Мінгандлю дазволіла сетцы магазінаў "Дабраном" працаваць

Падставай для такога рашэння паслужылі вынікі кантрольнай праверкі, падчас якой кіраўніцтва "Дабранома" падало дакументы, якія пацвярджаюць пагашэнне пратэрмінаванай завінавачанасці больш як на 30 млрд. рублёў, што ўтварылася перад пастаўшчыкамі на момант вынясення прадпісання аб прыпыненні працы магазінаў, паведамляе прэс-служба міністэрства. 



abranom.jpg

Акрамя таго, у перыяд правядзення кантрольнай праверкі, з 15 ліпеня, ЗАТ "Дабраном" пералічыла ў межах пагашэння наяўнай і новай пратэрмінаванай завінавачанасці за тавары больш як 60 млрд. рублёў. 
ЗАТ "Дабраном" папярэджанае, што ў выпадку паўторнага факта ўстанаўлення парушэнняў, якія паслужылі падставай для прыпынення працы гандлёвых аб'ектаў, Мінгандлю ў адпаведнасці з нормамі ўказа прэзідэнта № 567 можа вынесці рашэнне аб поўнай забароне іх працы . 
Паводле інфармацыі кіраўніцтва таварыства, уся пратэрмінаваная завінавачанасць пагашаная выключна за кошт атрыманай выручкі. Такім чынам, для пагашэння пратэрмінаваных (да шасці месяцаў) даўгоў ЗАТ "Дабраном" спатрэбілася менш як два тыдні, адзначыла ведамства. 
8 ліпеня Мінгандлю паведаміла аб прыпыненні на 90 дзён (з 21 ліпеня) дзейнасці 177 магазінаў ЗАТ "Дабраном" у сувязі з завінавачанасцю перад пастаўшчыкамі за тавары. Як адзначылі ў ведамстве, з лютага гэтага года пытанне своечасовасці разлікаў гандлёвых сетак з пастаўшчыкамі за пастаўленую прадукцыю неаднаразова абмяркоўвалася на пасяджэннях калегіі Мінгандлю. "Сеткавым арганізацыям прапаноўвалася прыняць вычарпальныя меры па пагашэнні пратэрмінаванай завінавачанасці. Мінгандлю ўстанавіла канчатковы тэрмін — 10 чэрвеня 2015 года", — нагадалі ў міністэрстве.
Паводле БелаПАН