Эканамісты: адвязацца ад расійскага рынку можна за 5 гадоў

Минск хоча ўратавацца ад крызису ў Расиі, перанакіроўваючы экспарт у Кітай і Лацінскую Амерыку.



2862ab22_f4be_49a5_bbee_cd9bb0b023be.jpg

Беларусь панесла велізарныя страты ад падзення экспарту ў Расію, таму хоча перанакіраваць гандлёвыя паток на Кітай, Афрыку і Лацінскую Амерыку. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню прэм’ер Андрэй Кабякоў. Наколькі рэальна знайсці замену расейскаму рынку? Пра гэта мы пыталіся ў беларускіх эканамістаў.

Толькі за два месяцы гэтага году ў гандлі з Расіяй Беларусь страціла каля 900 мільёнаў даляраў — заявіў у інтэрв'ю беларускім тэлежурналістам Андрэй Кабякоў. Такое падзенне экспарту нясе вялікую пагрозу для беларускай гаспадаркі, — лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў.

Л. Злотнікаў: Беларусь страціла каля 13% ад свайго двухмесячнага ВУП. Гэта не можа не прывесці да паніжэння ўзроўню жыцця.

Прычына рэзкага падзення — эканамічны крызіс у Расіі, выкліканы анексіяй Крыму, вайной у Данбасе і канфрантацыяй з Захадам. На расійскім рынку Беларусь зарабляе палову сваіх экспартных прыбыткаў. Калі на Захад Мінск высылае ў асноўным сыравінную прадукцыю, кшталту калійных угнаенняў і прадуктаў нафтахіміі, то на Усход ідуць тавары прадпрыемстваў машынабудавання, якія даюць працу тысячам людзей. Менавіта гэтыя прадпрыемствы цяпер адчуваюць найбольшыя цяжкасці.

Самыя вялікія страты адчулі перапрацоўчая прамысловасць, вытворчасць транспартных сродкаў і абсталявання. Гаворка ідзе пра вытворчасць грузавікоў, трактароў, кар’ерных самазвалаў. Затым упаў экспарт хімічнай вытворчасці — напрыклад, у выпуску штучнага валакна. Як ні дзіўна, адбыўся спад і ў экспарце сельскагаспадарчых прадуктаў. Беларусь недаатрымала 150-200 мільёнаў даляраў з-за таго, што Расея пачала больш жорстка кантраляваць паходжанне прадуктаў харчавання іх якасць.

Каб зменшыць залежнасць беларускай эканомікі ад Расіі, урад намераны павялічыць экспарт беларускай прадукцыі ў Кітай, Індыю, краіны Паўднёвай Амерыкі і Афрыку. Як заявіў прэм’ер Кабякоў, «пастаўлена задача «нарасціць экспарт у гэтыя краіны да ўзроўню 5 мільярдаў даляраў.

Вызваліцца ад прывязанасці да ўсходняга суседа тэарэтычна магчыма. Аднак на гэта пройдзе ня менш за 5 гадоў інтэнсіўнай працы — кажа эканаміст Міхаіл Залескі.

М. Залескі: Пераарыентацыя экспарту з такога рынку, як Расія, зойме мінімум 54 месяцы. Эксперты некалі рабілі такія разлікі. Калі мы захочам адвярнуцца ад Расеі, то паварочвацца мы будзем чатыры з паловай гады! Ёсць прыклад Эстоніі. Гэта краіна значна меншая ад нашай, але на пачатку 90-х гадоў яна мела вельмі падобную структуру экспарту. Яны змаглі пераарыентавацца. Мы таксама можам гэта зрабіць, аднак на працягу 3-4 гадоў мы будзем перажываць пэўныя цяжкасці.

На практыцы беларускім прадпрыемствам знайсці новыя рынкі збыту надзвычай цяжка. Прычына — у недастатковай якасці беларускіх тавараў і палітычнай абумоўленасці шматлікіх.

 Імпарт нашай прадукцыі ў Расію часта абумоўлены рэгіянальнымі сувязямі, магчымасцю выкарыстоўваць аднолькавыя карупцыйныя інстытуты. На сусветным рынку іх ня будзе. Трэба будзе выжываць зусім інакш.

Л. Злотнікаў: Попытам на міжнародных рынках карыстаюцца беларускія калійныя ўгнаенні, прадукцыя хімічных і нафтахімічных прадпрыемстваў. Магчыма, менавіта яны будуць выходзіць на замежныя рынкі і кампенсаваць страты ад абвалу экспарту ў Расію.

Увесь свет купляе нашы хімічныя ўгнаенні. У Еўразвяз ідуць прадукты нафтаперапрацоўкі, вырабленыя з расейскай сыравіны. А на астатнія тавары попыт невялікі. Прадаваць нашу тэхніку не вельмі атрымліваецца. Суадносіны «цана-якасць» складваюцца не на карысць нам нават у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Кітай усё робіць танней і больш якасна.

Узалежнівацца ад экспарту сыравіны вельмі небяспечна. Гэта значыць зрабіць грамадзянаў сваёй краіны закладнікамі цэнаў на сусветных рынках, якія радыкальна змяняюцца ледзьве ня кожны месяц.

М. Залескі: Выміранне беларускіх прамысловых прадпрыемстваў і рост залежнасці ад сыравінных вытворчасцяў назіраюцца ў Беларусі ўжо не першы год.


Заводы, пабудаваныя ў 1950-1970-я гады выпрацоўваюць свой рэсурс. Яны патрабуюць «апгрэйду». А гэты «апгрэйд» каштуе мільярдаў даляраў. Ніхто іх нам не дае, а сваіх у нас няма.

Такім чынам, зменшыць каласальную залежнасць беларускай эканомікі ад расейскага рынку магчыма. Аднак каб дапасаваць беларускія прамысловыя гіганты да патрабаванняў сусветнага рынку, яны самі павінныя стаць рынкавымі прадпрыемствамі.

Іншым шляхам пакрыцця стратаў ад «згортвання» расійскага рынку можа быць нарошчванне экспарту сыравіны. Гэта самы небяспечны варыянт, які прыводзіць да «адмірання» беларускай прамысловасці. Але менавіта гэты шлях, свядома ці несвядома, абрала кіраўніцтва Беларусі — канстатуюць эксперты.

Аляксандар Папко, www.radyjo.net