Сям'я праўладнага прадпрымальніка Алексіна прадала свае бізнес-актывы ў Еўропе

Пасля трапляння пад еўрапейскія санкцыі бізнесмен Аляксей Алексін мяняе структуру ўласнасці ў сваіх кампаніях. У чэрвені ён прадаў беларускі «МТБанк» (а разам з ім — і «ІдэяБанк») ліванскаму бізнесмену. А цяпер яго сям'я пазбавілася і еўрапейскіх актываў, распавядае «Еўрарадыё».

Фотакалаж «Еўрарадыё».

Фотакалаж «Еўрарадыё».

Латвійскія кампаніі па вытворчасці біяпаліва «Mamas D» і бровар «Latgales Alus D» належалі жонцы Алексіна Іне і яго старэйшаму сыну Дзмітрыю. Акрамя іх, невялікая доля была ў латвійскага нафтатрэйдара Аляксандра Грахоўскіса.

Заробак у абмен на падтрымку: як у ЕС тлумачаць санкцыі супраць бізнесменаў

Іна Алексіна адмовілася ад долі ў абедзвюх кампаніях у чэрвені. А ў 20-х чыслах ліпеня прадаў (прынамсі, так гэта выглядае афіцыйна) свае долі і Дзмітрый Алексін.

Як вынікае са звестак «Lursoft», цяпер «Mamas D» і «Latgales Alus D» цалкам належаць Грахоўскісу. Мяркуючы па рэестры, у Алексіных не засталося ні аднаго латвійскага і, адпаведна, еўрапейскага бізнесу.

«Падарунак» ад Чыжа

«Mamas D» і «Latgales Alus D» «дасталіся» Алексіну пасля таго, як у 2012 годзе пад санкцыі трапіў яго партнёр Юрый Чыж. Бізнесмены «падзялілі» свае актывы. Па сутнасці, пасля гэтага і пачалася «залатая пара» ў Алексіна, які з часам стаў адным з найбуйнейшых беларускіх бізнесменаў.

Набліжаны да Лукашэнкі бізнесмен выкарыстаў хітры трук для сыходу ад санкцый

Абедзве прададзеныя кампаніі — досыць паспяховыя і прыносілі сям'і Алексіных добрыя грошы. Яны ўваходзяць у спісы найбуйнейшых прадпрыемстваў Даўгаўпілса, другога па велічыні года ў Латвіі, а іх абароты ацэньваліся ў дзясяткі мільёнаў еўра.

У лютым 2021 года ў медыя цыркулявала інфармацыя, што менавіта Латвія «заблакавала» ўключэнне Алексіна-старэйшага ў санкцыйныя спісы. Гэтае прозвішча з'явілася ў блэклістах толькі ў чэрвені, калі быў уведзены «чацвёрты пакет» санкцый Еўрасаюза.