Адкрыты ліст да «Nestlé»: спыніць фінансаванне дзяржСМІ ў Беларусі

«Nestlé» павінна неадкладна спыніць фінансаванне дзяржаўных СМІ ў Беларусі: «Недапушчальна, што "Nestlé" плаціць за рэкламу ў кантэксце жахлівай дэманстрацыі запалоханых і паднявольных праціўнікаў рэжыму».

Больш за 50 няўрадавых і праваабарончых арганізацый з 18 краін звярнуліся з адкрытым лістом да старшыні Савета дырэктараў «Nestlé» Паўла Булке і генеральнага дырэктара Марка Шнайдара і заклікалі гэтую кампанію спыніць размяшчэнне рэкламы ва ўсіх дзяржаўных беларускіх СМІ.

Адкрыты ліст быў ініцыяваны нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыяй «Libereco». Да закліку далучыўся і праваабарончы цэнтр «Вясна».

Агулам каля 60 працэнтаў рэкламных ролікаў на беларускім дзяржаўным тэлебачанні размяшчаюцца заходнімі карпарацыямі з ЕС, ЗША і Швейцарыі, уключаючы такія брэнды, як «Mars», «Maggi», «Schwarzkopf» і «L'oréal». Але аніводная заходняя кампанія не фінансуе дзяржаўную тэлепрапаганду рэжыму Лукашэнкі ў такой ступені, як «Nestlé» — прыкладна кожны трэці рэкламны ролік там размяшчаецца гэтай швейцарскай кампаніяй.

«Мы шакаваныя тым, што на беларускім дзяржаўным тэлебачанні рэгулярна транслююцца прымусовыя прызнанні віны праціўнікамі рэжыму і палітвязнямі. Зусім нядаўна затрыманы блогер Раман Пратасевіч быў вымушаны даць тэлеінтэрв'ю і пастановачную прэс-канферэнцыю. Недапушчальна, што "Nestlé" плаціць за рэкламу ў кантэксце гэтай жахлівай дэманстрацыі запалоханых і паднявольных праціўнікаў рэжыму.

"Nestlé", як і ўсе іншыя заходнія кампаніі, павінна неадкладна перастаць даваць рэкламу ў беларускіх дзяржаўных СМІ і больш не павінна быць саўдзельніцай цяжкіх злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў галіне правоў чалавека», — выказаўся прэзідэнт «Libereco» Ларс Бюнгер з нагоды публікацыі адкрытага ліста.

Паводле spring96.org

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: