ААН заклікала вызваліць траіх непаўналетніх беларусаў, асуджаных за наркотыкі

У 2020 годзе ААН даслала адказ беларускім маці, чыіх непаўналетніх дзяцей асудзілі на вялікія тэрміны зняволення па сумнавядомым «наркатычным» 328 артыкуле Крымінальнага Кодэкса. Арганізацыя прызнала, што дзяржава парушыла правы прынамсі траіх непаўналетніх, адвольна затрымаўшы і асудзіўшы на тэрміны ў калоніі. Сярод іх — асуджаны на 10 гадоў Уладзіслаў Шаркоўскі, які адбывае пакаранне ў івацэвіцкай калоніі №22 «Ваўчыныя норы».

oon_1.jpg

«Новы Час» распавядаў гісторыю Улада. У 2018 годзе неўстаноўленая асоба даслала 17-гадоваму хлопцу ў інтэрнэце паведамленне з прапановай працы па распаўсюджанні легальных сумесяў для курэння. Яго запэўнілі, што гэта законна. Уладзіслаў пагадзіўся на працу. Крыху больш чым праз два тыдні працы Улада затрымалі. Маці даведалася пра гэта толькі праз пяць гадзін, каля дзвюх ночы, хаця пра затрыманне непаўнагадовага бацькам павінны былі паведаміць адразу.


Пазней аказалася, што Улада не кармілі, ён спаў на голай бетоннай падлозе, яго білі, аказвалі псіхалагічны ціск. Пад ціскам ён напісаў прадыктаваную распіску, нібыта прызнаецца ў здзяйсненні злачынства. З хлопцам у той час не было не толькі законнага прадстаўніка, але і адваката, і педагога-псіхолага (яго ўдзел абавязковы ў справах, датычных непаўнагадовых) — адпаведна, усе ўзятыя ў яго паказанні не маюць юрыдычнай моцы. Нейкім дзіўным чынам у пастанове аб даручэнні папярэдняга расследавання групе следчых з’явіліся подпісы маці Улада і адваката, датаваныя 16 сакавіка. Але яны не маглі распісацца, бо пра затрыманне сына маці даведалася толькі 17-га, адвакат да яго ўпершыню трапіў таксама ў гэты дзень. Да таго ж паказанні аднаго і таго ж сведкі зацверджаныя рознымі подпісамі. Але ў судзе на гэта не звярнулі ўвагі, і ўсё абвінавачанне было пабудаванае менавіта на тых матэрыялах. Улада абвінавацілі ў парушэнні ч. 4 арт. 328 КК РБ (Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў групай асоб з мэтай збыту) і прызначылі пакаранне ў выглядзе дзесяці гадоў пазбаўлення волі.
Мама Улада Ірына Шаркоўская перакананая, што прыняцце Дэкрэта № 6 ад 28 снежня 2014 года «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў» істотна пагоршыла прававое становішча дзяцей ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Трактоўка яго палажэнняў так званымі «праваахоўнымі органамі» пацягнула парушэнні правоў непаўналетніх супрацоўнікамі Следчага камітэта, пракуратуры і судовых органаў. З выхадам дэкрэта ў Беларусі пачаліся масавыя рэпрэсіі маладых людзей, калі любога маглі абвінаваціць у тым, чаго ён не здзяйсняў, што і адбылося па факце. Асабіста Аляксандр Лукашэнка прапанаваў тым, хто адбывае пакаранне за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, стварыць такія ўмовы, каб «смерці прасілі», і нават выказаў думку аб выдзяленні для такіх асуджаных асобнай калоніі. Такой калоніяй у выніку сталі «Ваўчыныя норы», дзе сядзіць Уладзіслаў Шаркоўскі.

Уладзіслаў Шаркоўскі. Фота прадастаўлена Ірынай Шаркоўскай

Уладзіслаў Шаркоўскі. Фота прадастаўлена Ірынай Шаркоўскай

Ірына Шаркоўская напісала безліч скаргаў, але на ўсё прыходзілі звыклыя адпіскі, што «парушэнняў не выяўлена». Разам з іншымі актывісткмі супольнасці «Дзеці-328» Ірына звярнулася ў ААН з просьбай стаць на абарону правоў беларускіх дзяцей і неадкладна адрэагаваць на шматлікія парушэнні нормаў міжнароднага права ў Беларусі.
Праз доўгія месяцы чакання жанчыны атрымалі адказ. Па выніках разгляду скаргаў аб парушэнні правоў непаўналетніх у працэсе крымінальнага пераследу Рабочая група па адвольных затрыманнях Рады па правах чалавека ААН 24 красавіка 2020 года прыняла Меркаванне № 60/2019 аб чатырох непаўналетніх. Рабочая група прыйшла да высновы, што затрыманне ў дачыненні да траіх (Уладзіслава Шаркоўскага, Эміля Астраўко і Максіма Блашука) з'яўляецца адвольным, парушаныя іх правы і дзяржаўныя органы павінны неадкладна адпусціць іх і выплаціць ім кампенсацыю, а таксама правесці расследаванне і пакараць вінаватых у парушэнні правоў непаўналетніх. Асаблівую занепакоенасць эксперты з Рабочай групы выказваюць у сувязі з пандэміяй каронавіруса, якая палыхае ў закрытых пенітэнцыярных установах і можа нанесці шкоду здароўю асуджаных
.Аднак хлопцы да гэтага часу знаходзяцца за кратамі, спатканні ў сувязі з каронавірусам адмененыя, зрэдку толькі дазваляюць кароткатэрміновыя спатканні па 4 гадзіны. Ірына Шаркоўская зазначае, што ў івацэвіцкай калоніі скарацілася і колькасць тэлефанаванняў: калі раней іх было 4 на месяц па 10 хвілін, то цяпер — 3. Адзінае, чаго ўдалося дамагчыся за ўвесь час змагання — скасаванне года тэрміну па амністыі.
 З майго жыцця проста выкрасленыя 1,5 года, я іх не памятаю. Я ўжо проста страціла надзею, — у роспачы прызнаецца Ірына.

Ірына Шаркоўская

Ірына Шаркоўская

Беларускі ўрад ніяк не адрэагаваў на рашэнне ААН. Затое ў снежні 2020 года намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на пасяджэнні Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці не забыўся нагадаць, што ў студзені мінулага года Беларусь прадставіла аб'яднаныя перыядычныя даклады па выкананні палажэнняў Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці. У тым ліку прадастаўлена інфармацыя пра дасягненні Беларусі ў сферы аховы дзяцінства і мацярынства, аб стварэнні спрыяльных умоў для жыцця і развіцця дзяцей. «У цэлым Камітэтам ААН па правах дзіцяці пазітыўна ацэнены вынікі працы нашай краіны ў гэтым кірунку», — заявіў Петрышэнка. Паводле яго слоў, у Беларусі выбудавана эфектыўная сістэма па забеспячэнні правоў і абароне інтарэсаў дзіцяці.