Палякі затрымалі чарговую партыю кантрабандных цыгарэт з Беларусі — цяпер на 2,3 мільёна долараў

За такую вялікую колькасць кантрабанды цыгарэт кіроўца можа быць пазбаўлены волі на тэрмін да 10 гадоў, піша «Польскае радыё».

3131c806_0baf_4db2_84e7_bf45d73c996e_g0ovj.jpg

Кантрабанда 600 тысяч пачак цыгарэт без польскіх акцызных марак была знойдзена супрацоўнікамі Падляшскай падатковай адміністрацыі на памежным пераходзе з Беларуссю ў Кузніцы. Нелегальны тавар перавозілі ў спецыяльных скрынях, якія імітуюць паддоны з дошкамі. Кошт кантрабанды ацэньваўся ў 2,3 млн. долараў.

Функцыянеры на памежным пераходзе ў Кузніцы затрымалі грузавік, якім кіраваў 28-гадовы беларус, што, паводле дакументаў, павінен быў перавозіць дошкі. Падчас дэталёвай праверкі грузавіка, якой папярэднічалі рэнтгенаўскія здымкі, высветлілася, што ў прычэпе ў спецыяльна падрыхтаваных скрынях, якія імітуюць паддоны з дошкамі, захоўваецца кантрабанда цыгарэт. Разгрузка і дакладны падлік занялі суткі.

Калі б гэтыя 600 тысяч пачак трапілі на рынак, то страты дзяржаўнай казны маглі б скласці 14,5 мільёнаў злотых.

Беларускі кіроўца быў часова арыштаваны на тры месяцы. За такую вялікую колькасць кантрабанды цыгарэт ён можа быць пазбаўлены волі на тэрмін да 10 гадоў.

Паводле «Нашай Нівы».