Прамысловыя дзяржпрадпрыемствы не спраўляюцца з заданнем урада па экспарце

Як сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі, міністэрствы і канцэрны, якім падведамасныя прамысловыя дзяржпрадпрыемствы, не выканалі ў студзені—верасні заданні ўрада па тэмпах росту экспарту.



padenie_vvp_2451.jpg

Так, арганізацыі Мінпрама знізілі экспартныя пастаўкі на 15,2% у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года (да 3,92 млрд. долараў), у той час як згодна з заданнем павінны былі павялічыць іх на 12—13%. 
Перад арганізацыямі Мінсельгасхарча ставілася задача павялічыць экспартныя пастаўкі за дзевяць месяцаў на 12—12,3%, аднак у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года гэты паказчык знізіўся на 5,3% і склаў 2,39 млрд. долараў. 
Урад таксама прагназаваў, што прадпрыемствы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ў студзені—верасні гэтага года павялічаць экспарт на 13—13,6%. Аднак па факце за дзевяць месяцаў рост экспарту склаў толькі 3,7%. 
Заданне ўрада па экспарце не выканалі і прадпрыемствы, падведамасныя канцэрнам. 
Арганізацыі канцэрна "Беллеспаперапрам" знізілі экспартныя пастаўкі на 1% (пры прагнозе росту на 19—20%). Прадпрыемствы "Беллегпрама" пры заданні павялічыць экспарт на 13,6—14,1% знізілі пастаўкі сваёй прадукцыі на знешнія рынкі на 9,5%. 
Нагадаем, выступаючы 10 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў, прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч тлумачыў зніжэнне экспарту складанай сітуацыяй на рынку Расіі, нацыянальная валюта якой сур`ёзна дэвальвавалася. 
"Сітуацыя такая, што 92% валютнай выручкі з Расіі мы атрымліваем у расійскіх рублях. Дэвальвацыя павінна была прывесці да эквівалентнага змянення цэн на расійскім рынку. На жаль, гэтага не адбываецца. Па гэтай прычыне прадпрыемствы імкнуцца шукаць іншыя рынкі збыту", — патлумачыў прэм`ер. 
Паводле слоў Мясніковіча, адмоўна на беларускім экспарце адбіваецца і цяперашняе ўмацаванне беларускага рубля да расійскай валюты. "Сукупнасць фактараў вельмі няпростая і патрабуе ад прадпрыемстваў сур`ёзных рашэнняў", — сказаў кіраўнік урада.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН