Аб'ём прамысловай вытворчасці ў Мінску ў студзені—лютым 2014 года знізіўся амаль на 9%

У студзені—лютым 2014 года аб'ём прамысловай вытворчасці арганізацый Мінска знізіўся на 8,8% у дачыненні да аналагічнага леташняга перыяду і склаў 10,6 трлн. рублёў.



zahruziennoje_1_.jpg

Такія звесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі склала 14,2%, запасы гатовай прадукцыі на канец лютага — 10 трлн. рублёў, або 138,1% да сярэднямесячнага аб'ёму прамысловай вытворчасці.

Валавы рэгіянальны прадукт Мінска знізіўся ў супастаўных цэнах на 0,7% у дачыненні да студзеня—лютага 2013 года (да 23,5 трлн. рублёў).

Інвестыцыі ў асноўны капітал за два месяцы гэтага года склалі 4,3 трлн. рублёў — на 5,5% больш, чым за студзень—люты 2013 года, у тым ліку будаўніча-мантажныя работы — 2,2 трлн. рублёў (на 9,9% больш).

Увод у эксплуатацыю жылля за кошт усіх крыніцаў фінансавання склаў 180,9 тыс. кв. м агульнай плошчы (на 66,9% больш). Перавозкі грузаў транспартам знізіліся на 2,5% (да 14,1 млн. тон), грузаабарот — на 2,9% (да 5,4 млрд. тона-кіламетраў). Аптовы тавараабарот вырас на 9,7% да 336 трлн. рублёў, рознічны тавараабарот — на 14,9% да 12,9 трлн. рублёў.

Станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі за студзень 2014 года склала 85,2 млн. долараў, паслугамі — 132,2 млн. долараў.

Налічаная заработная сярэднямесячная плата ў студзені 2014 года склала 7 млн. 169,5 тыс. рублёў, што на 24,9% больш, чым за аналагічны перыяд 2013 года.

Марына Носава, БелаПАН