Палессю прарочаць стаць турыстычнай мекай у межах усёй Еўропы

Мільёны еўрапейскіх турыстаў гатовыя ехаць у Беларусь, калі адкрыюць межы, каб пабачыць дзікую прыроду, — сцвярджаюць замежныя эксперты.

s1200_1.webp

«Палессе можа быць паспяховым у розных мэтавых груп еўрапейскіх турыстаў, у тым ліку ў "срэбных" ва ўзросце 50-70 гадоў, маладых аматараў прыроды (18-44 гады), а таксама "зялёных" сем'яў з дзецьмі», — заявіў член праўлення «Глабальнай сеткі экатурызму» Айвар Руукель на нядаўнім круглым стале ў Мінску, прэзентуючы адмысловае даследаванне групы міжнародных экспертаў.

Паводле іх высноў, адзін з найбольш перспектыўных напрамкаў — назіранне за птушкамі, ці бердвотчынг. На Палессі сустракаюцца шмат рэдкіх відаў, якія вабяць аматараў-арнітолагаў з Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Нідэрландаў ды іншы краін. Вялікім турыстычным патэнцыялам таксама валодаюць экатуры па асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях (заказніках ды Нацпарку «Прыпяцкі»), сплавы па рэчках, знаёмствы з некаторымі аўтэнтычнымі традыцыямі палешукоў, напрыклад, бортніцтвам.

Апошнія гады пасля ўвядзення бязвізавага ўезду ў Беларусь колькасць замежных турыстаў на Палессі ўстойліва расла (прынамсі, да пачатку пандэміі COVID-19). Аднак лічбы ўсе адно былі далёкімі ад свайго патэнцыялу, бо рэгіен дагэтуль застаецца малавядомым на глабальным турыстычным рынку. Акрамя таго, тут, паводле ацэнак экспертаў, усё яшчэ кволая турыстычная сетка і бракуе гідаў, якія б свабодна валодалі замежнымі мовамі.

Даследчыкі падлічылі, што ў сярэднетэрміновай перспектыве Беларусь можа павялічыць плынь турыстаў у сваю глыбінку ў 5-6 разоў да 6 мільенаў чалавек за год. Але для гэтага трэба засяродзіцца на папулярызацыі Палесся як турыстычнага цэнтра ў Еўропе. Мэце павінны паспрыяць планы па стварэнні ў рэгіене аб’екта Сусветнай прыроднай спадчыны і біясфернага рэзервата ЮНЕСКА. Грамадскае аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) пры падтрымцы Мінпрыроды пачало рыхтаваць адпаведную заяўку.

«Чакаецца, што на Палессі аб'ект ЮНЕСКА будзе мець трансгранічны статус, закране і беларускія, і ўкраінскія тэрыторыі», — паведаміў пра планы спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях, каардынатар праграм «Франкфурцкага заалагічнага таварыства» Віктар Фянчук.

Як паказваюць даследаванні, развіццё турызму можа быць адносна танным спосабам забяспечыць эканамічны рост беларускіх рэгіёнаў, у тым ліку Палесся, дзе высокія рызыкі беднасці і нямала адсталых у развіцці раёнаў. Для прыкладу, стварэнне аднаго працоўнага месца ў аграэкатурызме абыходзіцца ў 10 тыс. рублеў, што ў разы менш, чым у прамысловасці і на транспарце. То-бок, уклаўшы ў турызм адносна невялікія інвестыцыі, можна атрымаць істотныя сацыяльна-эканамічныя выгоды.

Удзельнікі сустрэчы заклікалі разглядаць турызм як альтэрнатыву некаторым буйным інфраструктурным праектам, якія пагражаюць экалогіі рэгіена. Трывогу, у прыватнасці, выклікаюць планы пабудовы па рэках Палесся воднага шляху Е40. Эксперты падлічылі, што, калі грошы, якія неабходныя для прывядзення воднай артэрыі ў адпаведнасць з IV класам суднаходства (а гэта не менш за мільярд еўра), пераарыентаваць у сектар турызму, гэта дазволіць стварыць да 300 тыс. працоўных месцаў.

Летась некалькі грамадскіх арганізацый Усходняй Еўропы абвясцілі кампанію «Save Polesia» (бел. — «Захаваем Палессе»), заклікаўшы ўсіх неабыякавых падпісаць адпаведную петыцыю. У ёй турызм прапанавана разглядаць як фармат устойлівага развіцця рэгіена. Па стане на пачатак чэрвеня пад петыцыяй падпісаліся больш за 37 тыс. чалавек.