17 верасня пачынаецца інфармацыйная кампанія #FreeViasna

Мэта кампаніі — расказаць людзям па ўсім свеце пра катастрофу з правамі чалавека ў Беларусі на прыкладзе зняволеных «вясноўцаў».

freeviasna_15.jpg

17 верасня распачынаецца міжнародная кампанія салідарнасці ў падтрымку зняволеных праваабаронцаў «Вясны» — #FreeViasna.

Гэтая дата абраная не выпадкова: 17 верасня 2020 года па дарозе дадому з урачыстага ўручэння прэміі імя Яна Карскага была затрыманая прадстаўніца «Вясны» Марфа Рабкова, адзначае «Салідарнасць».

На працягу году ціск на праваабаронцаў толькі ўзмацняўся: было ўзбуджана некалькі крымінальных спраў, праводзіліся шматлікія вобшукі, сябраў «Вясны» затрымлівалі, а некаторых пры гэтым збівалі, выклікалі на допыты нават тых, хто даўно не мае дачынення да дзейнасці арганізацыі.

На дадзены момант за кратамі знаходзіцца сем «вясноўцаў»:

  • старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі;
  • намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч;
  • каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч;
  • каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова;
  • кіраўнік Гомельскага аддзялення «Вясны» Леанід Судаленка;
  • валанцёрка з Рэчыцы Таццяна Ласіца;
  • валанцёр з Мінску Андрэй Чапюк.

Шмат год яны дапамагалі людзям у адстойванні і абароне іх правоў і грамадскіх інтарэсаў, аналізавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, рыхтавалі і падавалі скаргі і справаздачы ў ААН, прымалі ўдзел у яе сесіях, выпрацоўвалі рэкамендацыі да ўладаў Беларусі, падтрымлівалі стасункі з праваабарончымі арганізацыямі ўсяго свету, атрымоўвалі прэстыжныя ўзнагародны за сваю дзейнасці. А цяпер салідарнасць і падтрымка патрэбная ім самім.

Калегі зняволеных праваабаронцаў запрашаюць далучацца 17 верасня па наступных адрасах:

  • Кіеў: пешаходны мост над Алеяй Герояў Нябеснай Сотні, 10.00
  • Варшава: помнік Мікалаю Каперніку, 18.00
  • Вільня: Лукішская плошча (Lukiškių g.), 18.00.