Алена Анісім: Універсітэт павінен фармаваць эліту для краiны

Ці магчыма беларусізаваць вышэйшую школу? З чаго пачынаць гэты шлях? Якія перспектывы і выклікі ў Нацыянальнага ўніверсітэта? Пра гэта гутарым з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў, старшынёй Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Аленай Анісім.

istock_000082221757_large_2.jpg

— Спадарыня Алена, як цяпер выглядае моўная сітуацыя ў сістэме адукацыі Беларусі?

— Самае праблемнае пытанне ў тым, што ў нас, фактычна, няма неперарыўнай адукацыі на беларускай мове. Усяго толькі крыху больш за 10% дзяцей у сярэдняй школе займаюцца па-беларуску. І гэтыя звесткі турбуюць ужо не толькі беларускую грамадскасць, але і міжнародную. Праз гэтыя факты ЮНЕСКА адносіць беларускую мову да ліку тых, якім пагражае знікненне.

Праблема, перадусім, палягае ў тым, што ў свой час не была запачаткаваная беларускамоўная адукацыя ў вышэйшых навучальных установах. Гэта не пакідае перспектыў навучанню па-беларуску ў сярэдніх школах. Таму сённяшняя наша задача — стварыць Нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання.

У 2014 годзе Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны правяло маніторынг па ўсіх ВНУ краіны — і атрымаліся даволі цікавыя вынікі. У некаторых установах адукацыі, як, напрыклад, Інстытут журналістыкі БДУ, да 60% дысцыплін выкладаецца на беларускай мове. У іншых — нічога не выкладаецца па-беларуску, акрамя як прадметы «беларуская мова і прафесійная лексіка», а гэта ўсяго толькі 34 гадзіны. З іншага боку, падчас нарады ў Інстытуце мовазнаўства з вуснаў прадстаўніка Міністэрства адукацыі прагучала інфармацыя, што 23 ВНУ Беларусі могуць перайсці на беларускую мову адукацыі.

Але адна справа — дэклараваць, іншая — рабіць. Вельмі паказальна тое, што некаторыя выкладчыкі ў розных ВНУ выкладаюць свае дысцыпліны па-беларуску. Сярод іх можна знайсці фізікаў, інфарматыкаў, медыкаў. Некалькі гадоў таму ў медуніверсітэце навучаліся дзяўчаты, якія запачаткавалі беларускую плынь. Калі яны скончылі навучанне, беларуская мова вельмі дапамагала ім у працы з людзьмі, і камунікацыя складвалася лепшая, чым па-руску. 

Кепска тое, што, напрыклад, у педуніверсітэце дысцыпліны не выкладаюцца па-беларуску. Няма беларускамоўных лагапедаў (гэта пасля ўжо асобныя спецыялісты пераходзяць на беларускую мову). Гэта важна, бо руская і беларуская мова розныя па артыкуляцыі. На жаль, гэтаму не надаецца вялікага значэння. З гэтай нагоды Таварыства беларускай мовы шмат ліставалася з Міністэрствам адукацыі, але пакуль нічога не мяняецца. Будзем спадзявацца, што ў звязку з падрыхтоўкай новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ўдасца нешта зрабіць у гэтым плане. Я, як сябар кансультатыўна-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі, буду ўвесь час уздымаць гэта пытанне. Бо ёсць, па-першае, дзяржаўная задача: нельга будаваць незалежную краіну, калі не клапаціцца пра сваю культуру і найперш — мову, не развіваць яе, не апекавацца яе прысутнасцю ў штодзённай прасторы. Мы ўжо бачым, да чаго гэта можа прывесці: размытая нацыянальная ідэнтычнасць, нізкая адказнасць грамадзян за лёс сваёй краіны, жаданне жыць інфантыльна.

Таму вельмі важна, каб кожны грамадзянін мог рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права карыстацца беларускай мовай, навучаць на ёй сваіх дзяцей, даць ім годную адукацыю, і каб з беларускай мовай чалавек мог сябе рэалізаваць.

pa315221.jpg

— Вы ўзгадалі новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі. Ці ўносіліся ў яе прапановы па пашырэнні беларускай мовы ў ВНУ?

— На жаль, не. Пакуль што праца над Кодэксам прыпынілася, тым не менш, ідуць абмеркаванні, рыхтуюцца парламенцкія слуханні па канцэптуальных падыходах да сістэмы адукацыі, і я спадзяюся, што цягам гэтых працэсаў нам удасца нешта зрабіць.

Калі мы ўвесь час апелюем да сістэмы адукацыі Савецкага Саюза, гэта не вельмі добра. Да таго ж мы забываемся, што ў тыя часы ўсё ж былі настаўнікі-наватары, якія эксперыментавалі, працавалі па сваіх аўтарскіх праграмах. На жаль, у сённяшняй нашай сістэме адукацыі гэтыя магчымасці вельмі звужаны. Але беларускую мову я бачу адным з крокаў для эксперыментаў. Па-першае, павінен з’явіцца Нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання. Гэта павінна быць установа новага тыпу, сучасная, дынамічная, нефармалізаваная, з апірышчам на крэатыў і аўтарскі падыход, якая будзе даваць штуршок да самаразвіцця.

— У Нацыянальнага ўніверсітэта ўжо ёсць зарэгістраваны юрыдычны адрас. Якія будуць наступныя крокі ў яго развіцці?

— Мы рыхтуем канферэнцыю ў межах стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта, падчас якой хочам абмеркаваць і тое, якім бачыцца сучасны ўніверсітэт, якія для яго існуюць выклікі, а таксама хто гатовы выкладаць і навучацца па-беларуску.

— Працэсы глабалізацыі ахопліваюць у тым ліку і адукацыйную сферу. Ці не спазніліся мы з Нацыянальным універсітэтам?

— Гэта залежыць ад таго, як яго рэалізоўваць. Калі зацыклівацца толькі на выкладанні па-беларуску, — спазніліся і сёння, і ўчора. Сутнасць любой справы ў тым, каб яна была адэкватнай сучаснасці. Таму мы ні ў якім разе не спазніліся з Нацыянальным універсітэтам, калі будзем рабіць яго як сучасную ўстанову, прывабную па ўзроўні адукацыі і перспектыўнасці. Наша задача — каб універсітэт фармаваў інтэлектуальную і кіроўную эліту для будучыні Беларусі.

— Як можна комплексна вырашыць пытанне прысутнасці беларускай мовы ў вышэйшай адукацыі ў сённяшняй сітуацыі яе, мякка кажучы, не вялікай папулярнасці, не ўжываючы гвалтоўных метадаў?

— Па-першае, неабходна прыняць рашэнне аб тым, што ў нас павінна быць неперарыўная адукацыя на беларускай мове. І пачаць ствараць гэтую сістэму пакрокава. Адразу адкрыць беларускамоўную гімназію складана, таму можна пачынаць з класаў. Зрабіць беларускамоўны клас самым прывабным з пункту гледжання якасці і чагосьці новага і незвычайнага. Напрыклад, у ім можна развіваць дзяцей на падставе ўзаемадзеяння некалькіх культур. Умоўна кажучы, адкрываем клас, дзе дзеткі вывучаюць беларускую культуру і італьянскую. Працуючы на беларускім грунце, вывучаючы беларускую культуру, дзеці паралельна параўноўваюць яе з іншай. Такім чынам, вучні будуць расці як грамадзяне, што вельмі важна, і яны будуць падрыхтаваныя да таго, што свет — шматаблічны і разнастайны.

— Ці не ўзнікне праблем з пошукам спецыялістаў, якія змогуць даваць такую адукацыю?

— Я думаю, не ўзнікне. Сёння маладыя людзі — дынамічныя, крэатыўныя і працаздольныя. Таму казаць, нібыта кітайскую мову можна вывучыць, а беларускую складана — лухта.

— Як быць з выказваннямі міністра Карпенкі, які імкнецца нівеляваць любыя «няроўнасці» ў сферы адукацыі і заяўляе пра неабходнасць закрыцця гімназій?

— Гімназіі як установы адукацыі ўжо набылі сваю адметнасць, маюць прыцягальнасць, у іх сфармаваўся дух здаровай канкурэнцыі і культуры ўзаемаадносін. Таму я выступаю за тое, каб не руйнаваць тое добрае, што мае права на жыццё. Калі ж у некаторых гімназіях ёсць недахопы, то трэба канкрэтна з гэтым і разбірацца, па фактах: мае месца хабар — значыць, трэба ліквідаваць гэту практыку. Ёсць іншыя пытанні — абазначыць іх. Але саму сістэму гімназічнай адукацыі я б пакінула. Не трэба ўсіх падганяць пад адзін узор. Людзі ўсе розныя ад прыроды, трэба даваць дзецям шанец рэалізаваць свае магчымасці максімальна.

— Ужо не адзін дзясятак гадоў ідуць размовы пра неабходнасць выкладання ў ВНУ па-беларуску, чаму ўвесь час знаходзяцца нейкія перашкоды?

— Перш за ўсё яны — у чалавечым фактары. Людзі не хочуць штосьці мяняць у сваім жыцці. Па-другое, вельмі шмат у сістэме адукацыі фармальнага, бюракратычнага. Бясконцыя справаздачы і паказчыкі выхалошчваюць сам сэнс адукацыі — каб дзеці выходзілі пасля вучобы падрыхтаванымі да жыцця, не баяліся працы, камунікацыі, умелі знайсці і зразумець самі сябе.

 

conseguir_mas_clientes_logo_1.jpg

Балонскі працэс ужо «загаварыў» па-беларуску

Пакуль чыноўнікі шукаюць прычыны, каб адсоўваць беларусізацыю вышэйшай адукацыі на задні план, грамадскія ініцыятывы плённа працуюць над тым, каб сучасныя адукацыйныя стандарты былі даступныя выкладчыкам і студэнтам па-беларуску. Выкладчыца беларускай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту Аксана Семянькевіч пераклала некаторыя асноўныя праграмныя дакументы Балонскага працэсу з рускай мовы на беларускую. Аксана не толькі выкладае беларускую мову, але і сама працягвае ўдасканальваць свае веды на курсах «Мова Нанова». Менавіта ў супрацоўніцтве з «Мова Нанова» Грамадскі Балонскі камітэт ініцыяваў пераклад дакументаў на беларускую.

— Мне гэты праект быў цікавы з пункту гледжання знаёмства з праграмнымі дакументамі, бо я выкладчык вышэйшай навучальнай установы. Усе ведаюць пра Балонскі працэс, але хіба што адзінкі валодаюць першаснай інфармацыяй — я маю на ўвазе праграмныя дакументы, — распавядае Аксана Семянькевіч.

Цяпер перакладзеныя дакументы можна знайсці ў адкрытым доступе на сайце Грамадскага Балонскага камітэта bolognaby.org. Яны раскрываюць сутнасць сістэмы рэфармавання вышэйшай адукацыі, і, на думку Аксаны, вельмі важна, што гэтая інфармацыя загучала па-беларуску. 

— Балонскія дакументы ёсць, фактычна, на ўсіх мовах — хаця б сыходзячы з гэтага важна, каб яны былі і па-беларуску. Па-другое, існуюць рэальны і ідэальны бакі гэтага пытання. Рэальны заключаецца ў тым, што ёсць людзі, якія чытаюць па-беларуску, і пераклад арыентаваны на такіх спажыўцоў. Ідэальны бок — гэта наяўнасць нацыянальнай праграмы ўваходжання ў Балонскі працэс, дык чаму яна не павінна гучаць па-беларуску? Таму, на мой погляд, дакументы на беларускай мове — гэта абавязковы элемент інфармацыі. 

Аксана прызнаецца, што праца над перакладам дакументаў стала карыснай і для яе асабіста.

— Я шмат у чым па-новаму стала глядзець на Балонскі працэс. У нас яго інтэрпрэтуюць кардынальна па-іншаму. Як любая рэформа, ён балюча адбіваецца на выкладчыцкім складзе, на праграмах. Але ж самае галоўнае, сутнасць Балонскага працэсу не ў гэтым, а ў каштоўнасцях, закладзеных у яго, пра якія, фактычна, ніхто не гаворыць.