Эканамічнае становішча пагоршылі ўлады Беларусі? «Транснафта» можа прыпыніць працу ў нашай краіне

У гэтым выпадку пад пагрозай акажацца транзіт нафтапрадуктаў ад расійскіх і беларускіх НПЗ праз Беларусь у Венгрыю і Латвію.

Фота www.rubaltic.ru

Фота www.rubaltic.ru

«Транснафта» дапускае прыпыненне дзейнасці даччынага прадпрыемства ў Беларусі — «Захад-Транснафтапрадукт». Пра гэта паведаміў журналістам прэзідэнт кампаніі Мікалай Токараў у кулуарах «Расійскага энергетычнага тыдня», перадае ТАСС.

Паводле яго слоў, на прадпрыемства аказваецца бюракратычны ціск, з-за якога пагаршаецца эканамічнае становішча.

«У справу ўключыліся праваахоўнікі, пракуроры, падаткавікі, вельмі шмат ведамстваў, якія прыходзяць не дапамагчы, а наглядаць, правяраць і што-небудзь яшчэ рабіць», — сказаў кіраўнік кампаніі.

«Прадпрыемства абяскроўлена, там працуе 700 чалавек беларускіх грамадзян, і прадпрыемства працуе ў "мінус". Вядома, гэтая сітуацыя не можа задавальняць "Транснафту"», — падкрэсліў Токараў.

«Транснафта» лічыць, што эканамічнае становішча яе «дочкі» «усугублено рукотворно» ўладамі Беларусі, дадаў прэзідэнт «Транснафты».

«Таму мы, вядома, глядзець спакойна на гэта не будзем», — папярэдзіў ён.

«Транснафта» мае намер правесці эканамічны аўдыт сваёй даччынай кампаніі, ацаніць перспектывы прадпрыемстваў і, зыходзячы з гэтага, «прымаць рашэнне».

Праз 2-3 тыдні чакаецца падпісанне вялікага пакета ўзгодненых дакументаў.

«Калі пасля гэтага сітуацыя не зменіцца, ну, тады аж да прыпынення дзейнасці прадпрыемства прыйдзецца вырашаць пытанне. Пакуль не хацелі б», — сказаў Мікалай Токараў.

У лютым «Транснафта» абвінаваціла ўлады Беларусі ў спробе нацыяналізацыі «Захад-Транснафтапрадукта». Згодна з заявамі кампаніі, павелічэнне падатковай нагрузкі на транзіт расійскай нафты і нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі з 2021 года можа стварыць перадумовы да банкруцтва і далейшай нацыяналізацыі «Захад-Транснафтапрадукта».

З пачатку года Мінск амаль утрая павялічыў стаўку падатку на прыбытак для прадпрыемстваў, якія займаюцца транзітам расійскай нафты і нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі, — з 18% да 50% і ўвёў экалагічны падатак.

Паводле thinktanks.by