Тры сусветныя гіганты адмовіліся працаваць з беларускімі заводамі. Што мы губляем

Некалькі буйных замежных кампаній абвясцілі пра спыненне супрацоўніцтва з беларускімі прамысловымі гігантамі — «БелАЗ» і БМЗ. «Еўрарадыё» расказвае, што гэта за фірмы і што патэнцыйна губляюць беларускія заводы.

autowp.ru

Без фарбы і не толькі

Адмовілася ад супрацоўніцтва з беларусамі нямецкая «Beckers Group». Гэта буйны холдынг, які таксама працуе на рынку здабыўной тэхнікі.

Асноўнае супрацоўніцтва ў «Beckers Group» з беларускімі заводамі заключалася ў пастаўках фарбы для «БелАЗ» праз фінскага дыстрыб'ютара «Geramatic OY».

Лакафарбавае пакрыццё для тэхнікі павінна адпавядаць шэрагу патрабаванняў, галоўнае — быць даўгавечным і вытрымліваць нагрузкі. Тут і асаблівы склад, і спосабы нанясення. Нядаўна, дарэчы, «БелАЗ» увёў у эксплуатацыю новы лакафарбавы комплекс, а пакупнікам даецца пяць гадоў гарантыі на пакрыццё.

Ці атрымаецца знайсці альтэрнатыву прадукцыі «Beckers Group»? Бо фарба досыць спецыфічная.

Помпы і станкі

Дацкі гігант «Danfoss» таксама заявіў, што «спыніў бізнес, які не адпавядае адзначаным правілам санкцый». Гэтая кампанія спецыялізуецца на вытворчасці і пастаўках аўтаматыкі, у тым ліку помпаў, клапанаў і рэгулятараў.

Помпы «Danfoss» выкарыстоўваюцца для тых жа «БелАЗаў» — прынамсі, можна знайсці інфармацыю пра камплектуючыя «БелАЗ-7555 SAUER DANFOSS».

Таксама заводу пастаўляў абсталяванне нямецкі канцэрн «Liebherr», які і сам вырабляе кар'ерныя самазвалы. Сярод іншага, некалькі гадоў таму на «БелАЗе» хваліліся, што цяпер у іх ёсць і самазвалы з рухавікамі ад «Liebherr».

Але пастаўляла «Liebherr» у Беларусь не толькі гэта, але і, напрыклад, зубаапрацоўчыя станкі (яны патрэбныя для вытворчасці зубчастых колаў, рэек і шасцярэнек), а таксама іншыя віды абсталявання.

Мінус пакупнік

Японскі гігант «Yokohama» нічога не пастаўляў на беларускія прадпрыемствы, але быў прыкметным пакупніком. Так, кампанія закупляла ў «Беларускага металургічнага завода» (БМЗ) металакорд. Мяркуючы па ўсім, частка здзелак ішла праз аўстрыйскую «дачку» БМЗ — «Belmet Handelsgesellschaft mbH».

Цяпер «Yokohama» пацвердзіла Прафсаюзу беларусаў Вялікабрытаніі (PUBB), што яе адносіны з БМЗ былі нядаўна спыненыя. Такім чынам, патэнцыйна БМЗ губляе пакупніка — хай і не асноўнага.
 

Хіба нельга абысці?

Супрацоўнічаць наўпрост еўрапейскія кампаніі з падсанкцыйнымі заводамі не могуць, як і з фірмамі, дзе ў прадпрыемстваў доля складае больш за 50%. Але абыходзіць усе абмежаванні можна — і па волі замежнага пастаўшчыка, і нават без яго ведама.

Адзін з варыянтаў, якім, хутчэй за ўсё, будуць карыстацца заводы, — купляць нешта ў перапрадаўцоў. Гэта адбываецца ўжо досыць даўно: патрэбнае абсталяванне бяруць не ў вытворцы або афіцыйнага дыстрыб'ютара, а ў кагосьці яшчэ. Так, гэта крыху даўжэй, складаней і даражэй, але затое можа ў тэорыі гарантаваць, што тэхналагічны працэс не сарвецца.

Сам вытворца можа і не ведаць пра гэта, а адмаўляць нейкай фірме ў набыцці тавару складана, калі гэта не парушае ніякіх прававых абавязацельстваў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: