6 студзеня — Куцця ў праваслаўных вернікаў

Свята Раства Хрыстовага сёння чакаюць хрысціяне, якія жывуць паводле старога юліянскага календара. 

roj_1.jpg

Ці з’яўляецца гэтае свята толькі прыгожай казкай, ці праўдзівай гісторыяй, дзе ёсць месца чалавечай журбе і пераследам ад моманту нараджэння Збаўцы, ці надзеяй? Задае пытанне айцец Георгій Рой, настаяцель Свята-Пакроўскага Сабору праваслаўнай Царквы з Гродна:

З самых першых дзён — гэта ўжо пэўная трагедыя — непрыняцце Бога чалавечым родам. І таму, канешне, гэта пэўны рахунак сумлення. Мы ставім сабе пытанне: сярод якіх людзей мы знаходзімся, сярод тых людзей, якія пакланяюцца, шануюць Хрыста, ці сярод тых людзей, якія абыякавыя да Хрыста, ці адразу Хрыста ненавідзяць?

 

На фота: айцец Георгій Рой з сям’ёй

На фота: айцец Георгій Рой з сям’ёй

Як мяркуе айцец Георгій, для вернікаў у гэтыя святочныя дні важна асэнсаваць, што хаця Хрыстос нарадзіўся ў асяроддзі свайго народу, той яго не прыняў. Ён заклікае не рабіць памылак іудзеяў:

— Здаецца, гэта тыя людзі, якія ў першую чаргу павінны былі яго прыняць, бо яны ведалі слова Божае, яны ведалі старажытныя прароцтвы. Але менавіта іудзейскі народ і адхіляе Хрыста — першасвятары, і кіраўнікі іудзейскага народу, і фарысеі, і кніжнікі.

Мы зараз таксама не павінны мець ілюзію, што вось мы, хрысціяне, мы належым да хрысціянскай культуры ці людзі, якія рэгулярна наведваюць царкву ці чытаюць слова Божае, што мы па самім гэтым факце ўжо сярод тых людзей, якія шануюць.

6-га студзеня ў праваслаўных храмах пройдзе Навячэр’е Раства Хрыстовага, ці Куцця. Таксама — начная літургія. А зранку 7-га пройдзе святочная Боская літургія.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com