Сяргей Чалы: У прэзідэнцкі фонд лезуць напярэдадні крызісу

Вылучэнне 206,53 млн. рублёў з рэзервовага фонду кіраўніка дзяржавы на падвышэнне заробкаў бюджэтнікам гаворыць пра тое, што грошай у бюджэце становіцца ўсё менш. Пра гэта распавёў незалежны аналітык Сяргей Чалы, паведамляе «Еўрарадыё».

— У нас было не так шмат выпадкаў, калі залазілі ў гэты рэзервовы фонд прэзідэнта, памеру якога не ведае нават Мінфін. Першы такі выпадак датуецца 2009 годам.

Тады трэба было скончыць год без дэфіцыту бюджэту, каб праграма супрацоўніцтва МВФ з Беларуссю была ўхваленая.

— Для таго каб гэта адбылося, частка даходаў прэзідэнцкага рэзервовага фонду была ўключаная ў даходы бюджэту. І гэта дазволіла збалансаваць макраэканоміку. Таму сярод іншага 2009 год прайшоў у нас ласкава, нягледзячы на крызіс па ўсім свеце.

Выкарыстанне такіх рэзерваў гаворыць пра крызісную сітуацыю, лічыць аналітык.

— Гэта спроба выкарыстаць такі інструмент як апошні інструмент фінансавання выпадаючых бюджэтных даходаў.

Сяргей Чалы адзначае, што, паколькі надбаўкі ў асноўным прадугледжваюцца для работнікаў медыцынскай сферы, то выкарыстанне сродкаў фонду не павінна быць разавым.

Нягледзячы на ўсталяваныя сумы, пытанне — што будзе, калі гэтыя сродкі скончацца. Мабыць, яны [ўлады. — Заўв. рэд.] разлічваюць, што неабходнасць у надбаўках, звязаных з лячэннем каронавіруса, знікне. Разглядаецца, мабыць, распрацоўшчыкамі гэтага ўказа, што гэта не так надоўга спатрэбіцца. Добра, паглядзім. Мы ж ведаем, што Беларусь вельмі моцна адстае па тэмпах вакцынацыі і небяспека распаўсюджвання новага штама па-ранейшаму высокая, — кажа Сяргей Чалы.

Згодна з пастановай Саўміна №460 ад 12 жніўня 2021 года, Мінфін выдзяліць 206,53 млн. на павышэнне заробкаў бюджэтнікам. Ва ўмовах дэфіцыту бюджэту гэтыя грошы будуць узятыя з рэзервовага фонду прэзідэнта Беларусі.

Сродкі будуць накіраваныя ў тым ліку Рэспубліканскаму шпіталю і абласным медслужбам Дэпартамента фінансаў і тылу МУС, рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам, вайсковым часцям і медустановам Мінабароны, рэспубліканскім установам аховы здароўя.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: