Страты прадпрыемстваў Мінпрама павялічыліся ў 6,6 разоў

Страты прадпрыемстваў, падведамных Міністэрству прамысловасці, склалі ў студзені-верасні 2014 1,85 трлн рублёў.



straty1.jpg

Яны павялічыліся ў 6,6 разы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі.
У названы перыяд 2014 года ў сістэме Мінпрама налічвалася 71 стратная арганізацыя (у аналагічны перыяд 2013 — 26). Адпаведна доля стратных прадпрыемстваў у агульнай колькасці арганізацый, падведамных Мінпраму, практычна патроілася — з 11,1% у 2013 годзе да 30,3% у 2014 годзе.
Варта адзначыць, што калі ў студзені-верасні прыбытак усіх прадпрыемстваў Мінпрама складаў 2,5 трлн рублёў, то паводле вынікаў дзевяці месяцаў 2014 арганізацыі Мінпрама атрымалі страту ў памеры амаль трыльён рублёў.
Нагадаем, міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў у канцы кастрычніка, адзначаў, што нават буйныя прамысловыя арганізацыі (БелАЗ, МТЗ) мелі ў гэтым годзе страты, нягледзячы на станоўчую рэнтабельнасць.
Са слоў кіраўніка Мінпрама, складанае эканамічнае становішча прамысловых прадпрыемстваў у гэтым годзе абумоўлена шэрагам абставінаў. «Праблема прамысловых прадпрыемстваў складаецца ў тым, што выпускаюць інвестыцыйныя тавары, а яны, як правіла, адгружаюцца не па перадаплаце. Адпаведна, у нашых прадпрыемстваў назапашваецца высокая дэбіторская запазычанасць»,  —  растлумачыў Кацярыніч.
Ён звярнуў увагу, што 60-80% тавараў на экспарт прадпрыемствы накіроўваюць у Расію, нацыянальная валюта якой у гэтым годзе пастаянна дэвальвуецца. «Дэвальвацыя расійскага рубля прыводзіць да таго, што абясцэньваецца наша дэбіторская запазычанасць, і мы нясем вялікія страты праз курсавыя розніцы. Нашы спробы перавесці продаж у долары на расійскім рынку ні да чаго не прывялі»,  —  канстатаваў міністр.
Са слоў кіраўніка Мінпрама, праз высокія стаўкі па крэдытах у расійскіх рублях беларускія прадпрыемствы раней узялі крэдытныя рэсурсы ў доларах і нясуць сёння ў сувязі з гэтым таксама значныя страты на курсавых розніцах. «За мінулы месяц (верасень) страты прадпрыемстваў Мінпрама склалі за 350 млрд беларускіх рублёў праз гэтыя моманты», — паведаміў Кацярыніч.
БелаПАН