Будзе балюча, магчыма, вельмі балюча — Вадзім Іосуб пра санкцыі

Макраэканамічныя наступствы могуць напаткаць праз адзін квартал, а работнікі прадпрыемстваў, якія трапілі пад санкцыі, адчуюць наступствы ўжо пры атрыманні бліжэйшага заробку.

e7c7667d54be4679c5bb2904600f5888.jpg

Пра гэта «Беларускаму партызану» заявіў эканаміст, старшы аналітык Альпары-Еўразія Вадзім Іосуб, калі разважаў пра зацверджаныя сёння на саміце ЕС сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

— Трэба разумець, Еўрасаюз ударыў па самых прыбытковых артыкулах беларускага бюджэту?

— Так, падобна на тое. У апублікаваным прэс-рэлізе ёсць такі тэрмін — дадатковыя абмежаванні адносна паставак нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў. На дадзены момант пакуль не вельмі зразумела, аб якіх абмежаваннях ідзе гаворка.

Возьмем, напрыклад, пастаўку нафтапрадуктаў у Еўрасаюз. Пастаўкі нафтапрадуктаў некалькі месяцаў таму ўжо былі пераарыентаваныя з партоў балтыйскіх краін на расійскую Усць-Лугу.

Не хапае пакуль канкрэтыкі аб пастаўках калійных угнаенняў: гаворка ідзе толькі аб забароне куплі або аб забароне транзіту. Паводле эфекту гэтыя два рашэнні нельга супаставіць.

Калі мы кажам, што Еўропа адмаўляецца купляць калійныя ўгнаенні — гэта прыблізна 8% беларускага экспарту калійных угнаенняў; бяда, але не трагедыя.

Калі ж гаворка пойдзе аб забароне транзіту, то праз Клайпеду праходзіць пераважная частка ўсяго беларускага экспарту ў любых напрамках: Індыя, Кітай, Бразілія — і гэта будзе зусім іншая гісторыя. Розніца ў тым, што будзе ці проста балюча, або вельмі балюча.

— Ці можна ацэньваць страты беларускай эканомікі па мінімуму?

— Можна ацэньваць, проста я не праводзіў разлікі. Магу парэкамендаваць толькі паглядзець падлікі, зробленыя Ірынай Юзвак. Паводле яе падлікаў, страты ад ужо прынятых санкцый Еўрасаюза і ЗША могуць скласці да 7% ВУП. А ў выпадку ўвядзення дадатковых санкцый супраць Мазырскага НПЗ і «Беларуськалія» — да 12–14% ВУП.

— Ці варта Мінску спадзявацца, што Еўрасаюз спыніцца на гэтых сектаральных санкцыях?

— Справа не ў спадзяваннях. Мы вельмі добра памятаем, чым выкліканыя два апошнія пакеты санкцый: чацвёрты і сектаральны — зроблена гэта пасля пасадкі самалёта Raynair. Калі б не было пасадкі самалёта — нават пры тым узроўні рэпрэсій, якія мы назіралі з лета 2020 года, — не было б гэтых санкцый.

Але ўлады вельмі любяць страляць сабе ў нагу, таму нельга выключаць чарговы неабдуманы крок, здольны выклікаць рэзкае пагаршэнне стасункаў з Захадам.

Ёсць два магчымыя сцэнары: зрабіць яшчэ нейкае дзівацтва, у чарговы раз уразіўшы ўвесь свет, выклікаўшы на сябе максімальна жорсткія санкцыі — аж да выключэння банкаў з сістэмы SWIFT. Калі нічым новым паражаць не будуць, то санкцыі, хутчэй за ўсё, будуць пашырацца паволі, — у прыватнасці, могуць пашырацца персанальныя спісы.

— Як хутка мы адчуем наступствы ад санкцый?

— Гледзячы хто гэтыя «мы». Думаю, работнікі прадпрыемстваў, якія непасрэдна закранулі сектаральныя санкцыі, змогуць адчуць наступствы ўжо пры атрыманні бліжэйшага заробку.

Макраэканамічныя наступствы, змяненне курсу могуць надысці з адтэрміноўкай — праз адзін квартал.

Варта дадаць, што днямі ў ЕС заяўлялі аб падрыхтоўцы ўжо пятага пакета санкцый.

 

Пераклад НЧ