6 сутак — за пікет. Хоць гаварыў на судзе, што падтрымлівае Лукашэнку…

Карэспандэнта «Вячэрняга Магілёва» і кансерватыўнага рабіна арыштавалі на 6 сутак — за пікет супраць вакцынацыі. На судзе Егудзі Ігаэль гаварыў, што ён падтрымлівае Лукашэнку, і патрабаваў «выканання правоў у месцах пазбаўлення волі», паведамляюць праваабаронцы.

podsudnost_1170x658.jpg

Егудзі Ігаэль скардзіўся на судзе, што «супрацоўнікі Акрэсціна яму гаварылі, што ў яго няма ніякіх правоў».

Егудзі Ігаэля затрымалі 27 ліпеня ў Мінску на праспекце Незалежнасці. Супрацоўнікам АМАПа не спадабалася цішотка Егудзі з надпісам «Против насильственной вакцинации». У Ленінскім РУУСе на мужчыну склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне.

30 ліпеня Егудзі Ігаэля судзілі, а яго справу разгледзела суддзя Ленінскага раёна Таццяна Шоцік.

У самым пачатку пасяджэння Егудзі заявіў, што «супрацоўнікі Акрэсціна яму гаварылі, што ў яго няма ніякіх правоў, яго не азнаёмілі з матэрыяламі справы і не дазволілі патэлефанаваць адвакату». Таму мужчына запатрабаваў «выканання правоў у месцах пазбаўлення волі».

Адвакат хадайнічаў аб далучэнні да справы ліста ад працадаўцы, у якім гаворыцца, што Егудзі працуе ў фондзе «Адкрытыя сэрцы», з'яўляецца пазаштатным карэспандэнтам газеты «Вячэрні Магілёў» і робіць усё для падтрымкі дзеючага канстытуцыйнага ладу.

На судзе мужчына не разумеў, чаму яго судзяць, і некалькі разоў заяўляў аб парушэнні яго правоў. Таксама дадаў, што ён вядомы тым, што падтрымлівае Лукашэнку. Суддзя Шоцік у выніку палічыла віну Егудзі цалкам даказанай, таму пакарала яго 6-сутачным арыштам.