НАУ просіць ЗША закрыць Лукашэнку доступ да крэдытаў МВФ

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) накіравала ў Кангрэс ЗША ліст, у якім сфармулявала шэраг санкцый, увядзенне якіх, як мяркуецца, зможа паўплываць на рэжым Лукашэнкі. Пасланне адрасаванае нядаўна створанай групе «Сябры Беларусі» Кангрэса ЗША

usa_21_07.jpg


Як паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на кіраўніка НАУ Паўла Латушку, у лісце агучваюцца прапановы:

  • закрыць для Лукашэнкі доступ да крэдытаў МВФ;
  • выключыць кіраўніка Нацбанка Беларусі Паўла Калаўра і міністра фінансаў Юрыя Селіверстава з Рады кіраўнікоў МВФ;
  • замарозіць карэспандэнцкія рахункі дзяржаўных банкаў Беларусі;
  • накласці санкцыі на Мазырскі НПЗ і «Беларуськалій», а таксама далучыцца да сектаральных санкцый ЕС і пашырыць іх;
  • блакаваць спробы ўхілення ад санкцый, у тым ліку за кошт Расіі.

Пра стварэнне ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэса ЗША групы «Сябры Беларусі» стала вядома на мінулым тыдні. У кокус увайшлі кангрэсмены Біл Кіцінг, Марсі Каптур (прадстаўнікі дэмакратычнай партыі), Крыс Сміт і Джо Уілсан (з Рэспубліканскай партыі). Мяркуецца, што на гэтым тыдні з чальцамі кокуса сустрэнецца Святлана Ціханоўская.

Пра гатоўнасць ЗША пашыраць санкцыі супраць Беларусі напярэдадні заявілі ў Белым доме і ў Сенаце.