«Хто, калі не ён»? Ды хто заўгодна!

І не кажыце, што выбараў у Беларусі няма. Можа быць, іх і сапраўды няма, але гэта — самы зручны час, каб вырашыць свае праблемы. Тыя, хто не ўскочыў у прэзідэнцкую гонку, яшчэ маюць шанец заявіць пра байкот.

Хто скажа, што ад выбарчай кампаніі няма карысці? Карысць ёсць, і вельмі вялікая. Кожны можа атрымаць гэтую карысць у межах свайго разумення і сваіх мэтаў.

Напрыклад, узяць «кандыдата-лайдака» Юрыя Шульгана. Калі б не выбары, ён бы яшчэ немаведама колькі год заставаўся ў якасці Бураціны. Памятаеце абвінавачванні, якія высунулі драўлянаму чалавечку? «У цябе тры злачынствы: ты бяздомны, бяспашпартны, беспрацоўны». Вылучэнне прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта ўрэшце прымусіла яго зрабіць пашпарт. У працэсе вырашэння пытанне з рэгістрацыяй. Праўда, кажуць, пакуль беспаспяхова, але калі ён не кіне гэтую справу, то і дзе-небудзь зарэгіструецца. А з пашпартам і прапіскай ужо і да афіцыйнага працаўладкавання недалёка. А гэта, дарэчы, і ёсць мэта ягонай перадвыбарчай кампаніі — знайсці месца працы.

shulgan2.jpg

Юрый Шульган

Праўда, ён шукаў працу кіраўніка дзяржавы, але і дворнікам таксама някепска.

Пра прэзідэнцкія амбіцыі заявіў Юрый Радзькоў, шахматыст і дырэктар кампаніі «Цар-мёд». На момант напісання матэрыялу было невядома, ці падаў ён на рэгістрацыю спіс ініцыятыўнай групы па сваім вылучэнні. Але нечаканае ягонае з’яўленне ў прэтэндэнтах нарабіла шораху як сярод палітызаванай часткі насельніцтва, так і ў сродках масавай інфармацыі.

Падаецца, да гэтага часу ягоная кампанія «Цар-мёд» не ведала такога моцнага піяру — прычым, абсалютна бясплатна. Дзеля гэтай прамоцыі, напэўна, усё і рабілася, паколькі яшчэ ў 12 гадзінаў 17 ліпеня Радзькоў збіраў сваіх прыхільнікаў з пашпартамі ў «Прэзідэнт-гатэлі». З пашпартамі, — значыць, спіс сябраў ініцыятыўнай групы ў яго яшчэ не быў гатовы.

redzkov.jpg

Юрый Радзькоў

Улічваючы, што Радзькоў раней быў дарадцам дэпутата-славянафіла Сяргея Касцяна, сябрам БПСМ і БРСМ, ён хаця б мае ўяўленне пра палітычны працэс. Ды й пра «Цар-мёд» зараз ведаюць усе. «Нармальна, Рыгор? — Выдатна, Канстанцін!»

Такой жа мэты — бясплатнага піяру, — дамагаецца і яшчэ адна прэтэндэнтка ў прэзідэнты, 35-гадовая рэкламшчыца Ірына Першына. Яна зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу з мэтай прапіярыць рэкламную фірму Imagemaker, дзе яна працуе. І не хавае гэтага.

pershina.jpg

Ірына Першына з дзіцём

У Першынай ёсць яшчэ адна мэта ў кампаніі. Не, не хвалюйцеся, не збіраецца яна быць прэзідэнтам. Яна спадзяецца, што супрацоўнікі яе кампаніі пры яе ўдзеле ў прэзідэнцкіх выбарах атрымаюць незабыўны досвед палітычнага піяру. То бок, яна займаецца яшчэ і павышэннем кваліфікацыі супрацоўнікаў сваёй фірмы. Таксама няблага.

Магчыма, яшчэ адзін «бясплатны піяршчык», — дырэктар турыстычнай кампаніі Love Tour і транспартнай кампаніі Love Logistics Андрэй Канавец. Таксама падаў 100 сябраў ініцыятыўнай групы на рэгістрацыю ў ЦВК.

kanaviec.jpg

Андрэй Канавец вырабіў няхітры плакат

Сярод жадаючых прапіярыцца нахаляву неяк няёмка выглядае настаўніца Жана Раманоўская. Яна размесціла відэа ў інтэрнэце, дзе сказала, што да выбараў яе рыхтавала жыццё, што яна за «сільную, свабодную і працвятаюшчую Беларусь», і што яна не толькі настаўніца, але і шмат год вывучала беларускае заканадаўства, дапамагаючы сабе і людзям. Аднак шматгадовае вывучэнне заканадаўства, якое змяняеца ледзьве не два разы на год, хутчэй мінус, чым плюс. Дый з прэсай яна кантачыць не ўмее: у размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» яна нават не прызналася, чаго яна настаўніца, што яна выкладае.

romanovskaja.jpg

Жана Раманоўская

Што ж, ёсць і такія людзі: спачатку зробяць крок наперад, потым спужаюцца — і два назад.

Нічога не вядома пакуль пра Сяргея Заблоцкага — яшчэ аднаго прэтэндэнта ў прэзідэнты. Ён даслаў дакументы ў ЦВК па пошце, што ў прынцыпе, не дазваляецца Выбарчым кодэксам. Прэтэндэнт павінен з’явіцца ў камісію сам альбо прыслаць чалавека з даверанасцю ад свайго імя. Тым не менш, ЦВК улічыла жаданне Заблоцкага стаць прэзідэнтам і спіс ягонай ініцыятыўнай групы прыняла. Што вельмі дзіўна, бо раней Ярмошына тлумачыла ўвядзенне нормы пра асабістую падачу дакументаў у ЦВК жаданнем пазбегнуць «кандыдатаў-фантомаў».

Да чаго гэта ўсё я? Зразумела, гэтыя прэтэндэнты ў прэзідэнты наўрад ці збяруць 100 тысячаў подпісаў грамадзянаў для вылучэння кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы. Яны не ведаюць, ва што ўлазяць. Але людзі ідуць на выбары з рознымі мэтамі. Нехта вырашае асабістыя праблемы, як Шульган, некаторыя робяць больш вядомым сябе і свой бізнэс, некаторыя проста выпрабоўваюць свае сілы і магчымасці. Па-мойму, дык нічога кепскага ў гэтым няма.

Аднак я здзіўлены, што ў прэзідэнты не рынуліся шматлікія актывісты за паляпшэнне роварнага руху, супраць ушчыльняльнай забудовы, за асфальтаванне дарогаў і рамонт дзіцячых пляцовак, будаўніцтва аўтастаянак і супраць будаўніцтва аўтастаянак… Гэтым варта было б ісці ў прэзідэнты. Тады б мясцовыя ўлады ўжо на стопрацэнтова звярнулі б увагу на іх патрабаванні. І вырашылі б іхнія праблемы. Ізноўку ўсе былі б у плюсе.

Але нічога яшчэ не згублена. Для тых, хто не паспеў падаць дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы з асабістымі мэтамі, яшчэ ёсць магчымасць вырашыць праблемы. Гэтая магчымасць — байкот.

Як неаднаразова казала спадарыня Ярмошына, агітацыя за байкот выбараў у нас па заканадаўстве забароненая. Аднак заявіць пра іх байкот, сказаць: «Мы байкатуем выбары», — гэта не агітацыя. Гэта грамадзянская пазіцыя. І ўжо неаднаразова засведчана: калі гэта робіць значная частка людзей — раён, два ці тры дамы, — да іх злятаюцца журналісты і мясцовыя ўлады. Тады ўжо людзі кажуць, што «на выбары мы не пойдзем, таму што наш дом не рамантуюць ужо 20 год». І адбываецца дзіва: на наступны ж дзень рамонт пачынаецца.

Гэтая фішка ўжо апрабаваная пад час выбарчых кампаній рознага ўзроўню. І таксама заўважана, што лепш за ўсё яна працуе ў час прэзідэнцкіх выбараў.

Што самае паказальнае ў масавым «самавылучэнні» прэтэндэнтаў у прэзідэнты? Гэта сапраўдны народны адказ на пытанне «Хто, калі не ён?». Хто заўгодна! Абірай любога: бізнэсоўца, настаўніцу, беспрацоўнага… Усе гэтыя людзі лічаць, што могуць кіраваць краінай, і кіраваць значна лепей, чым Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Магчыма, яны лічаць, што горш ужо проста не бывае.