Касметычны рамонт у Храме Кнігі

З 2007 года я наведваю Менскія кніжныя кірмашы, якія адбываюцца штолюты, не проста як пакупнік, а як журналіст, які абавязвае сябе напісаць справаздачу пра гэту падзею. Калі знаёмыя просяць мяне сфармуляваць, за што я так люта ненавіджу гэтыя лютаўскія сходы, я зазвычай называю тры прычыны



a00e5eb0973d24649a4a920fc53d9564.JPG

З 2007 года я наведваю Менскія кніжныя кірмашы, якія адбываюцца штолюты, не проста як пакупнік, а як журналіст, які абавязвае сябе напісаць справаздачу пра гэту падзею. Калі знаёмыя просяць мяне сфармуляваць, за што я так люта ненавіджу гэтыя лютаўскія сходы, я зазвычай называю тры прычыны


- на ўкраінскім стэндзе няма кніг Сяргея Жадана,
- на ўсіх іншых стэндах няма жывых кветак,
- я прыйшла купіць кнігу, а мне прапаноўваюць бусы.
У лютым 2009 года мой мозг, як, зрэшты, і мозг, скажам, Тацяны Заміроўскай, быў начыста знесены наступным відовішчам: кніжны стэнд Уроцлаўскага выдавецтва адцяняў хмуры мужык, які гандляваў ваўнянымі шкарпэткамі. Як кажуць у папулярнай рэкламе, гэта была апошняя кропля.
У лютым 2010 я на хвіліну паверыла ў сілу крытыкі, у магутнасць нашай незалежнай прэсы. Мужыка са шкарпэткамі не пусцілі! Бусы адвесілі на задворкі павільёна! Больш за тое, на палове стэндаў стаялі свежыя кветкі, а на ўкраінскім - свежы Жадан, поруч з іншымі навінкамі харкаўскага выдавецтва “Фоліо".

kvetki.jpg

Усё гэта, вядома ж, дробязі і прыватнасьці. Але яны яскрава сведчылі: значна палепшыўся мэнэджмэнт мерапрыемства - што б ні разумелі чыноўнікі пад словам мэнэджмэнт. Мінскі кніжны кірмаш сапраўды стаў падобны да падзеі міжнароднага ўзроўню. Кажуць, відовішчнасць выставы павысілася за кошт таго, што ад кніг адасобілі паліграфічную прадукцыю: адсутнічала заўсёдная крытычная маса нататнікаў-коцікаў і сшыткаў-сабачак, ад якой зазвычай пакупнік выносіў з сабой перакананне: беларускі кнігадрук перабывае ў стане хранічнага апакаліпсісу.
 Думаю, сваю ролю ў такіх наглядных пераменах адыграў факт, што кірмаш узяло пад патранаж міністэрства інфармацыі - пры маральнай падтрымцы іншых структураў улады. Зацаніць аўру дапаможа пералік асноўных асобаў, якія поруч з прадстаўнікамі суарганізатараў “Макбел і “Белкніга адкрывалі выставу: міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, міністр культуры Павел Латушка, міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў і старшыня СПБ генерал Мікалай Чаргінец. Nomen omen. 
 

Мудрым ходам было абраць ганаровай госцяй менавіта Францыю - шмат у чым французскі шарм ратаваў атмасферу, выветрываў з БелЭКСПА фонавы савок. Безупынны рух на французскай тэрыторыі і маладыя адказныя супрацоўнікі пасольства стваралі ўражанне, што на выставе ўвесь час нешта адбываецца. Для параўнання: ганаровым госцем-2009 быў Казахстан. Пра тое, як гэта выглядала, можна прачытаць у маёй мінулагодняй справаздачы для НЧ - Мінск варты Buchmesse.

francyja.jpg

Кніжны кірмаш змяніўся, але змяніўся толькі знешне - па сутнасці, гэта працяг касметычнага рамонту, які пачаўся ў сферы культуры з моманту прызначэння міністрам Паўла Латушкі. З аднаго боку пабачанае на кніжных стэндах нагадвала вядомы савецкі анекдот пра рабочага, якому дырэкта рзаводу забараніў есці ў прысутнасці замежных госьцяў бутэрброд з кількай, і той замест гэтага з апетытам захрумкаў на вачах замежнай дэлегацыі чорную ікру, дзеля чаго “ўсю ноч з кількі вочы выкалупваў. З іншага можна лічыць наведзены нарэшце парадак і набыты еўрапейскі лоск, добрым знакам і прадвеснем той самай культурнай лібералізацыі, пра якую так доўга гаварылі бальшавікі.
Кніжны кірмаш: мая пяцёрка стэндаў:
1. “Время (Масква) - сталы госць выставы, маскоўскае выдавецтва, якое штогод цешыць менчукоў выданнем беларускай сучаснай класікі. Сёлета прэзэнтуецца кніга Рыгора Барадуліна «Перакуленае Опрокинутое» (2010). 
2.“Тэхналогія (Мінск) - адно з нешматлікіх прыватных выдавецтваў беларускамоўнай літаратуры, прадстаўленае на выставе. На стэндзе экспануецца поўнае факсімільнае выданне класічнай “Нашай нівы, якое неўзабаве можна будзе набыць ўсяго за 115 тыс. рублёў. Прыцягваюць увагу чатыры кнігі з якаснай публікацыяй паштовак калекцыянера і краязнаўцы Уладзіміра Ліхадзедава: “Беларусь праз аб’ектыў нямецкага салдата 1915-1918 г.г. (2008), “Мінск - падарожжа ў часе (2008), “Адам Міцкевіч на паштоўках канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя (2009), “Юльюш Славацкі на паштоўках канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя (2009) (у апошнім альбоме таксама - драма “Міндоўг, кароль літоўскі ў перакладзе Сержа Мінскевіча).
3. Стэнд АСКР (Масква), дзе можна набыць кнігі выдавецтва “Летний сад, а таксама іншых выдавецтваў - перакладная класіка заходнееўрапейскай літаратуры і кнігі па тэорыі перакладу.


4.“Гнозис (Масква) - сусветная філасофія ў рускіх перакладах. Шмат Хайдэгера і Кіркегара.
5. “Книжное обозрение (Масква)  - издатели журнала “Что читать?, нумар якога можна набыць на стэндзе ўсяго за 5000 р. Тут прадстаўленая руская ЖЖ-літаратура, у Мінск для сустрэчы з чытачамі прыехала маладая пісьменніца Яўгенія Даброва.
Бонус - чароўны стэнд пад назвай “Кнігі з аўтографам аўтара ад мастака Артура Клінава.
У артыкуле “Няма каго байкатаваць, які выйшаў у гэтую пятніцу ў НЧ, я падымаю важную для мяне асабіста праблему: беларускія прыватныя выдавецтвы ня маюць фінансавай магчымасці ўдзельнічаць у кніжным кірмашы. Дык вось, як гаворыцца, пакуль вярстаўся нумар, Артур Клінаў такую мачымасць знайшоў. Пра шляхі, якімі вядомы дзеяч культуры выбіў сабе месца пад сонцам, ужо ходзяць легенды… У любым выпадку - не прапусціце!