Ці ёсць яшчэ час падрыхтавацца да крызісу?

Стан беларускай эканомікі не радасны — гэта ні для каго не сакрэт. Паступленне валюты ў краіну скарачаецца — пра гэта нам кажуць не толькі незалежныя фінансавыя аналітыкі, але і ўлады. Напрыклад, Лукашэнка нядаўна падпісаў указ-загад па размяшчэнні дзяржаўных каштоўных папер на расійскім рынку на суму ў 100 мільярдаў расійскіх рублёў. А раней жа мы размяшчалі еўрабонды!

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg


Навіны на фінансавым рынку нагадваюць «хронікі пікіруючага бамбардзіроўшчыка». Апроч згаданага ўказа пра аблігацыі пішуць, што беларусы працягваюць забіраць валюту з банкаў. Па выніках красавіка 2021 года сярэднія рэшткі па пераводных валютных дэпазітах грамадзян склалі 1,344 млрд. долараў у эквіваленце, а па іншых дэпазітах — 4,407 млрд. долараў. Бесперапыннае падзенне рэшты валютных укладаў адзначаецца 15 месяцаў запар — за гэты час з банкаў забралі 1,804 млрд. долараў.
Пры гэтым насельніцтва не толькі забірае банкаўскія дэпазіты, але і працягвае скупляць валюту: у красавіку фізасобы на чыстай аснове набылі ў банкаў 123,1 млн. долараў (супраць 24,5 млн. долараў у сакавіку).
Экспарт Беларусі за першыя два месяцы года (больш поўных звестак пакуль няма) вырас на 16% у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. Але не варта цешыцца з гэтай нагоды: рост паказчыкаў забяспечаны за кошт так званай «нізкай базы» мінулага года. «Нізкая база» — гэта значыць, што ў студзені-лютым 2020-га (з якім параўноўваецца 2021-ы) знешні гандаль перажываў заняпад. У той перыяд, калі памятаеце, у нас паўстала «нафтавая спрэчка» з Расіяй і расійская нафта практычна не пастаўлялася на беларускія НПЗ. Не было нафты — не было вытворчасці. Не было вытворчасці — не было экспарту. У выніку ўзнікла тая самая «нізкая база» — нізкія паказчыкі мінулага года.
Гэтая «нізкая база» яскрава бачная па паказчыку павелічэння вытворчасці прадукцыі нашымі нафтаперапрацоўчымі заводамі: за тры месяцы ў дачыненні да таго ж перыяду 2020 года рост вытворчасці склаў 47,1%! Тое, што вытворчасць вырасла на такую шалёную лічбу, якраз дэманструе, наколькі нізкая была тая «база» ў мінулым годзе.
Пры гэтым Беларусь не атрымлівае крэдытнай падтрымкі не толькі з Захаду, але і з Расіі. Планы на аблігацыі коштам у 100 мільярдаў рублёў — гэта, канешне, добра, але гэта толькі планы. У рэальнасці ж мы яшчэ не атрымалі траціну (500 млн. долараў) з вылучанага восенню мінулага года крэдыту ў 1,5 млрд. долараў, і надзей на яго атрыманне да канца вясны проста няма. Урадавыя чыноўнікі спадзяюцца (спадзяюцца — ключавое слова) атрымаць гэтыя грошы ў чэрвені.
Здавалася б, у такой сітуацыі валютнага крызісу сапраўды варта чакаць.

Як доўга можам пратрымацца?

Усе спецыялізаваныя рэсурсы спрабуюць ацаніць ступень валютнай устойлівасці краіны, нават здзіўляючыся нашай стойкасці. Напрыклад, з гэтага пункту гледжання ацэньваюцца беларускія золатавалютныя рэзервы.
На 1 траўня ЗВР Беларусі паводле методыкі МВФ склалі 7,278 млрд. долараў. Акрамя рэзерваў у афіцыйным вызначэнні ёсць невялікі загашнік, які называецца «іншыя актывы», не ўключаныя ў рэзервовыя. Да 1 траўня памер гэтых актываў склаў 234,4 млн. долараў. Хоць гэтыя актывы фармальна не ўваходзяць у ЗВР, але яны лёгка могуць туды перамяшчацца і выходзіць назад. Патэнцыйна гэта пэўны запас для падтрымання ЗВР.
Нацбанк рэгулярна дае справаздачу, што расходуе некаторыя сумы пры інтэрвенцыях для згладжвання ваганняў курсу беларускага рубля. Розныя кампаненты рэзерваў нельга называць раўнацэннымі ў плане прыдатнасці да такіх інтэрвенцый. Напрыклад, золата — гэта апошняе, што прадаюць цэнтрабанкі, каб стрымаць дэвальвацыю нацыянальнай валюты. Таксама для інтэрвенцый непрыдатныя спецыяльныя правы запазычання. На 1 траўня іх доля ў ЗВР Беларусі склала 533,9 млн. долараў. СПЗ — гэта рэзервовыя актывы, якія МВФ размяркоўвае паміж краінамі-членамі прапарцыйна квоце гэтых краін.
А вось так званыя актывы ў замежнай валюце ў найбольшай ступені падыходзяць для інтэрвенцый. На 1 траўня іх памер дасягнуў 2,854 млрд. долараў. Апроч валютных актываў, у складзе ЗВР ёсць яшчэ «іншыя актывы». На 1 траўня іх памер склаў 1,047 млрд. долараў. Практычна ўсе гэтыя актывы прадстаўлены каштоўнымі паперамі, узятымі ў пазыку або набытымі па пагадненнях РЭПО. Дадзеныя актывы можна выкарыстоўваць для пагашэння валютных даўгоў улад.
Такім чынам, да 1 траўня рэзервы, патэнцыйна прыдатныя для інтэрвенцый і пагашэння даўгоў крыху не дасягалі 3,9 млрд. долараў.
У той жа час, паводле звестак Нацбанка, загадзя абумоўленыя траты валютных актываў (чытай, выплаты па знешняй запазычанасці, абслугоўванне дзярждоўгу і да таго падобныя выдаткі) на 12 месяцаў наперад дасягалі 3,124 млрд. долараў.
То-бок, калі на працягу гэтых 12 месяцаў улады не змогуць перахапіць грошай і нешта «рэструктурызаваць», то да наступнага свята вясны і працы ад прыдатных для размяшчэння на біржы валютных рэзерваў застанецца каля 0,7 млрд. долараў — у 5 разоў менш, чым цяпер.
На гэтым фоне, вядома, усе чакаюць дэвальвацыі. Але яна ўсё не надыходзіць і не надыходзіць. Чаму?

Элементарны эканамічны закон

Старшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб кажа, што курс долара пачынае расці не з-за санкцый, не з-за дынамікі ўкладаў, не з-за эканамічных праблем. Паводле яго слоў, да курсу долара трэба ставіцца як да цаны на тавар. «Курс долара расце, калі попыт на яго перавышае прапанову, калі валюты купляюць больш, чым яе прадаюць — просты рынкавы закон попыту і прапановы», — тлумачыць ён.
Цяпер жа на рынку назіраецца іншая дынаміка. «У красавіку суб’екты валютнага рынку — прадпрыемствы-рэзідэнты, прадпрыемствы-нерэзідэнты, насельніцтва, банкі — сумарна валюты прадалі больш, чым купілі. Асноўная заслуга продажу валюты была, вядома, за прадпрыемствамі — у красавіку плацяцца квартальныя падаткі. Гэта значыць, прадпрыемствам-экспарцёрам, у якіх ёсць валютная выручка, патрэбныя былі рублі, каб заплаціць падаткі. Яны прадавалі валюту, і за кошт гэтага беларускі рубель умацоўваўся», — адзначае спецыяліст.
Па траўні, адзначае Іосуб, пакуль статыстыкі мы не ведаем, гэтая статыстыка будзе вядомая ў чэрвені. «Але, мяркуючы па дынаміцы курсаў, можна канстатаваць, што цяпер валюту таксама больш прадаюць, чым набываюць. У прыватнасці, калі мы гаворым пра насельніцтва, гэта можа быць звязана з тым, што тэмпы рэальных даходаў насельніцтва запавольваюцца. Гэта значыць, у людзей усё менш свабодных рублёў, якія яны маглі б пусціць на куплю валюты. Але сітуацыя залежыць не толькі ад людзей, але і ад усіх удзельнікаў рынку. Нават калі людзі будуць актыўна прадаваць валюту, але прадпрыемствы будуць яе актыўна купляць — курс пойдзе ўверх. Тут не вельмі істотна, што асобна робяць прадпрыемствы, а асобна людзі. Важная сума іх дзеянняў», — адзначае спецыяліст.
Таму, калі казаць пра кароткатэрміновую перспектыву, то, на думку Іосуба, на працягу тыдня-двух беларускі рубель можа працягнуць рост. А вось у чэрвені можа паўстаць фактар зніжэння валютнай выручкі ў прадпрыемстваў, якія трапілі пад санкцыі ЗША — гэта прадпрыемствы нафтахіма. «І вось гэта — адна з прычын, якая можа перапыніць умацаванне рубля і разгарнуць тэндэнцыю ў іншы бок», — кажа Іосуб.

Усё яшчэ захоўвайце грошы ў банку?

Таму пачатак валютнага крызісу прадказаць наўрад ці мажліва — на тое ён і завецца «крызісам». Але гэта не значыць, што да яго нельга падрыхтавацца. Беларускія ўлады самі пасылаюць трывожныя сігналы насельніцтву.
Напрыклад, беларускія банкі гадамі адлічваюць сродкі ў агенцтва гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб, тым самым фармуючы пэўны «недатыкальны рэзерв». З гэтага рэзерву павінны ажыццяўляцца выплаты ўкладчыкам у тым выпадку, калі які-небудзь з банкаў раптам спыніць дзейнасць і не зможа самастойна выплаціць дэпазіты. Гарантамі захаванасці сродкаў выступалі Нацбанк і Міністэрства фінансаў.
Аднак нядаўна ў пералік гарантаў унеслі яшчэ і Банк Развіцця, прычым у навінах адзначалася, што ў гэтым выпадку Банк Развіцця «атрымае дадатковую ўстойлівую крыніцу фінансавых рэсурсаў».
Крыніца не тое каб залатаносная, але, па сённяшніх часах, вельмі шчодрая. Сума банкаўскага рэзерву ацэньваецца як блізкая да 2 мільярдаў беларускіх рублёў — зменшага, год таму ў фондзе было каля 1,7 мільярда. Дарэчы, гэтая сума амаль роўная памеру дэфіцыту бюджэту за першы квартал 2021 года.Банк Развіцця ж вядомы тым, што ён, у асноўным, фінансуе разнастайныя стратныя праекты беларускай дзяржавы — мадэрнізацыі, аграпрамысловы комплекс і гэтак далей. У сувязі з гэтым у многіх паўстала пытанне: ці не пагоршыць гэта магчымасці Агенцтва выконваць свае абавязацельствы па кампенсацыі дэпазітаў?
Вадзім Іосуб не бачыць у гэтым рашэнні нічога асабліва. «Наколькі я памятаю, раней гэтае Агенцтва магло купляць каштоўныя паперы Нацбанка і Мінфіна. Цяпер яно можа купляць каштоўныя паперы Банка Развіцця. Банк Развіцця цалкам належыць дзяржаве. І дзяржава будзе адказваць па ўсіх абавязацельствах Банка Развіцця. Аблігацыі Банка Развіцця, з пункту гледжання рызык, надзейнасці, рэйтынгаў знаходзяцца на адным узроўні з аблігацыямі ўрада», — кажа адмыслоўца.
Што ж да таго, што Банк Развіцця «раскашэльваецца» на стратныя дзяржаўныя праекты, то Іосуб адзначае, што «роўна гэтым жа вядомы і наш урад». «Я не хачу сказаць, што Банк Развіцця і наш урад аднолькава добрыя, але пры гэтым яны проста аднолькавыя. На самой справе, якім чынам грошы Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў патрапяць на рахункі неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў — праз аблігацыі Мінфіна або праз аблігацыі Банка Развіцця — мне падаецца, прынцыповай розніцы тут няма. Практыка, безумоўна, дрэнная, але гэтае рашэнне з Банкам Развіцця сітуацыю асабліва не пагоршыла», — адзначыў Іосуб.
Праўда, з пункту гледжання даверу да банкаўскай сістэмы, гэты крок выглядае даволі сумнеўным. І гэта можа стаць яшчэ адным штуршком для таго, каб людзі захоўвалі валюту ў панчохах, а не на банкаўскіх дэпазітах.