40 года. Запомніліся ёй тым, што фатальна не зачынялі дзвераў, калі выходзілі з хаты. Бабулі тлумачыла гэта тым, што ў Грузіі круглы год цёпла. Дзеці спэцыяльна вывучылі па-грузінску фразу: “Зачыняйце дзьверы, калі ласка. У 1940-м савецкія грузіны пасунуліся з Пастаўшчыны займаць Літву.
Украінцы
Украінцы квартаравалі ў хаце маёй бабулі ўжо не як савецкія, а як гітлераўскія ўзброеныя сілы. Менавіта прадстаўнікі гэтай нацыі спалілі вёску Баравая і майго пра-прадзядулю з жонкай. Такой была помста за забітага на адным з хутароў нямецкага афіцэра.  
Эстонцы
Вёска бабулі перажыла дзве блакады, падчас якіх немцы выкурвалі партызанаў з лесу. Падчас другой блакады ў 1942-м вёску спалілі. Жыхары схаваліся ў зямлянках у лесе, але эсэсаўцы знайшлі іх сабакамі. Апэрацыю праводзіў эстонскі СС - людзі зразумелі гэта па акцэнце ў рускай мове афіцэраў. Жыхароў вёскі падзялілі на сваякоў партызан і на “чыстых. Сваякоў расстралялі, а “чыстых пагналі на працу ў Нямеччыну цераз Літву.
Літоўцы
Падчас блакады мой прадзед Ян меў на сабе кажух, у якім было зашыта 10 царскіх дзесяцірублёвак. Яны спатрэбіліся яму, калі яго, жонку і 4-х дзяцей прыгналі ў Дукштас. Ён перадаў грошы нейкаму літоўцу, які прыйшоў выбіраць сабе пакаёўку і абраў бабульчыну сястру Дзіну.
 

Той жа літовец заступіўся за астатніх сямейнікаў бабулі. Галоўны нюанс палягаў у махінацыі з дакументамі - літовец паспрыяў, каб замест дакументаў майго дзядулі да немцаў трапілі дакумэнты майго спаленага ўкраінцами прапрадзядулі, таксама Яна Кукштэля. Бабулю і яе

маці, дзякуючы гэтаму чалавеку, разабралі ў батрачкі літоўскія вяскоўцы. Шокам для бабулі было тое, што ўсю зіму яна батрачыла на хутарах, значна менш заможных, чым іх уласная гаспадарка. Напачатку да яе ставіліся, “як да бандыткі, але калі яна зьвярнулася да гаспадароў па-польску, яе рэзка запаважалі. Канчаткова яна ўпрочыла сваё становішча, калі ў халодную зіму абвязала ўсю літоўскую ваколіцу рэчамі з трусінай воўны.
 

Літоўцы такім чынам уратавалі бабуліну сям’ю. Хоць, кажа яна, іх аднавяскоўцы, пагнаныя ў Нямеччыну, вярнуліся пасля вайны жывыя-здаровыя, не зазнаўшы халодных зімаў і нягодаў, якія выпалі на долю Кукштэляў.

 Калі шухер мінаваў, сям’я вярнулася да роднага дома, ад якога засталося адно папялішча. Але гэта ўжо ўнутрыбеларуская гісторыя…
Дзядуля Ігнат Фёдаравіч (1906 - 2003, нар. у вёсцы Здзітава, цяпер - Белаазёрскі раён)
Чачэны

(хаця, магчыма, прадстаўнікі іншай каўказскай нацыянальнасьці)
1941 год, лагер для цывільных у Крашыне, пад Баранавічамі. Дзядуля трапіў тады ці то для мабілізацыі ці то ў якасьці апаўчэнца - загадвалі рыць акопы. Разам з дзедам і іншымі палешукамі ў лагеры былі палонныя чырвонаармейцы з Каўказу. Запомніліся дзеду тым, што не давалі есьці беларусам. З маёй дыялектычнай практыкі 2001 г.:
 Цётка Марыя) Раскажы, як ты ў плен папаў.
 

(Дзед Ігнат) Як у плен попав? У плен… Я ўжэ сам забувся, як я ў плен попав.
 

(Цётка Марыя) Ну тебя перад войной ув армію узялі ж. А як пачалася вайна, ды й у плен папаў, і ў тюрму. Раскажы, як у тюрме ўжо быў.
 

(Дзед Ігнат) У турме був. Попалы на нас гэты люды неякі я не знаю, як іх назваты, тэпэр воны все воююцца, і іх прыгналы до нас, солдатыв, вжэ еты люды зусім другіе такіе, нато плохіе люды…
 

(Цётка Марыя шэпча мне) Ён раней казаў, чачэны…
 

(Дзед Ігнат) То вот пуйдэш получаты вжэ іжу до кухні, за імі не допрэсься. Обступлять кргом і нэ атходять од гэтого котла. Усі ідять, а ты там іззаду голодный і ніяк ні можэш допэртысь. Такі народ став, я навать ніколы не казав, якіе тамтые люды. Воны зараз все воююцца самы с собою…
Потым чачэнаў як вайсковых расстралялі, а дзеда як цывільнага адпусьцілі.
Мадзяры
Вугорскія атрады шчыравалі на Палессі.
(Цётка Марыя) А йшчо раскажы, як мы в Хрысу ўтэкалі.
 

(Дзед Ігнат) У Хрысу втыкалы. Ужэ свою хату покінулы і с коровы все, пошлы в сусіднэ сэло. А мадяры прышлы, нашы коровы вывелы, шо ім хотілось, то там забралысь. (…) Мадяры нато нас грабылы, то така армія була - мадяры.
Дзеля нацыянальнай справядлівасці мушу зазначыць, што дзеда “кому нэ лэнь грабылы. Проста мадзяры былі ў Зьдзітава чэмпіёнамі па рабаўніцтве. Другое месца займалі партызаны, а немцы ішлі на трэцім месцы з вялікім адрывам. Супраць іх, напрыклад, спрацоўваў хітры паляшуцкі прыём: пакласьці цёплую адзежу і каштоўныя рэчы ў яму і засыпаць картопляй. Тады майно не пратыкалася штыкамі. З мадзярамі ў палешукоў такія фокусы не праходзілі...