Nestle скараціла рэкламу на беларускім тэлебачанні. Раней гэтага патрабавала грамадскасць

Швейцарская кампанія Nestlé абвясціла аб «значным» скарачэнні рэкламнага бюджэту на тэлебачанні ў Беларусі. Ці зроблена гэта пад ціскам грамадскасці або так супала? — задаецца пытаннем telegref.by.

У сувязі з размяшчэннем рэкламы Nestlé на дзяржаўным тэлебачанні Беларусі да генеральнага дырэктара Nestlé Ульфа Марка Шнайдера і старшыні Савета дырэктараў Nestlé Поля Бюльке раней звярнулася з адкрытым лістом нямецка-швейцарская няўрадавая арганізацыя Libereco. Яна заклікала кампанію рушыць услед прыкладу Nivea і Škoda, якія адмовіліся ад падтрымкі правядзення чэмпіянату свету па хакеі з шайбай у Беларусі.

У лісце, да падпісання якога далучыліся 52 няўрадавыя арганізацыі з 18 краін, у тым ліку «Рэпарцёры без межаў», Libereco заклікала неадкладна спыніць размяшчэнне рэкламы Nestlé ва ўсіх «кантраляваных дзяржавай» беларускіх СМІ. Актывісты расцанілі размяшчэнне рэкламы ў гэтых арганізацыях як «прамое фінансаванне дзяржаўнай прапаганды».

Дарэчы, пачалося ўсё яшчэ раней, з адкрытага ліста Паўла Латушкі. Ён выступіў «за поўнае спыненне супрацоўніцтва Nestle з прапагандыстамі».

У выніку кампанія ў каментары нямецкай медыягрупе RND паведаміла аб «значным» скарачэнні сваёй рэкламы на тэлебачанні Беларусі. Аб якіх сумах ідзе гаворка, ў Nestlé не ўдакладнілі. Адзначаецца, што скарачэнне выдаткаў адбылося «ў рамках рэгулярнага аналізу». Атрымліваецца, што бюджэты скарацілі не па патрабаванні падпісантаў ліста? Цалкам можа быць: спажывецкі попыт у Беларусі падае, як і рознічныя продажы (за май гэтага года ўсяго 98,1% у параўнанні з маем мінулага года).

«Мы вельмі ўважліва сочым за падзеямі ў Беларусі. Наша мэта застаецца — забяспечыць мясцовае насельніцтва Беларусі бяспечнымі, пажыўнымі і даступнымі прадуктамі харчавання. У прынцыпе, у краінах, у якіх мы працуем, мы не пазіцыянуем сябе ў адпаведнасці з палітычнымі патрабаваннямі і прытрымліваемся ўсіх прыдатных законаў і санкцый», — удакладнілі ў кампаніі на запыт RND сваю пазіцыю.

Такім чынам, кампанія ніякіх палітычных заяваў не рабіла.

Nestlé S. A. — швейцарская транснацыянальная карпарацыя, найбуйнейшы ў свеце вытворца прадуктаў харчавання. Nestlé вырабляе растваральную каву, мінеральную ваду, шакалад, марозіва, булёны, малочныя прадукты, дзіцячае харчаванне, корм для хатніх жывёл, фармацэўтычную прадукцыю і касметыку. Асноўныя гандлёвыя маркі — KitKat, Maggi, Nescafe, Nesquik, Nestea.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

,

Больш цікавага на «Новым Часе»: