Абвал! Сяргей Чэрачэнь пра сітуацыю ў банкаўскай сферы

Самая вялікая праблема, лічыць Сяргей Чэрачэнь, — у тым, што беларусы не вераць дзяржаве ў цэлым. «Яна даўно абнуліла наш давер да сябе», — цытуе  экс-кандыдата ў прэзідэнты газета «Беларусы и рынок». А банкаўская сістэма — інстытут дзяржавы.

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Наконт асабістых зберажэнняў беларусаў — тут напрошваецца несуцяшальная выснова: мы больш не давяраем дзяржаве свае грошы. За другі квартал гэтага года тэрміновыя банкаўскія ўклады беларусаў скараціліся больш чым на 1,6 млрд рублёў. Пры гэтым у нацыянальнай валюце захоўваюць зберажэнні прыкладна 30% банкаўскіх ўкладчыкаў — фізічных асоб.

Дзве траціны беларусаў лічаць за лепшае мець уклады ў замежных валютах. Але і іх аб'ём у параўнанні з пачаткам года таксама паменшыўся на 620 млн долараў. Адток укладаў — уражвае, заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты Сяргей Чэрачэнь у праграме «ЧЕ!» на ютюбе-канале.

Дзяржава ўжо адрэагавала. З 9 ліпеня ўступіла ў сілу новая рэдакцыя закона Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі. Цяпер можна будзе ўводзіць рознага роду абмежаванні. Не выключана, напрыклад, увядзенне дадатковага падатку ў выпадку адтоку валюты. Можна будзе памяняць тэрміны выдачы грошай, перавесці валютныя дэпазіты ў рублёвыя... увогуле, ёсць дастаткова шмат інструментаў для таго, каб спыніць, збіць у грамадзян запал забіраць валютныя ўклады, кажа Чэрачэнь. Але! Самая вялікая праблема, па яго словах, у тым, што беларусы не вераць дзяржаве ў цэлым.

— Яна даўно абнуліла наш давер да сябе. Таму Нацбанк і банкаўская сістэма як безумоўныя інстытуты дзяржавы, вядома, пакутуюць ад гэтага ў першую чаргу. І што б ні пісалі нацбанкаўскія прэс-рэлізы, якія б лічбы ні паказвалі, сітуацыя прымушае задумацца пра перспектыву.

Экс-кандыдат у прэзідэнты адзначыў, тым не менш, што пакуль ёсць прыток валюты ад продажу экспартных тавараў. Экспарт паказаў рост амаль на 40%. Беларускай дзяржаве пакуль ёсць, хоць і з цяжкасцю, адкуль браць грошы для папаўнення бюджэту. Але калі гэтых экспартных патокаў не будзе, то на фоне хранічнага недахопу інвеставання, уцечкі прадпрымальніцкага, чалавечага капіталу, разяўленую дзірку ў банкаўскім балансе закрыць будзе няма чым. Вось тады пачнецца сапраўдны банкаўскі фінансавы крызіс.

«Адток укладаў працягнецца. Ён не можа не працягнуцца, таму што зберажэнняў у насельніцтва не так і шмат, і няма даверу да банкаўскай сістэме. Каб кампенсаваць страты, грошы трэба будзе аднекуль браць: альбо друкаваць, альбо «прадаваць нешта непатрэбнае», альбо зноў браць у пазыку. А новыя крэдыты можа даць толькі Расія і, магчыма, Кітай... Ёсць правераны гісторыяй спосаб — абрабаваць уласнае насельніцтва ў чарговы раз. Гэта — інфляцыя або дэвальвацыя нацыянальнай валюты. Тое, што ўжо праходзілі і нашы бацькі, і мы», — сказаў Чэрачэнь.

Пакуль жа, па яго словах, бесперапыннае выманне валюты працягваецца 18 месяцаў запар. Максімум укладаў у сістэме назіраўся ў кастрычніку 2015 года. З тых часоў насельніцтва забрала з банкаў амаль чатыры мільярды долараў на чыстай аснове. Калі перавесці гэты адток у адносныя велічыні, то банкі страцілі каля паловы валютных укладаў. Далей, па ўсёй верагоднасці меркаваных санкцыйных падзей, гэты працэс працягнецца.