Свята надыходзіць?

Незаўважна прайшла палова снежня, і некаторыя ўжо пачынаюць падводзіць вынікі гэтага года і прагназаваць, што чакае нас у годзе наступным. Зрэшты, і без маштабных прагнозаў можна сказаць, што ён будзе даволі цяжкі для ўлады. І не толькі з-за «перадвыбарчай вакханаліі», пра якую казаў Аляксандр Рыгоравіч.

kinopoisk.ru_home_alone_884234.jpg


Больш з-за таго, што на ўладу значна ўзмацніцца ціск. Расія ўжо не можа падтрымліваць Беларусь так, як яна гэта рабіла раней. А Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным, запатрабаваўшы роўных з Расіяй цэнаў на газ, міжволі справакаваў адваротную рэакцыю.

Адной з горшых навінаў для ўрада стала тое, што віцэ-прэм’ер Расіі Дзмітрый Козак у аўторак на сустрэчы з дэлегацыяй з Беларусі не стаў абмяркоўваць кампенсацыю страт ад падатковага манеўру і прадастаўленне зніжкі на газ, паведаміла «Інтэрфаксу» ананімная крыніца, блізкая да перамоваў.

Паводле яе слоў, расійскі віцэ-прэм’ер не палічыў магчымым абмяркоўваць гэта «да прыняцця прынцыповых рашэнняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы».

Як паведаміў ананімус, сустрэча прайшла ў вузкім скла­дзе, ад беларускай дэлегацыі ў ёй прынялі ўдзел віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка, што курыруе ТЭК, і пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка.

Прэс-сакратар Козака Ілля Джус пацвердзіў факт сустрэчы, але каментаваць дэталі адмовіўся. Прадстаўнік прэс-службы Саўміна сказаў «Інтэрфаксу», што яны «не каментуюць ход перамоваў».

То бок, Расія ўзмацняе ціск на ўлады Беларусі. Праўда, невядома, з якою мэтай і навошта Расіі «далейшая інтэграцыя ў межах Саюзнай дзяржавы». Мы разумеем, як гэтую інтэграцыю бачыць Лукашэнка: эмісійны цэнтр расійскага Цэнтрабанку ў Мінску (права друкаваць тут расійскія рублі) і магчымасць беларускага правадыра балатавацца на прэзідэнта ў Расіі. А вось як тую інтэграцыю бачыць Расія? Што ёй з той «Саюзнай дзяржавы»?

Напэўна, пасля перамоў Лукашэнкі і Пуціна 6 снежня пазіцыя Расіі адносна новых праблемаў з Сінявокай яшчэ проста не вызначана. І словы Козака пра «Саюзную дзяржаву» — проста спроба ўхіліцца ад непрыемных пытанняў з беларускага боку. Да таго часу, калі аналітыкі Пуціна не раскладуць па палічках расійскаму гаранту, што можна чакаць ад непрадказальнага беларускага кіраўніка.

Спадару Лукашэнку ў бліжэйшыя дні прыйдзецца таксама несалодка. Зазвычай перад Новым годам ён склікаў сваіх чыноўнікаў і даваў наказы, каб беларусы адзначылі святы «годна», патрабаваў сачыць за цэнаўтварэннем, і нават уводзіў мараторыі на ўзняцце коштаў у святочныя дні. Не ведаю, ці чытае ён інтэрнэт-газету Бе­лаПАН Naviny.by. Можа быць, бо аднойчы назваў БелаПАН «не самым горшым у нас інфармацыйным агенцтвам». Аднак зараз яго, напэўна, зацікавіла б інфармацыя гэтага выдання пра тое, што гандлёвыя сеткі не плануюць павышаць цэны перад навагоднімі святамі. Наадварот, крамы прапануюць зніжкі на некаторыя тавары.

Пра гэта выданню распавяла сустаршыня Асацыяцыі рознічных сетак Наталля Шаблінская. «Кошты ўсё зафіксаваныя. Ніякіх зменаў коштаў у большы бок не плануецца. Ніхто не плануе ніякіх высокіх гандлё­вых нацэнак. Ніхто зарабляць не будзе. Будзем дарыць свята. Гэта філасофія рытэйла на бліжэйшы час», — заявіла Шаблінская. Больш за тое, у перадсвяточныя дні ў гандлёвых сетках запланавана «мора акцый». Некаторыя тавары будуць прадавацца з вялікімі зніжкамі — і 30%, і 40%.

Напрыклад, у сетцы «Суседзі» асноўная актыўнасць стартуе з 19 снежня. На зніжках бу­дзе каля дзвюх тысяч тавараў: садавіна, гародніна, дэсерты цукерачнай, чайнай, кававай катэгорыі, а таксама нехарчовыя тавары. Да прыкладу, мужчынскія і жаночыя наборы касметыкі. У сетцы «Віталюр» навагодняя акцыя пачынаецца з 13 снежня. У крамах можна бу­дзе знайсці больш за 300 цэнавых прапаноў.

«З года на год рытэйлеры змагаюцца за пакупніка ўсімі сіламі, а фантазія маркетолагаў не ведае межаў», — адзначыла Наталля Шаблінская. І запэўніла, што праблем з недахопам тавараў у крамах не будзе: таварныя запасы вялікія.

Галоўнае, «жартуе яна, каб у пакупнікоў хапіла грошай, бо ў апошні час іх асабліва не дадалося», пішуць Naviny.by.

Я ж мяркую, што гэта не было жартам, а вельмі іранічнай канстатацыяй факту. І пра гэта сведчыць «Індэкс свабоды чалавека 2018», які складаюць даследчыя цэнтры The Cato Institute і Friedrich Naumann — Stiftung für die Freiheit да дня правоў чалавека. Беларусь у гэтым рэйтынгу займае 128-е месца з 162 магчымых, саступіўшы 42 пункты нават Расіі. З краін-суседзяў Латвія апынулася на 20-м радку, Польшча — на 39-м, Украіна — на 118-м, а Расія — на 120-м. Пры складанні спісу ўлічваліся паказчыкі асабістай і эканамічнай свабоды ў сферах захавання законнасці, аховы і бяспекі, трафіку, рэлігіі, асацыяцый і сходаў, распаўсюду інфармацыі, працы і бізнесу і іншага.

Заўважым: паказчыкі былі не толькі агульнадэмакратычных свабод, але і свабод эканамічных. Толькі з гэтага рэйтынгу мы можам пабачыць наўпроставую залежнасць паміж эканамічным дабрабытам і дэмакратыяй. Самымі свабоднымі краінамі прызнаныя Новая Зеландыя, Швейцарыя, Аўстрыя і Канада, самымі несвабоднымі — Лівія, Ірак, Емен, Венесуэла. Замыкае рэйтынг Сірыя.

Добрую статыстыку выдаў Дзяржаўны памежны камітэт: беларускі «бязвіз» апынуўся ўдалай ідэяй. За дзевяць месяцаў года Беларусь наведала 3,62 мільёна замежных грамадзянаў. За ўвесь 2017 год замежных турыстаў было 3,33 мільёна чалавек.

Паводле дадзеных на 29 лістапада, з 2017 года ў Беларусь па бязвізавым рэжыме праз Нацыянальны аэрапорт Мінск уехала амаль 180 тысяч чалавек з 70 краін. Часцей за ўсё бязвізавым парадкам уезду карысталіся грамадзяне Германіі, Польшчы, Італіі, Брытаніі і ЗША. Не самыя бедныя краіны, дарэчы.

Экспарт турыстычных паслуг у Беларусі за студзень-верасень гэтага года склаў амаль 171 мільён долараў, што больш на 14,3%, чым годам раней, а сальда знешняга гандлю турыстычнымі паслугамі — 117 мільёнаў долараў.

А тым часам у Гомелі на цэнтральнай плошчы ўключылі першую ў Беларусі піксельную навагоднюю ёлку. На ёлцы ўтворыцца адзіны светлавы экран, на якім паказваюцца светлавыя кампазіцыі, і запушчаны зваротны адлік да 2019 года…