Шосты месяц запар. У Беларусі працягваюць падаць рэальныя пенсіі

Рэальныя пенсіі, якія разлічваюць з папраўкай на рост цэн на тавары і платныя паслугі, падаюць шосты месяц запар. Гэта вынікае з даных Белстата. У чэрвені зніжэнне склала 0,7% да траўня. Падзенне рэальных пенсій адбываецца на фоне разагнанай інфляцыі, паведамляе Zerkalo.io.

Ілюстрацыйны здымак Zerkalo.io.

Ілюстрацыйны здымак Zerkalo.io.

Калі ўзяць даныя за апошнія 12 месяцаў, то рэальныя пенсіі выраслі толькі ў ліпені, жніўні і снежні 2020-га, а ў астатнія месяцы — падалі. Рост быў звязаны з павышэннем працоўных пенсій у ліпені і снежні.

Сярэдні прызначаны памер пенсій складае 483,4 рубля (у параўнанні з траўнем гэты паказчык не змяніўся). На канец чэрвеня ў Беларусі пражывалі 2 мільёны 454,5 тысячы пенсіянераў.

Чыноўнікі не першы год спрабуюць падняць суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй зарплаты да 40%, але выканаць гэта калі і атрымліваецца, то ў асобныя месяцы.

У Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва раней распавялі, што фінансаванне пенсій і дапамог са сродкаў бюджэту фонду ў студзені-чэрвені рабілі своечасова і ў поўным аб'ёме. Выдаткі фонду склалі 9 мільярдаў 334,1 мільёна рублёў, а даходы — 9 мільярдаў 486,2 мільёна рублёў. Субвенцыі з рэспубліканскага бюджэту былі за гэты перыяд на ўзроўні 829,2 мільёна рублёў.