Беларусам не варта спадзявацца на літасць знешніх гульцоў

За мінулы тыдзень адбылося некалькі падзеяў, якія могуць мець ускосны негатыўны ўплыў на эканоміку Беларусі ўжо ў блізкай перспектыве. Разам з назапашанымі за апошні год праблемамі і структурнымі доўгатэрміновымі адмоўнымі фактарамі, яны могуць выклікаць фатальныя для гаспадаркі падзеі. Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра эканамічны прагноз для Беларусі ад заходніх экспертаў.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Еўрапейскі парламент прыняў рэзаліцыю, у якой між іншым агучаны зварот да выканаўчых органаў ЕС дадаць у санкцыйны спіс беларускія прадпрыемствы, на якія варта накласці чарговыя эканамічныя абмежаванні: «Уключыць дадатковыя сектары, такія як сталь, дрэваапрацоўка і хімічная прамысловасць, дзяржаўныя банкі і ключавыя кампаніі, такія як „Беларуськалій“».

Нават частка падобных мераў можа істотна ўскладніць працу вялікай колькасці арганізацый, ад якіх залежыць папаўненне бюджэту і падтрыманне залежнай ад знешняй кан’юнктуры эканомікі.

Пра другую немалаважную падзею паведаміла нямецкая прэса. Па інфармацыі выдання Bild, улады ФРГ распачалі расследаванне па факце нелагальнай міграцыі ў іх краіну з Беларусі праз Польшчу і Літву.

Напэўна абыходзіць санкцыі, дзякуючы назапашанаму досведу, мінская камандна-адміністратыўная сістэма больш-менш навучылася, а адказваць на «заклапочанасць ЕС» у сувязі з парушэннем правоў грамадзян Беларусі нават не лічыць патрэбным.

А вось пераадоленне наступстваў пасля расследавання службамі ФРГ можа выявіцца задачай больш складанай.

Менавіта вынікі падобных расследаванняў часцей за ўсё становяцца падставамі для разгляду пытання санкцый з боку Рады бяспекі ААН. А гэта нашмат сур’ёзней. Гэта абавязковыя для выканання абмежаванні для кожнай краіны. Вядома, існуюць схемы абыходу і санкцый Рады, такіх прыкладаў шмат. Але любыя схемы прадугледжваюць дадатковыя выдаткі, якія будуць толькі ўскладняць эканамічнае становішча.

Агенцыя Moddy`s з негатыўным рэйтынгам для эканомікі

Атмасфера пастаяннага пагаршэння знешняга клімату нават на цалкам здаровую гаспадарку можа ўплываць адмоўна.

Гэта ўлічваюць і аналітыкі ў сваіх прагнозах. Аддзел па інвестыцыях агенцыі Moody`s у кастрычніку пагоршыў рэйтынг беларускай эканомікі са стабільнага на негатыўны. Эксперты абгрунтавалі сваё меркаванне: «Негатыўны прагноз адлюстроўвае рызыку таго, што Беларусь можа сутыкнуцца са значна большымі патрабаваннямі па запазычаннях ва ўмовах абмежаваных крыніц фінансавання, з улікам нявызначанага ўплыву ўзмацнення жорсткасці санкцыйных умоў на эканоміку і бюджэт».

Гэта даволі песімістычны погляд. Але вельмі істотныя фактары такога кшталту рэйтынгі не могуць улічваць, бо ў асноўным абапіраюцца на аналіз рынкавых эканамічных паказчыкаў. Напрыклад, факты патраплення ў банкаўскую сістэму Беларусі пазыкавых сродкаў невядомага паходжання.

Альбо неабгрунтаваныя эканамічна крэдыты з боку Расійскай Федэрацыі ў крытычныя моманты для беларускай эканомікі. Што дазваляе на кароткатэрміновы час пазбегнуць магчымых абвалаў, усё больш зацягваючы краіну ў пазыкавую яму.

На кароткім павадку ў Пуціна

Нельга выключаць, што для крамлёўскай сістэмы крэдытаванне каманднага апарату ў Мінску — гэта вырашэнне адразу некалькіх задач.

У першую чаргу, падтрыманне ўзроўню эканамічнага стану, каб не справакаваць беларусаў на выбух знутры. Па-другое, пастаяннае крэдытаванне, магчыма, з’яўляецца інструментам канчатковага закабалення мінскай адміністрацыі і спосабам паставіць яе ў абсалютную залежнасць ад Масквы. Як мяркуе аўтар партала cepa.org, «Пуцін трымае Беларусь на кароткім павадку, абяцаючы чарговыя крэдыты».

Такім чынам, крамлёўская адміністрацыя можа пагражаць магчымым крызісам і ціснуць на камандны апарат у сталіцы Беларусі. І адначасова выкарыстоўваць фактар краіны-васала з нестабільнай палітычнай і эканамічнай абстаноўкай для гандлю з Захадам.

Як адзначаецца ў аналітычным матэрыяле на сайце Еўрапейскай рады па міжнародных зносінах, нельга выключаць варыянтаў гульні Крамля адразу па некалькіх сцэнарах. І правакацыя захаду на ўвядзенне яшчэ больш жорсткіх санкцый, і адначасова спроба ўплыву на еўрапейцаў з мэтай прыняцця абмежаванняў з магчымасцю іх абысці.

І ў адным, і ў другім выпадку маскоўскі рэжым набліжаецца да сваёй мэты — татальнага падпарадкавання мінскай адміністрацыі.

Пакуль што наша краіна апынулася ў стане абсалютна залежнай ад знешніх фактараў, дзе ўнутраныя працэсы на сённяшні момант не ўплываюць ні на палітыку, ні на эканоміку.

У сітуацыі, калі ў нашым рэгіёне галоўным з’яўляецца права сілы, а не сіла міжнароднага права, чакаць літасці ад знешніх гульцоў не выпадае.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: