Беларусь абяцае разгледзець прэтэнзіі Рассельгаснагляду наконт малака

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі гатовае абмеркаваць з Рассельгаснаглядам усе праблемныя пытанні наконт паставак беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак. Пра гэта агенцтву БЕЛТА заявіў намеснік міністра — дырэктар Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Аляксандр Субоцін.

milk.jpg

Ён паведаміў, што сёння ў Гомелі пройдзе нарада з кіраўніцтвам беларускіх малочных заводаў. У ёй прымуць удзел і кіраўнікі тых прадпрыемстваў, у якіх узніклі праблемы з пастаўкамі прадукцыі ў Расію.

Аднак чыноўнік заявіў, што прэтэнзіі Рассельгаснагляду да якасці беларускай малочнай прадукцыі не заўсёды пацвярджаюцца. Па яго словах, беларускія парверкі часам высвятляюць, што прэтэнзіі датычылі не нашых тавараў, а фальсіфікатаў, выпушчаных пад выглядам беларускіх брэндаў. «У такіх выпадках, вывучыўшы ўсю пададзеную дакументацыю, нашы расійскія калегі здымаюць свае прэтэнзіі», — канстатаваў Субоцін.

Напярэдадні Рассельгаснагляд паведаміў, што часова прыпыняе пастаўкі з чатырох беларускіх прадпрыемстваў — «Белсыр», «Малочны гасцінец», Полацкі малочны камбінат і завод па вытворчасці камбікорму «Біякам». Раней такія ж абмежаванні былі ўведзеныя на прадукцыю Ваўкавыскага ААТ «Беллакт», Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната і Калінкавіцкага малочнага камбіната.

 Паводле Еўрарадыё