АЭС запусцім. Што далей?

Неўзабаве павінен адбыцца «прарыў» — пуск Беларускай атамнай станцыі. Прынамсі, паліва для БелАЭС ужо гатовае і, згодна з планам, загружанае ў рэактар яно павінна быць у 2019-м. Але што будзе потым?

012_aes_20170421_dsc5582_1_0_1.jpg

Прадстаўнікі Беларускай антыядзернай кампаніі па выніках абмеркавання дакладу Стратэгічнай экалагічнай ацэнкі праекта стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам (АЯП) Беларускай АЭС у шоку. Як вядома, ядзернае паліва выпрацоўвае свой рэсурс за тры-чатыры гады эксплуатацыі. Але мы дасюль не ведаем, што будзем рабіць з радыеактыўнымі адкідамі.

«Мы ведаем, што мы нічога не ведаем»

У дакуменце наконт абыходжання з ядзерным палівам адзначаецца: «Распрацоўка праекта Стратэгіі ажыццяўляецца пры наяўнасці значных тэхнічных, эканамічных і іншых нявызначанасцяў, звязаных з выбарам аптымальных рашэнняў па тэхналагічных аспектах рэалізацыі сістэмы абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам Беларускай АЭС».

Што гэтая фармулёўка азначае насамрэч?

Прапанаваны для абмеркавання дакумент змяшчае тры варыянты абыходжання з адпрацаваным палівам. Два з іх прадугледжваюць адпраўку небяспечных адкідаў АЭС на «перапрацоўку» ў Расію. І, па словах сябра савета ГА «Экадом» Ірыны Сухій, асноўны варыянт — менавіта перапрацоўка адпрацаванага ядзернага паліва ў Расіі.

Але, па-першае, перад закладкай ядзернага паліва ў Беларускую АЭС у нас дагэтуль няма ніякага пагаднення з Расіяй у тым, што яна прыме наша (дакладней — іх) адпрацаванае паліва на перапрацоўку! Мажліва, мы загрузім паліва ў АЭС, а праз нейкія палітычныя акалічнасці Расія папросту такое пагадненне не падпіша. Ці зноў паставіць умову: альбо «інтэгруйцеся», альбо ваша радыяцыя будзе ў вас. Альбо выдумае яшчэ нейкую трасцу, каб нашае паліва не прымаць. Што тады?

Па-другое, сама «перапрацоўка» ў Расіі праблематычная. Існуючыя расійскія ядзерныя сховішчы перапоўненыя. «На дадзены момант у Расіі няма магутнасцяў для перапрацоўкі беларускага паліва, яны з’явяцца ці то ў 2040-м годзе, ці то пазней», — адзначае Сухій.

Але ж БелАЭС мы, нібыта, плануем запусціць неўзабаве. «Мы пра гэта і кажам — няма бяспечнага, і галоўнае, рэальнага плана бяспечнага абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам, і безадказна ўвозіць яго, калі незразумела, што з ім рабіць потым», — зазначае эколаг.

Тры-чатыры гады да адпрацоўкі першай порцыі паліва — і куды мы гэта падзенем?


Кошт АЭС

Нездарма эколагі ад пачатку будаўніцтва казалі: кошт АЭС насамрэч будзе ўдвая-ўтрая вышэйшы за саму АЭС. Таму што трэба збудаваць адпаведную інфраструктуру, могільнікі ядзерных адкідаў, і гэтак далей.

У дакуменце, які абмяркоўвалі эколагі з ядзершчыкамі, няма інфармацыі пра кошт перапрацоўкі адкідаў у Расіі, іх транспарціроўку, а таксама няма кошту захоўвання радыеактыўных адкідаў у Беларусі. На пытанне прадстаўнікоў грамадскасці пра гэта галоўны інжынер Беларускай атамнай станцыі Анатоль Бондар адказаў, што такія разлікі праводзіліся, але гэтыя лічбы агучваць нельга: «камерцыйная таямніца».

Ёсць уражанне, што ніякай «камерцыйнай таямніцы» тут няма. Калі не падпісана міжурадавае пагадненне паміж Расіяй і Беларуссю пра перапрацоўку адпрацаванага паліва, то ў нашых атамшчыкаў проста не можа быць канкрэтных лічбаў. Таму што іх не існуе ў прыродзе — да падпісання пагаднення. І ўсе спасылкі на «камерцыйную таямніцу» — не больш чым фантазіі.

Насамрэч, кажа Ірына Сухій, падчас абмеркавання казалі, што такія разлікі ёсць, зробленыя з дапамогай нейкай расійскай арганізацыі, але іх нікому не паказваюць. Але праблема ў іншым. Як адзначае эколаг, паводле беларускага заканадаўства, гэта не можа быць «камерцыйнай таямніцай», бо грамадству па экалагічна важных пытаннях павінны быць прадстаўлены не толькі тэхналагічныя аспекты, але і ў тым ліку і эканамічныя. «Немагчыма гэта разглядаць без эканамічнага аналізу. Адна з нашых рэкамендацый — стратэгія павінна быць дапоўненая эканамічнымі разлікамі», — зазначае Сухій.

А ўлічваючы загрузку расійскіх магутнасцяў па перапрацоўцы ядзерных адкідаў, нават самыя змрочныя лічбы можна будзе павялічыць у два-тры разы.

005_aes_20170421_dsc5327.jpg

Прамежкавае захоўванне

«Праз 4 гады будуць вынятыя адпрацаваныя стрыжні — так званыя ТВС, цеплавыдзяляльныя зборкі з ядзерным палівам. Іх павінны пагрузіць у рэзервуары, дзе яны будуць астуджацца. Везці на перапрацоўку ў Расію іх можна будзе недзе гадоў праз дзесяць. І вось — калі іх можна везці, то іх не будзе дзе перапрацоўваць! Магутнасцяў у Расіі няма — няма куды везці! Таму трэба сухое захоўванне, якое ўвогуле не было запланавана на пляцоўцы АЭС. Гэта значыць, трэба дадаткова распрацоўваць і будаваць «сухое» сховішча, дзе будзе назапашвацца адпрацаванае ядзернае паліва, каб потым, большай партыяй, яго накіраваць на перапрацоўку», — кажа Ірына Сухій.

Але справа ў тым, што ў праекце БелАЭС не было і няма планаў па стварэнні «сухога» сховішча адпрацаванага паліва. «Яшчэ калі быў праект АЭС, мы задавалі пытанні пра тое, дзе і як будуць захоўвацца адкіды, у тым ліку адпрацаванае ядзернае паліва? Тады нам казалі, што гэта «наступны этап». Але і цяпер гэтага няма. Нам цяпер кажуць пра нейкія пяць пляцовак, якія «разглядаюцца». Ці то на самай пляцоўцы АЭС, ці то дзе-небудзь яшчэ... Зноў жа — ніякай канкрэтыкі», — адзначае Сухій.


Дзе будзе «Другі Чарнобыль»?

Нават калі мы разбярэмся з коштам на перапрацоўку адпрацаванага ядзернага паліва, нават калі мы дамовімся з Расіяй на «першачарговую» перапрацоўку, нават калі дамовімся па коштах, — тое, што «недаперапрацавалі», ўсё роўна будзе вяртацца ў Беларусь. І дзе мы будзем гэта захоўваць?

«Пяць пляцовак», пра якія казала Сухій, нібыта прадугледжваюць будаўніцтва сховішча для радыеактыўных адкідаў, якія будуць вяртацца з Расіі ў Беларусь. Але дзе гэта будзе канкрэтна?

«Мясцовыя жыхары пыталіся: «Дзе гэта будзе? Каля маёй вёскі? Каля другой вёскі?» Але ім было сказана: «Пляцоўкі ёсць, а дзе — па памяці не скажам», — распавядае эколаг.

Больш за тое, па словах Сухій, нідзе ў свеце не вырашана праблема доўгатэрміновага захоўвання радыеактыўных адкідаў. «Ёсць некалькі краін, якія перапрацоўваюць такое адпрацаванае паліва. Напрыклад, Расія і Францыя. Брытанія ў мінулым годзе адмовілася ад перапрацоўкі такіх адкідаў. Іншыя краіны ў прынцыпе не перапрацоўваюць, таму што гэта дорага. І ў большасці краін такія адкіды разглядаюцца не як адпрацаванае ядзернае паліва, а як уласна радыеактыўныя адкіды», — кажа яна.

«Усё, што цяпер ёсць, — гэта «часовае захоўванне» адкідаў АЭС з надзеяй, што ў будучыні знойдзецца тэхналогія доўгачасовага захоўвання. Часовыя сховішчы будуюцца максімум на 50 гадоў, і, як правіла, «часовае захоўванне», — гэта наземнае захоўванне пад наглядам. Таму што, калі глыбока закапаць радыеактыўныя адкіды — ты не можаш кантраляваць і рэгуляваць працэсы, якія там адбываюцца», — зазначае Сухій.

І немалаважны кошт пытання. У Швецыі, Фінляндыі, Бельгіі такія аб’екты каштуюць ад 6 да 9 мільярдаў еўра. З улікам магутнасці Беларускай АЭС і меркаванага тэрміну яе працы, нам на гэта спатрэбіцца 2–3 мільярды еўра.

Фота Славаміра Адамовіча

Фота Славаміра Адамовіча


Бюракратыя

Сам працэс абмеркавання Стратэгічнай экалагічнай ацэнкі праекта стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам, адзначае Сухій, складаны для разумення. Бо гэта яшчэ — папярэдні дакумент. «Самой стратэгіі па абыходжанні з адпрацаваным палівам яшчэ няма. Распрацоўка стратэгіі і Стратэгічная экалагічная ацэнка ідуць у паралелі. І, па ідэі, нашы заўвагі павінны быць улічаныя ў самой стратэгіі аб абыходжанні з адпрацаваным ядзерным палівам. Гэтага мы і чакаем», — кажа Сухій.

Калі з'явіцца сама стратэгія — яна будзе абмяркоўвацца яшчэ раз. Потым, калі будзе абраная пляцоўка для сховішча радыеактыўных адкідаў («ці часовага сховішча, ці пастаяннага, — карацей, чаго-небудзь яшчэ», — іранізуе Ірына Сухій), і яе трэба будзе абмеркаваць. Абавязковым этапам з’яўляюцца грамадскія слуханні па ацэнцы ўздзеяння такіх аб’ектаў на навакольнае асяроддзе (ОВОС, Орхуская канвенцыя). Па выніках гэтых слуханняў таксама могуць быць змены і дадаткі.

Гэта зойме немалы час. Але ж загрузку паліва ў БелАЭС і ўвод яе ў эксплуатацыю мы плануем ужо ў хуткім часе!

Таму эколагі патрабуюць, як мінімум, не запускаць АЭС — да таго часу, пакуль не будуць пераканаўча прадэманстраваныя надзейныя, эканамічна прымальныя, экалагічна бяспечныя і правераныя рашэнні ў пытаннях абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам.

Як бачна з абмеркавання Стратэгічнай экалагічнай ацэнкі праекта стратэгіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам, да гэтага вельмі далёка. Але ў такіх жыццёва небяспечных пытаннях нельга спадзявацца на «авось». Што, падаецца, якраз і робяць беларускія атамшчыкі.