Не выкананы ні адзін з паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за апошнія пяць гадоў

У мінулую пяцігодку ні адзін з адзінаццаці найважнейшых паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі не быў выкананы. Гэта вынікае з праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016–2020 гады.

Фота thinktanks.by

Фота thinktanks.by


У дакуменце, з якім удалося азнаёміцца БелаПАН, прыведзеныя вынікі выканання найважнейшых паказчыкаў папярэдняй праграмы, якая сцвярджалася на 2011—2015 гады.
Меркавалася, у прыватнасці, што за гэты перыяд ВУП павялічыцца на 62—68%, аднак па факце ён павялічыўся толькі на 5,9%.

Прамысловая вытворчасць за пяць гадоў вырасла на 4,6% пры заданні 54—60%, прадукцыйнасць працы — на 10,7% замест запланаваных 63—68%.


Не былі таксама выкананыя заданні па васьмі іншых найважнейшых паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця: тэмпы росту экспарту, інвестыцыі ў асноўны капітал, жыллёвае будаўніцтва, рэальныя даходы насельніцтва. Так, за апошнія пяць гадоў рэальныя даходы насельніцтва выраслі на 32,7%, хоць меркавалася павелічэнне на 70—76%.

Між тым праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады прадугледжвае павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі і выхад на тэмпы эканамічнага росту вышэй за сярэднесусветныя.


Чакаецца, што рост ВУП у 2020 годзе складзе 3,5% (у Расіі — 2,8%, у ЕС — 2%).
Праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года падрыхтаваны з улікам прагназаванага павелічэння сусветных коштаў на нафту да 65 долараў за бараль у 2020 годзе (цяпер кошт бараля складае 42 долары).
Паводле ацэнкі экспертаў, задача па росце ВУП, якую ўлады плануюць зацвердзіць на бліжэйшыя пяць гадоў, мае ў асноўным ідэалагічны характар. "Мэта па росце ВУП — нязменны фетыш беларускай сістэмы кіравання, — кажа эканаміст Антон Балточка. — На дзяржаўным узроўні гэта ўсё той жа дырэктыўны паказчык. Дзяржаве дзякуючы адной лічбе прасцей растлумачыць насельніцтву свае планы".
Як лічыць эксперт, гэта разумее абсалютная большасць дзяржслужачых. "Пасля таго, як у папярэднія гады мы ўвесь час не выконвалі прагнозы па ВУП, цяпер мала хто верыць у іх дасягненне. Ва ўрадзе, на ўзроўні мясцовых чыноўнікаў, будуць глядзець на гэтую мэту як на ідэалагічную задачу, якая з эканамічнай рэчаіснасцю мае мала агульнага", — зазначыў эканаміст у каментары БелаПАН.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН