«Адзіны ў камеры, хто размаўляў па-беларуску, быў расіянін па імені Рынат»

Фатограф «Новага Часу» Дзмітрый Дзмітрыеў выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту. У зняволенні ён захварэў на каронавірус. Наш калега распавёў пра ўмовы ў ізалятарах на Акрэсціна і ў Баранавічах і пра тое, чаму кожны павінен быць гатовы да гэтага.

Дзмітрый з жонкай Кацярынай пасля вызвалення. Фота Дзіяны Серадзюк

Дзмітрый з жонкай Кацярынай пасля вызвалення. Фота Дзіяны Серадзюк

— А 6 раніцы 5 жніўня я прачнуўся ад настойлівага званка ў дзверы. Паглядзеў у вакно і ўбачыў серабрысты “Джылі”. Адчыніў дзверы — там 5 чалавек у цывільным і масках, міліцыянты з Партызанскага РУУС. Сказалі, каб я праехаў з імі на гутарку ў РУУС, усё было спакойна.
Унізе аказаліся яшчэ 6 чалавек, якія хадзілі са спісамі ў руках – раздрукоўкамі з нейкай базы, я так разумею, тых, каго затрымлівалі раней.
Прыехалі ў РУУС, у нас забралі шнуркі і размеркавалі нас па “стаканах”. Праз дзве гадзіны пазвалі “азнаёміцца з пратаколам” — “непадпарадкаванне”. Арыштавалі 26 рублёў, банкаўскую картку і заручальны пярсцёнак. Праз гадзіну павезлі на суд. Суддзя Макарэвіч не знайшоў падставаў не давяраць супрацоўнікам міліцыі і прысудзіў мне і яшчэ некалькім затрыманым 15 сутак. Яшчэ былі дзве жанчыны, якім далі 100 і 95 базавых штрафу, бо ў іх былі дзеці.
Я папрасіў канваіра патэлефанаваць жонцы, ён сказаў ёй пра арышт. У ЦІП на Акрэсціна адразу прывялі ў камеру на дваіх, дзе было 15. Пасля перавялі ў 4-месную камеру, дзе было 17 вязняў. Потым іх колькасць змянялася ад 18 да 22 чалавек. Ні пасцельнай бялізны, ні матрацаў. Спаць на шконках было немагчыма, метал упіваўся ў цела. Давялося размеркавацца па падлозе, стале і лаве. Паветра не хапала. Мыліся з пустых бутэлек — к вечару ў камеры была проста лазня. За ноч нас двойчы падымалі — каля гадзіны ночы і каля 4 раніцы. У Мінску дазвалялі ляжаць на падлозе ўдзень, пазней у Баранавічах — не, можна было толькі сядзець.
Было вельмі шмат людзей — гэта звязана з прэвентыўнымі затрыманнямі перад 9 жніўня, многія трапілі выпадкова. Адзін мужчына з камеры распавёў, што да жонкі прыехала сястра, яны выйшлі прагуляцца і не заўважылі бус. У выніку мужчыну далі 14 сутак, жонцы таксама, а яе сястры — штраф, бо яна мае дзіця. Ёсць і тыя, каму пастаянна накідваюць суткі, і гэтыя людзі не маюць ніякіх гарантый, што выйдуць.
У нядзелю ўвечары да нас у камеру зайшоў супрацоўнік, назваў прозвішча і сказаў, што заўтра сядзім на рэчах і чакаем. Зранку нас вывелі ў прагулачны дворык, і праз 2 гадзіны прыехаў канвой: унутраныя войскі з помпавымі ружжамі і сабакамі. Два аўтазака з мужчынамі па 20 чалавек у кожным і адзін жаночы паехалі ў Баранавічы.

Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк

Па дарозе двойчы спыняліся, бо ў аднаго з аўтазакаў лопалася кола. У Баранавічах нам загадалі апусціць галовы ўніз і прымусілі бегчы праз сутарэнне. Усіх 40 чалавек прывялі ў вялікую камеру — размеркавальнік. Пасля размеркавання нас аказалася 18 чалавек на 14 шконках. Вада — толькі халодная, памяшканне паўпадвальнае, голыя каменныя сцены, асфальтавая падлога. З размоваў я пачуў, што гэтая частка СІЗА была выведзена з эксплуатацыі і прызнаная аварыйнай, але летась яе вярнулі. Па камфорце на Акрэсціна было лепш.
У апошнія дні перабывання на Акрэсціна ў суседнюю камеру трапіў чалавек з каронавірусам. На момант этапу ў камеры ўжо было некалькі чалавек, якія страцілі нюх. Я пачаў кашляць яшчэ там, бо быў скразняк. Пачаў ачуньваць, але пасля этапу сімптомы ўзмацніліся, кашаль, насмарк, тэмпература і потым знік нюх у некалькіх чалавек. Урач прыйшоў, памераў тэмпературу, сказаў, што ўсё ў норме. Праўда, к вечару прынёс парацэтамол і назальныя кроплі. Гэтым усё лячэнне і абмежавалася.
З намі сядзелі два былых крымінальніка. Адзін з іх казаў, што неаднойчы быў на зоне, але такога, як тут, не бачыў. Калі ў крымінальным свеце лічыцца, што спаць пад шконкай — “западло”, то тут спаць пад шконкай было за шчасце. Мы гэта назвалі “суткі палітычнага ўтрымання”.
Маральна было цяжка першыя тры дні, не было перадач. Людзі арганізоўваліся, дзяліліся майкамі, тыя, хто сыходзіў, пакідалі рэчы. Перадачы аддалі, толькі калі цалкам адбыў тэрмін, не перадалі нават зубную шчотку.На ЦІПе супрацоўнікі часам закрывалі “кармушку“ і казалі: “Дыхайце паветрам свабоды, жывёлы, мы вас сюды не звалі”. Увогуле, стаўленне супрацоўнікаў залежыць ад змены. Ёсць такія, якія кажуць: “Вы пагражаеце нашым сем’ям, якога стаўлення да сябе вы хочаце?”
Тое, што адбываецца ў ізалятарах цяпер, — прыкладна як у жніўні мінулага года, толькі не білі і кармілі. Падтрымлівала тое, што гэта рана ці позна скончыцца. Ну і стасункі адзін з адным, узаемадапамога.
Цяпер на сутках сядзіць вельмі шмат выпадковых людзей, якія трапілі за краты першы раз. Напрыклад, тыя ж згаданыя крымінальнікі ці хлопец, які падчас размовы ў раёне Нямігі сказаў “Жыве Беларусь”. Яны знаходзяцца ў стане шоку. Цяпер атмасфера больш напружаная, чым была раней, бо ўмовы ўтрымання накладваюць свой адбітак. Многія проста не разумеюць, што адбываецца. Сярод сукамернікаў былі судовы псіхіятр, юрыст-выкладчык-географ. А яшчэ адзіны ў камеры, хто размаўляў выключна па-беларуску — грамадзянін Расіі па імені Рынат ён кухар. Кажа, падабаецца мова — вывучыў і стаў размаўляць.
Мне здаецца, што праз усё гэта пройдзе яшчэ вельмі шмат людзей, і яны павінны быць да гэтага максімальна гатовыя, не будаваць ілюзій, што мая хата скраю і мяне гэта не закране. Маральна табе здаецца, што ты гатовы, але калі туды трапляеш, разумееш, што не. Таму галоўнае — памятаць, што гэта скончыцца, ты не адзін, на волі цябе чакаюць. Ну і калі трапіў — не сядзі і не лічы гадзіны, стасуйся з людзьмі. Раз ужо трапіў — выцягні адтуль максімальную карысць.

Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк