Нацбанк Беларусі спрагназаваў рызыкі для эканомікі ад заходніх санкцый

Рэйтынгавае агенцтва «Standard & Poor’s» раней апублікавала рэліз, у якім адзначыла ўзрослую ступень нявызначанасці і павышаныя рызыкі для фінансавай стабільнасці Беларусі, піша «Свабода».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Нацыянальны банк Беларусі адрэагаваў на прагнозы і прааналізаваў магчымыя наступствы ад вонкавых пагроз для беларускай эканомікі.
«Выклікі, у якіх функцыянуе фінансавы сектар, значныя і істотна ўзраслі»,— прызнаў у інтэрв'ю БелТА намеснік старшыні Нацбанка Дзмітрый Калечыц.
Да рызык ён аднёс:
— асноўныя, звязаныя з крэдытнай рызыкай, ліквіднасці;— шокі негатыўна адбіліся на стане прадпрыемстваў рэальнага сектару, абмежавалі іх магчымасці ў абслугоўванні сваіх абавязанняў;— высокі ўзровень валютызацыі актываў і пасіваў банкаўскага сектару таксама ёсць значнай рызыкай для фінансавай стабільнасці краіны;— вырас узровень знешняга доўгу;— істотным выклікам стала парушэнне ашчаднага працэсу, што суправаджалася павышаным попытам на замежную валюту і абумовіла ціск на рублёвую ліквіднасць банкаў.
Банкір прызнаў, што санкцыі адаб’юцца на стане фінансавага сектару: «Сапраўды, гэтыя меры будуць мець пэўны ўплыў на фінансавы сектар».
Сярод магчымых наступстваў ён назваў:

  • гэтыя меры будуць мець пэўны ўплыў на фінансавы сектар. Можна чакаць, што ў перспектыве некалькі зменшацца аб’ёмы беларускага экспарту і, адпаведна, аб’ёмы валютнай выручкі.
  • улічваючы высокую імпартаёмістасць беларускай эканомікі, знізіцца і імпарт.
  • у сукупнасці ўплыў дадзенага шоку на збалансаванасць знешняга гандлю будзе ўмераным і расцягнутым у часе.
  • у пэўнай ступені знізяцца магчымасці для прыцягнення знешняга фінансавання.


Найбольш моцна гэта можа закрануць сферу знешняга дзяржаўнага доўгу, дзе захоўваецца патрэба ў рэфінансаванні досыць вялікіх аб’ёмаў запазычанасці.
Дзмітрый Калечыц лічыць, што можна чакаць узмацнення ціску на валютны рынак. Аднак, з улікам інерцыйнасці эканамічных працэсаў, гэта не адбудзецца за адзін раз, эфекты ад знешніх шокаў будуць выяўляцца паступова. Разам з тым, акрамя наўпроставага ўздзеяння праз каналы знешняга гандлю і плацёжнага балансу ў цэлым, наступствы ад абмежавальных захадаў могуць узмацніцца за кошт таго, што да вонкавых дададуцца ўнутраныя фактары.
Паколькі негатыўныя чаканні застаюцца падвышанымі, захоўваецца адток сродкаў фізічных асоб з банкаўскай сістэмы, а таксама попыт на замежную валюту на ўнутраным рынку. Гэта не лепшым чынам адбіваецца на рэсурсах фінансавых арганізацый і іх магчымасцях крэдытавання эканомікі. У выніку дадатковых шокаў такія чаканні могуць яшчэ больш павялічыцца.